Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дапаўненьні і зьмены да дзейнага ў Беларусі выбарчага заканадаўства пачала рыхтаваць працоўная група ў складзе Кансультатыўнай грамадзкай рады пры адміністрацыі прэзыдэнта. Прапановы будуць вынесеныя на верасьнёвае паседжаньне гэтай рады.


Ачоліў ініцыятыўную групу Станіслаў Багданкевіч. Чаму менавіта ён, вядомы найперш як фінансіст, заняўся выбарчым заканадаўствам? На гэтае пытаньне “Свабоды” спадар Багданкевіч — ганаровы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі — адказаў так:

“Згодна з палажэньнем, парадак дня верасьнёўскага паседжаньня рады зацьвердзілі, а працоўную групу, якая рыхтавала б гэтае пытаньне, — не. Я чакаў-чакаў, ніхто не аб’яўляецца. У складзе рады я адзіны прадстаўнік палітычнай партыі. А партыі найперш і ствараюцца для ўдзелу ў выбарах. Таму і вырашыў праявіць ініцыятыву, сабраў людзей. У гэты момант якраз сяджу над прапановамі”.

Станіслаў Багданкевіч кажа, што ўжо падрыхтаваныя восем прапаноў. Самая галоўная зь іх такая:

“Мажарытарная выбарчая сыстэма, якая дзейнічае ў Беларусі, ня ўлічвае палажэньня Канстытуцыі пра тое, што палітычныя партыі ствараюцца для выяўленьня палітычнай волі грамадзян. У гэтым і ва ўдзеле ў выбарах — выключныя мэты іх стварэньня. Грамадзяне, якія апынуліся ў меншасьці ў кожнай з аднамандатных акруг, ня маюць сваіх прадстаўнікоў у заканадаўчым органе. Хаця іх агульная колькасьць у краіне можа дасягаць 40 і нават болей працэнтаў. І гэта несправядліва. Усе постсацыялістычныя краіны Эўропы ўвялі ў сябе сыстэму прапарцыйных выбараў. Таму прапануецца выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў праводзіць па зьмяшанай сыстэме”.

Ініцыятыўная група будзе прапаноўваць кіраўніку грамадзкай кансультатыўнай рады Ўладзімеру Макею зацьвердзіць дакладчыкам Станіслава Багданкевіча, а судакладчыкам — старшыню Беларускага Хэльсынскага камітэту Алега Гулака.

Спадар Гулак кажа: праблемы беларускага выбарчага заканадаўства добра вядомыя.

“Падлік галасоў, правы назіральнікаў, склад камісіяў, датэрміновае галасаваньне, сьпісы выбарцаў... Тут нічога новага ня трэба выдумляць. Пазыцыі дастаткова выпрацаваныя. Пра гэта гаворыцца і ў дакумэнтах структураў АБСЭ, і Вэнэцыянскай камісіі, і ў рэкамэндацыях з апошніх выбараў, якія зрабіла БДІПЧ АБСЭ. Таму на гэтыя матэрыялы мы і будзем арыентавацца”.

Мікалай Чаргінец таксама ўваходзіць у кансультатыўную грамадзкую раду. Ён згадвае, што пытаньне пра ўдасканаленьне выбарчага заканадаўства будзе ўжо трэцім для рады. Яму падабаецца, як праходзілі папярэднія дыскусіі:

“Мы разгледзелі, напрыклад, такое найважнейшае пытаньне, як эканоміка і крызіс. Шкада, што сышоў з жыцьця Аляксандар Патупа, які быў актыўным удзельнікам дыялёгу. Там былы старшыня Нацбанку Багданкевіч выступіў з дакладам. Яны належалі да апазыцыі. Але мы з павагай паставіліся да іхных думак, падзякавалі за матэрыялы. З чымсьці яны пагадзіліся — напрыклад, што сёе-тое ўжо неактуальна, сёе-тое ўжо вырашана, а сёе-тое і нам падабаецца. У гэтым мне і бачыцца задача рады — разглядаць тыя напрамкі, які служаць інтарэсам грамадзтва”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG