Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Амкадор”: у цэху працавалі 88 чалавек, засталося — 14


Завод МАЗ

Завод МАЗ

Найбуйнейшыя заводы Менску па-ранейшаму працуюць пераважна на склад. Колішні асноўны гандлёвы партнэр — Расея — робіць стаўку на ўласных вытворцаў і ўсё больш адгароджваецца ад беларускіх тавараў. Пошук новых рынкаў збыту, альтэрнатыўных расейскаму, вялікага плёну не дае.

У экспартных пастаўках завод спэцыяльнай дарожнай тэхнікі “Амкадор” амаль 100-працэнтна залежыць ад Расеі. Аднак на рашэньне Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі яго прадукцыя выведзена па-за пералік тэхнікі, закуп якой падпадае пад льготнае крэдытаваньне “Россельхозбанкам”. Нэўтралізацыя беларускага канкурэнта прывяла да таго, што праца менскага прадпрыемства практычна спаралізаваная. Майстар цэху спадар Іван вымушана сышоў з “Амкадору” — паводле ягоных словаў, спадзявацца на хуткае паляпшэньне сытуацыі няма ніякіх падставаў:
Становішча там зусім дрэннае. Сыходзяць усе ...

“Становішча там зусім дрэннае. Сыходзяць усе. Тры начальнікі цэхаў, зь якімі я працаваў, звольніліся; таксама сыходзяць майстры, шараговыя працаўнікі. У суседнім цэху з 88 чалавек засталіся толькі 14. Колісь працавалі ў тры зьмены. Засталася адна, і то вытворчасьці практычна ніякай. Апошнім часам працавалі толькі чатыры дні на тыдзень — ад панядзелка да чацьвярга, пры гэтым чацьвер быў скарочаны, а пятніца, адпаведна, выходны. Што, натуральна, наўпрост адбівалася на заробках”.

МАЗ


Паводле статыстыкі, найбольш затавараныя — пляцоўкі Менскага аўтазаводу. Летась МАЗ прадаў у Расею 12 тысяч грузавых аўтамабіляў, а ў першым паўгодзьдзі сёлета — толькі 800. Праўда, на МАЗе спадзяюцца, што да канца году лічба вырасьце да 3 тысяч адзінак. Пакуль жа дзяржаўныя ўкладаньні не апраўдваюцца. Для МАЗа была адкрытая крэдытная лінія на 370 мільярдаў рублёў. Апроч таго, коштам сродкаў інавацыйных фондаў аформлены дзяржзаказ на пастаўкі тэхнікі для гаспадарак Беларусі больш чым на 300 мільярдаў рублёў. Як кажуць у адміністрацыі прадпрыемства, з улікам неспрыяльнай каньюнктуры на пераходны пэрыяд было б разумна дазволіць прадаваць прадукцыю ніжэй за сабекошт, каб урэшце мець хоць нейкія абаротныя сродкі:

“Вызначаныя працэдуры разьвязалі б рукі дырэктарам, каб у выніку кіраўнікі ці адказныя за продаж на прадпрыемствах не падпадалі пад крымінальную адказнасьць за нібыта нанесеныя страты. І гэтую праблему трэба нейкім чынам тэрмінова вырашаць. А зьяўленьне дакладна акрэсьленай працэдуры павінна пазытыўна адбіцца на сытуацыі, каб дапамагчы ў працэсе разгрузкі запасаў. Канечне, тут трэба шмат аналізаваць і падлічваць, але такое рашэньне было б дарэчы”.

МТЗ

Днямі памочнік прэзыдэнта Сяргей Ткачоў зьвярнуў увагу на Менскі трактарны завод. За паўгодзьдзе продаж трактароў скараціўся амаль на 13 тысяч у параўнаньні з такім жа пэрыядам 2008-га. Пры адсутнасьці попыту МТЗ перайшоў на трохдзённы працоўны тыдзень, выпуск трактароў у чэрвені і ліпені не перавышаў 3 тысяч штук.

Агульныя запасы нерэалізаванай тэхнікі, паводле афіцыйных зьвестак, дасягнулі 5,3 тысяч адзінак, падвысіўшыся за год утрая. Цяпер спадзяваньні — на ўжо падпісаныя кантракты, перадусім на пастаўку 15 тысяч трактароў у Пакістан (меркаваны прыбытак — 130 мільёнаў даляраў).

Аднак экспэрт у галіне машынабудаваньня Аляксандар Бухвостаў прагназуе далейшыя праблемы з прасоўваньнем беларускай прадукцыі. І найбольш пытаньняў будзе ўзьнікаць якраз з боку расейскіх партнэраў, якія ўжо непрыкрыта абмяжоўваюць беларускі імпарт:

Аляксандар Бухвостаў
“На маё перакананьне, на расейскім рынку пакуль што можна ўжыцца ўсім. Але зусім іншая справа, што ўсё больш пераважваюць не эканамічныя, а палітычныя падставы, каб не пускаць беларускіх вытворцаў у Расею. Таму, канечне, жыцьцё нашых прадпрыемстваў будзе ўскладняцца. Да таго ж, як у выпадку з малочнай прадукцыяй, Расея ўводзіць усё новыя тэхнічныя рэглямэнты, падвышае патрабаваньні да якасьці тавару. Гама “неадпаведнай новым стандартам” беларускай прадукцыі пашыраецца. Цалкам натуральна, што яны маюць права ўводзіць свае стандарты, бо гэта арыентавана на карысьць спажыўца. Бо ў тым ліку і спажывец дыктуе свае ўмовы”.

АТЛАНТ

Адно з самых затавараных у Менску — вытворчае аб’яднаньне “Атлант”. Да пачатку эканамічнага крызісу прадпрыемства пасьпяхова асвоіла рынкі Расеі і Ўкраіны, аднак цяпер экспартныя пастаўкі ў бальшыні сваёй згорнутыя. Паводле дадзеных на 1 жніўня, колькасьць нерэалізаваных халадзільнікаў дасягнула 258 тысяч, пральных машынаў — амаль 40 тысяч. Агулам на складах — 243% вырабаў да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці. Праўда, нягледзячы на затаваранасьць, канвэер “Атланта” працуе ў ранейшым рэжыме.

А вось Менскі маторны завод летам пераведзены на трохдзёнку. За паўгода колькасьць рухавікоў, пастаўленых на беларускія прадпрыемствы, скарацілася на 35%, а для расейскай “Групы ГАЗ” увогуле на 80% — з 11 тысяч адзінак да 2 тысяч. Як кажуць на прадпрыемстве, Маторны завод “закальцаваўся” на праблемах іншых беларускіх прадпрыемстваў — большая палова рухавікоў пастаўлялася якраз на МАЗ, МТЗ і “Амкадор”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG