Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 гадоў таму, празь некалькі дзён пасьля паразы ГКЧП, Вярхоўны Савет Беларусі прагаласаваў за наданьне Дэклярацыі аб незалежнасьці статусу канстытуцыйнага закону. Гэта стала адным з вырашальных крокаў на шляху да незалежнай Беларусі.


Хто тады, ў жніўні 1991 году, быў за незалежнасьць? Ці маглі падзеі пасьля паразы жнівеньскага путчу разьвівацца інакш? Чаму ня быў праведзены рэфэрэндум аб незалежнасьці? Наколькі трывалай выглядае незалежнасьць Беларусі зараз, праз 18 гадоў?

Над гэтымі тэмамі разважаюць тагачасны сябра фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Лявон Баршчэўскі і тагачасны старшыня парлямэнту Станіслаў Шушкевіч.


Дракахруст: Хто тады быў за незалежнасьць? Рашэньне ж было прынятае пераважнай большасьцю галасоў. І куды ж падзеліся змагары за Саюз, куды падзеліся прадстаўнікі той пераважнай большасьці беларусаў, якія ў сакавіку 1991 году галасавалі за захаваньне СССР?

Лявон Баршчэўскі
Баршчэўскі
: Сытуацыя складалася вельмі напружана. Адыгрываў ролю інстынкт самазахаваньня ў вялікай часткі тых самых, хто змагаўся за захаваньне Саюзу. Яны дачуліся, што ў Маскве прыпыняецца дзейнасьць камуністычнай партыі, і фізычна адчулі для сябе пагрозу свайму жыцьцю. Чалавеку ўласьцівае пачуцьцё страху. І адчуваньне, што сябе неяк трэба абараніць, было ў значнай часткі дэпутатаў. Маўляў, абвесьцім сваю незалежнасьць, і можа гэта нам дазволіць абараніцца асабіста. У чыста палітычных катэгорыях мысьліла меншасьць. І гэтай меншасьці б не хапіла, каб прагаласаваць за гэты дакумэнт.

Дракахруст: Станіслаў Шушкевіч, а на Ваш погляд, з чаго стварылася тагачасная пераважная большасьць? Ці тут справа толькі ў страху партыйнай намэнклятуры, што прыедуць маскоўскія пракуроры і ўсіх пасадзяць, ці ўсё ж людзі гаварылі адно – што яны за Саюз. а на самой справе былі ня супраць таго, каб Беларусь стала незалежнай, а яны – яе гаспадарамі?

Шушкевіч: Я думаю, што страх адыграў галоўную ролю. У сакавіку быў рэфэрэндум аб захаваньні Саюзу, але там было такое мудрагелістае пытаньне, што як ні адкажаш – усё будзеш за захаваньне Саюзу. Гэта былі падступныя лук'янаўскія прыдумкі. Яны хацелі любым чынам захаваць Саюз.
Я не спадзяваўся, што яны прагаласуюць за наданьне Дэклярацыі статусу канстытуцыйнага закону
Было шмат людзей, якія былі за незалежнасьць. Але намэнклятура, якая была ў Вярхоўным Савеце ў большасьці, была за захаваньне Саюзу. Але што адбылося? Высьветлілася якасьць гэтай намэнклятуры. Яна заўсёды адаптавалася да ўлады, да таго, хто на гары. І тут яны зразумелі – путч праваліўся, да ўлады ў Маскве прыходзяць іншыя людзі, і таму трэба адаптавацца да тых падыходаў, якія разьвіваюцца ў цэнтры. Гэта было галоўным матывам.

Я асабіста не спадзяваўся, што яны прагаласуюць за наданьне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закону. Гэта была мая памылка, я баяўся гэтага пытаньня. Тут Беларускі Народны Фронт настаяў на гэтым, і я быў зьдзіўлены вынікам галасаваньня, калі Вярхоўны Савет прыняў рашэньне фактычна аднадушна.

Дракахруст: Як казаў Маркс, неабходнасьць прабівае сабе шлях праз натоўп выпадковасьцяў. Наданьне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закону – наколькі тады, у жніўні 1991 году, пасьля паразы путчу, гэта было непазьбежным працэсам? Гэта ж адбывалася ня толькі ў Беларусі, гэта адбывалася і ва Ўкраіне, дзе быў Рух, нашмат больш моцны за БНФ, гэта адбывалася і ў Туркмэністане, дзе апазыцыі не было як такой, гэта нарэшце адбылося і ў Казахстане, дзе падобны акт быў прыняты ў сьнежні 1991 году – пасьля заключэньня Белавескіх пагадненьняў і пасьля таго, як адпаведны акт прыняла Расея. Казахстан апошнім выйшаў з СССР. Аднак выйшлі ўсе. І можа гэта быў агульны працэс, дзе наяўнасьць ці адсутнасьць у Беларусі БНФ па сутнасьці нічога не мяняла?

Станіслаў Шушкевіч
Шушкевіч
: Я ведаю моманты, дзе БНФ лічыў сябе вельмі важкім, але ён такім ня быў. Але тут – тут быў такі энтузіязм. Памятаючы, як туга праходзіла Дэклярацыя аб сувэрэнітэце ў 1990 годзе, не дапускаў думкі, што Вярхоўны Савет прагаласуе за наданьне ёй сілы канстытуцыйнага закону. Тады ж і забаранялася камуністычная партыя, праводзілася дэпартызацыя. А пераважная большасьць тых, хто сядзеў у Вярхоўным Савеце, былі выкармышамі альбо партыі альбо камсамолу. І яны зразумелі, што гэтага трэба цурацца, бо інакш будзе кепска. І яны спалохаліся. Гэта паказала, што фальшу было вельмі шмат у гэтай намэнклятуры, і тут самымі прыстойнымі паводзінамі было адрачыся ад гэтага, нібыта гэта і ім было навязана. Мне здаецца, што так і адбылося.

Дракахруст: Лявон, спадар Шушкевіч казаў пра страх. Але калі Лукашэнка і Кавалёнак уносілі бел-чырвона-белы сьцяг у залю пасяджэньняў Вярхоўнага Савету – ім ужо чаго было баяцца?
Я памятаю выступ на той сэсіі Кебіча, які сказаў: "Мы ўжо фактычна год жывем бяз гэтага Саюзу, бо ад яго толку ніякага няма"
Лукашэнка ня быў тады ні сакратаром ЦК, ні вялікім начальнікам. Дый Кавалёнак таксама. Можа, справа была ў тым, што як бы разьліта ў паветры? І вось спадар Шушкевіч тлумачыў, што такім чынам намэнклятура прыстасоўвалася да новага маскоўскага начальства. Але гэта дзіўны спосаб прыстасаваньня – абвяшчаць сябе ад гэтага начальства незалежнымі.

Баршчэўскі: Працэс сапраўды лунаў у паветры. Вы, Юры, правільна прыгадалі, што апошнім з СССР выйшаў Казахстан. Усе нам казалі ў 1990 годзе, што апошняй выйдзе Беларусь, калі такое здарыцца. А мы аказаліся шостымі з 15-ці. І тут як раз адыграла ролю воля, воля Зянона Пазьняка, які штурхаў, які не баяўся ставіць гэтыя мэты. Ну і мы ў сілу сваіх магчымасьцяў яму дапамагалі, вялі кулюарную і іншую працу.

Ідэя незалежніцтва не была шырока ўспрынятая ў масах людзей, але бачаньне слабасьці цэнтру ўплывала на многіх. Я памятаю выступ на той сэсіі прэм'ера Кебіча, які тады сказаў: "Мы ўжо фактычна год жывем без гэтага Саюзу, бо ад яго толку ніякага няма. Пражывем і далей без яго". Вось гэтая ідэя сярод намэнклятуры лунала ў паветры.

Сярод простых людзей больш складана: большасьць не дасьпела да думкі, што Савецкі Саюз – імпэрыя, і яна павінна распасьціся, бо яна нясе пагрозу іншым народам. Да гэтага большасьць нашых суграмадзянаў не дасьпела, але прыняла як патрэбная. Памятаю. што першыя сацыялягічныя апытаньні пасьля той сэсіі і тых рашэньняў давалі 69% станоўчых ацэнак.

Дракахруст: Лявон, Вы ўжо пачалі размову пра народ. А ці не было тады ідэі правесьці рэфэрэндум пра незалежнасьць? Рэфэрэндум з правільным пытаньнем у адрозьненьні ад сакавіцкага саюзнага рэфэрэндуму 1991 году. Ці вы проста баяліся, што народ скажа "не"?

Баршчэўскі: У БНФ існавала меркаваньне, што рэфэрэндум мы можам правесьці, толькі зьмяніўшы выканаўчую ўладу. Бо яна арганізуе рэфэрэндумы, і не сакрэт, як яна іх праводзіць, асабліва ў грамадзтвах, ня звыклых да дэмакратычных мэханізмаў. І калі б адбыліся новыя выбары і атрымалася сфармаваць дэмакратычны ўрад, то можна было б паставіць пытаньне аб рэфэрэндуме.

А існая на той момант улада, ачомаўшыся ад страху, магла бы ізноў пачаць агітаваць за новы Саюз. Таму ў тых умовах і з той выканаўчай уладай праводзіць рэфэрэндум было немагчыма. Я сам быў за гэтую ідэю, я быў адным з распрацоўшчыкаў закону аб рэфэрэндуме і лічыў, што рэфэрэндум аб незалежнасьці варта праводзіць.

Дракахруст: Спадар Шушкевіч, а як Вы ставіліся да ідэі рэфэрэндуму? І як Вы для сябе прагназавалі яго вынік? Зараз Лявон прывёў юрыдычныя і і палітычныя аргумэнты, але перад гэтым сказаў, што народ быў не гатовы да незалежнасьці. Вы так таксама лічылі?

Шушкевіч: Я напачатку хачу ўдакладніць наконт Казахстану. У Казахстане на сакавіцкім саюзным рэфэрэндуме было ўдакладненае пытаньне. Параўноўваць Беларусі і Казахстан наконт рэфэрэндуму не зусім правільна. Казахстан ужо крышку быў не ў такім саюзе, як стары саюз.

Што да майго стаўленьня да рэфэрэндуму, то я заўсёды памятаў пра гітлераўскі рэфэрэндум у
Ня толькі ўлада, але і грамадзтва павіннае пабыць вольным, каб яго можна было весьці на рэфэрэндум
Аўстрыі – яны там галасавалі за тое, каб быць часткай Нямеччыны. І гэта мяне прымушала баяцца рэфэрэндуму. Хаця ўнутрана мне хацелася рэфэрэндуму. Я быў стрыманы ў сваіх выказваньнях і больш слухаў іншых. І я згодны тут з думкай спадара Баршчэўскага: ня толькі ўлада, але і грамадзтва павіннае пабыць крышку вольным, каб яго можна было весьці на рэфэрэндум.

Дракахруст: З дня падзеі, якую мы абмяркоўваем, прайшло 18 гадоў. Гэта час, сувымерны з часам існаваньня незалежных балтыйскіх дзяржаваў у міжваенны пэрыяд. Гледзячы праз гэтыя 18 гадоў – ці адбылася беларуская незалежнасьць, ці стала яна больш-менш трывалай?

Шушкевіч: Параўноўваць з балтыйскімі рэспублікамі не зусім лягічна. Хаця там была і дыктатура, і далёка ня ўсе было ў парадку, але там была дзяржаўная незалежнасьць у палітычным сэнсе. Ніхто там не хацеў далучыцца на СССР, і таму там краіны разьвіваліся, як самастойныя, пад вялікім уплывам Эўропы. У нас 18 гадоў грамадзтва хварэе ад таго, што яго пічкаюць прымітыўнай , але мэтанакіраванай "інфармацыяй". Грамадзтва зьнявечваецца тым, што ў нас ёсьць адзін разумны чалавек, ад яго ўсё шчасьце, а ён фактычна невук. Мы выхавалі хворае грамадзтва.

Баршчэўскі: Беларуская незалежнасьць адбылася хаця б таму, што мы гаворым пра гэтыя 18 гадоў.
Самае небясьпечнае, што нашу незалежнасьць хочуць паставіць у залежнасьць ад волі аднаго чалавека
Адбылася, праўда, ня ў той форме, у якой бы яна мела незваротны характар. Незалежнасьць грунтуецца на пэўных рэчах, на нацыянальных інтарэсах, а у іх уваходзяць і геапалітычныя расклады, і эканамічныя рэформы, якія даюць эканамічную бясьпеку, і ў рэшце рэшт такія важныя рэчы, як сымбалі, мова, культура. Вось з гэтым улада зацята змагалася і падрывала гэтыя асновы. У новых падручніках гісторыі ўжо крытычнае стаўленьне да савецкага часу праяўляецца, але разам з гэтым па-ранейшаму ідзе змаганьне зь відавочнымі рэчамі, з тым, што мацавала незалежнасьць.
Самае небясьпечнае, што нашу незалежнасьць увесь час хочуць паставіць у залежнасьць ад волі аднаго чалавека. Ён захацеў незалежнасьці – значыць, будзем незалежнымі, не захацеў незалежнасьці – значыць, мы яе страцім.

Шушкевіч: У нас выхоўваецца давер да асобаў і вельмі слаба выхоўваецца давер да прынцыпаў. Людзі павінны абапірацца не на асобаў, а на прынцыпы. Незалежнасьць у тлумачэньні нашага сёньняшняга нелегітымнага прэзыдэнта і ў тлумачэньні нармальных людзей – розная. У першага можна хістацца куды хочаш, а другія разумеюць так, што незалежнасьць – гэта сапраўды дзяржаўная незалежнасьць, і вырашае гэта народ і парлямэнт. А парлямэнту ў нас няма.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG