Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі будуць плястыкавыя сацыяльныя карты на ўзор маскоўскіх


Юлія Шарова, Менск У Беларусі хутка зьявяцца новыя сацыяльныя плястыкавыя карткі, кшталту тых, што выпускаюць у Расеі. Пра гэта паведаміў намесьнік старшыні Нацбанку Ўладзімер Сянько ў часе міжнароднай нумізматычнай канфэрэнцыі, якая распачалася сёньня ў Менску.

Сацыяльную картку мяркуюць зрабіць плацёжным сродкам у межах Беларусі, выкарыстоўваючы расейскі досьвед. Там, напрыклад, па такой картцы можна разьлічвацца ня толькі за тавары ў краме, але й аплачваць камунальныя паслугі, езьдзіць па ёй у мэтро ды ў прыгарадным транспарце. У “Сацыяльную картку масквіча” зашытая ўся інфармацыя пра ўладальніка – хто ён, на якія сацыяльныя льготы мае права. Нешта такога ж кшталту хочуць зрабіць і ў Беларусі.

Выпуск картак будуць ажыцьцяўляць на базе сыстэмы “БелКарт”, а эмітэнтамі стануць мясцовыя органы ўлады, якія будуць дзейнічаць празь беларускія банкі. Увогуле, гэта сумесны праект Нацбанку і ўраду краіны, заявіў намесьнік старшыні Нацбанку Ўладзімер Сянько. Бясплатнай сацыяльная картка ня будзе, але ейны ўладальнік мусіць заплаціць вельмі нязначную суму за яе выраб. Цяпер іншыя плястыкавыя карткі каштуюць ад 2 да 5 даляраў.

Спадар Сянько пры гэтым заўважае, што ў Беларусі пакуль няма дастатковай інфраструктуры для таго, каб па сацыяльнай картцы можна было разьлічвацца паўсюль, нават у студэнцкай сталоўцы. Аднак прадстаўнік Нацбанку ўскладае надзеі на прадпрыемствы гандлю, а таксама на ініцыятыву прыватнага бізнэсу.

(Сянько: ) "У Мазыры, напрыклад, ёсьць прадпрымальнік, ён мае сетку з 11 крамаў – ён і бонусы ўсталяваў, і сам тэрміналы ўсталяваў, і ўсемагчымыя прызы за пакупкі зацьвердзіў. То бок, гэта сапраўды спрацоўвае. Вось вазьміце, мы ўвялі гіпэрмаркет “Гіпо” – там адразу ўсталявана 32 тэрміналы. Іх сёньня ўжо недастаткова. Але “Прыёрбанк” пайшоў на гэта й сёньня ўжо ёсьць аддача".

Зь ягоных словаў, на сёньня ў Беларусі толькі каля 1.800 банкаматаў і больш за 4.000 тэрміналаў на прадпрыемствах гандлю й сэрвісу. Гэтага мала, кажа Ўладзімер Сянько.

Эканаміст Валеры Дашкевіч лічыць сацыяльныя карткі патрэбнай для краіны справай. Але ўкараняць іх будзе гэтак жа цяжка, як і карткі ўсіх іншых тыпаў. Сёньня насельніцтва атрымлівае заробак і здымае гатоўку з банкаматаў, а не разьлічваецца карткай у краме. А прадпрыемствы гандлю не асабліва зацікаўленыя ў тым, каб ставіць болей тэрміналаў, разважае эканаміст:

(Дашкевіч: ) "У тых жа разьвітых краінах за інкасацыю наяўных грошай бяруць 5-7, а можа нават 10 адсоткаў ад сумы наяўных грошай. У нас гэта цяпер 1-2 адсоткі й гандлю таньней здаваць гатоўку інкасатарам, каб яны залічвалі потым на бягучы рахунак прадпрыемства гандлю, чым набываць гэтае дарагое абсталяваньне для картак. Вось як у нас уздымуць інкасацыю, скажам, адсоткаў да 3-5 ад сумы наяўных грошай, гандаль заварушыцца".
XS
SM
MD
LG