Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзевая творчая ініцыятыва “МАРАфон” распачала кампанію “Наш FарМат”. Арганізатары акцыі будуць дабівацца, каб на беларускіх FM-станцыях гучала болей сучаснай беларускай музыкі.

Дзеля гэтага яны наладзяць штомесячны адбор беларускамоўных песень для радыёстанцыяў.

Арганізатары кампаніі “Наш FарМат” возьмуць на сябе функцыі грамадзкага прадусарскага цэнтру. Адзін з каардынатараў кампаніі Адам Птушка паведаміў “Свабодзе”, што паводле рэйтынгу радыёстанцыі “Аўтарадыё”, якая мае ў сваім эфіры блёкі беларускамоўнай музыкі, беларускія гурты ў эфіры занялі трэцяе месца. Гэта пры тым, што слухачоў яшчэ не пазнаёмілі са шмат якімі “нераскручанымі” гуртамі.

“Мы глядзім аб’ектыўна, ведаем, што на FM-радыё ня могуць паставіць рок-музыку. Хаця ў пэрспэктыве можа быць адмысловая радыёстанцыя. Мы будзем падбіраць больш фарматныя гурты, такія, як, напрыклад, “Крамбамбуля” ды іншыя.

Даволі папулярная беларускамоўная музыка на “Аўтарадыё”, напрыклад. Звычайныя людзі, думаю , ня будуць супраць, калі пачуюць песьню на роднай мове. Фармат нашых станцый — гэта так званая расейская папса. Але мы імкнемся давесьці музычным рэдактарам, што слухачы вартыя лепшай музыкі”.

Каардынатары акцыі “Наш FарМат” паведамілі “Свабодзе”, што будуць улічваць забаўляльны фармат FM- радыё і будуць прапаноўваць якасную беларускамоўную поп-музыку, танцавальныя вэрсіі не зусім фарматных трэкаў, поп-рок, фолк-рок ды іншыя.

Пасьля перамоваў і ўзгадненьняў з праваўладальнікамі і музыкамі, песьні будуць перадаваць у ратацыю на FM-радыёстанцыі. Слухачы змогуць замаўляць беларускамоўныя песьні, каб павіншаваць сваіх сяброў у эфіры.

У Жывым Журнале, а таксама ў сацыяльных сетках будзе рэгулярна выкладацца сьпіс трэкаў у фармаце mp3.

Гэта ня першая акцыя такога кшталту, якую ладзяць студэнты. Летась яны арганізавалі сэрыю так званых “Штурмаў FM”. Але тыя акцыі не дасягнулі пастаўленых мэтаў. Адзін з арганізатара ў ацыі Міхась Нядзьвецкі лічыць: галоўным вынікам акцый стала тое, што вядучыя цяпер ня змогуць адмаўляць слухачам паставіць беларускамоўную песьню, спаслаўшыся на тое, што яе няма ў плэй-лісьце.

Летась маладыя людзі, якія ўваходзяць у творчую ініцыятыву “МАРАфон”, арганізавалі таксама дзьве імпрэзы “Кліп-марафон”, каб узнагародзіць найлепшых у беларускім кліпмэйкінгу. Пры дапамозе БМАgroup і парталу Lacinka.org была выдадзена DVD-кампіляцыя з 42 лепшых беларускамоўных кліпаў за апошнія 20 гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG