Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мы будзем аднаўляць помнік Леніну, частка якога звалілася на мужчыну. Пытаньне пра тое, калі і якімі сіламі гэта будзе зроблена”, — заявіў старшыня Ўваравіцкага пасялковага савету Ігар Іванчыкаў.

Ён таксама паведаміў, што помнік быў усталяваны ў 60-я гады 20-га стагодзьдзя.

“Цяпер часткі помніка Леніну, якія адваліліся, ляжаць на месцы здарэньня”, — дадаў чыноўнік.

10 жніўня 21-гадовы жыхар мястэчка Ўваравічы (Гомельская вобласьць) загінуў пасьля таго, як на яго зваліўся помнік Уладзімеру Леніну.

У 4:40 раніцы хлопец залез на пастамэнт помніка вышынёй каля 7 м і паспрабаваў павіснуць на працягнутай наперад руцэ Леніна. У гэты момант канструкцыя абрынулася.

Па дарозе ў Гомельскую абласную клінічную лякарню малады чалавек сканаў, перадае БелТА.

Намесьнік начальніка РУЎС Буда- Кашалёўскага раёну (Гомельская вобласьць) Ігар Лебедзь паведаміў, што міліцыя праводзіць праверку акалічнасьцяў здарэньня.

“Мы апытваем сьведкаў трагедыі. У нас ёсьць дзесяць дзён, каб прыняць рашэньне, ці заводзіць крымінальную справу”, — кажа Лебедзь. — “Але, хутчэй за ўсё, нават калі высьветліцца, што загіблы залез на помнік з хуліганскіх памкненьняў, крымінальная справа заведзена ня будзе”.

Міліцыянт пераказвае словы сьведкаў здарэньня: нябожчык “жадаў пахваліцца, што ён дужы і можа залезьці на высокі помнік”.

Лебедзь таксама паведаміў, што нябожчык, імя якога не называецца, быў раней асуджаны за хуліганства і ў Буда-Кашалёўскім раёне знаходзіўся на папраўчых працах.

Экспэрты Міністэрства культуры зазначаюць, што ў Беларусі болей за 10 помнікаў Леніну прызнаныя аб'ектамі гісторыка-культурнай спадчыны.

У Манумэнтальна-экспэртнай мастацкай радзе Інтэрфаксу паведамілі, што ўлік таго, колькі ўсталявана помнікаў Леніну, Сталіну, Марксу і Энгельсу на тэрыторыі Беларусі, ніколі не праводзіўся.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG