Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафсаюзы будуць разгружаць склады


Да верасьня Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі плянуе стварыць грамадзкі савет кіраўнікоў усіх прафсаюзаў краіны. Пра гэта паведаміў намесьнік старшыні ФПБ Аляксандар Мікша.

Паводле яго, мэта стварэньня грамадзкага савету — кансалідаваць прафсаюзны рух Беларусі, уключыць у актыўную працу ўсе прафцэнтры. Чакаецца, што ў гэты орган увойдуць кіраўнікі 28 галіновых прафсаюзаў ФПБ і пяці прафсаюзаў, якія не ўваходзяць у фэдэрацыю. Як заявіў Аляксандар Мікша, ФПБ выступае ініцыятарам стварэньня савету як найбольш масавая арганізацыя, у якой сёньня больш за 3 млн. чалавек. У найбліжэйшы час запрашэньні ўвайсьці ў грамадзкі савет будуць накіраваны кіраўнікам усіх прафсаюзаў рэспубліканскага ўзроўню.

Паводле намесьніка старшыні ФПБ, савет зоймецца абмеркаваньнем прафсаюзнай тэматыкі, а таксама актуальных эканамічных праблем. "Сёньня самае галоўнае — разгрузіць склады", — адзначыў ён. Таму савет кіраўнікоў прафсаюзаў можа займацца і продажам, выкарыстоўваючы для гэтага замежныя сувязі.

Як паведаміў БелаПАН намесьнік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Мікалай Канах, стварэньне грамадзкага савету кіраўнікоў усіх прафсаюзаў будзе "вельмі складанай" справай. "Я ня думаю, што з гэтага штосьці атрымаецца — у нас розныя плятформы па шэрагу пытаньняў", — адзначыў ён.

Намесьнік старшыні БКДП падкрэсьліў, што ФПБ фактычна ня лічыцца зь меркаваньнем іншых прафсаюзаў. Так, напрыклад, рэкамэндацыя фэдэрацыі ад 30 ліпеня заключаць на прадпрыемстве адзну калектыўную дамову незалежна ад колькасьці прафсаюзны' арганізацый уціскае правы незалежных прафсаюзаў і прынята з парушэньнем дзейнага ў Беларусі заканадаўства аб сацыяльным партнэрстве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG