Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх турыстаў выбухі на Маёрцы не палохаюць


У нядзелю ў людных месцах папулярнага курорту Пальма дэ Маёрка выбухнулі тры невялікія бомбы. Адказнасьць за выбухі ўзяла на сябе баскская сэпаратысцкая арганізацыя ЭТА. Ці езьдзяць беларусы адпачываць на Маёрку? Наагул, ці адмаўляюцца беларусы ад тураў у небясьпечныя рэгіёны?

Арганізацыяй тураў у Гішпанію займаюцца некалькі буйных беларускіх турапэратараў. Прадстаўніца турфірмы “TEZ-tour” спадарыня Кацярына распавяла:

“Больш папулярнае ўзьбярэжжа — Коста-Брава і Коста-Дарада. Таму што зь Менску прамых пералётаў на Маёрку няма, толькі да Барсэлёны. А наагул у нас больш папулярныя Турцыя, Эгіпэт. А Гішпанія, калі браць ад усяго аб’ёму турыстаў, займае працэнтаў 5. У асноўным папулярнае ўзьбярэжжа Гішпаніі. На Маёрку мы не адпраўлялі нікога. Нават у індывідуальныя туры”.

Прадстаўніца кампаніі “Трансаэратур” спадарыня Натальля распавяла, што беларусы замаўляюць індывідуальныя туры на Маёрку. На пытаньне, ці шмат беларусаў выбіраюць адпачынак на Балеарскіх выспах, у склад якіх уваходзіць і Маёрка, яна адказала так:

“Я не магу адказаць, многа альбо мала. Я магу толькі сказаць, што езьдзяць. Сёньня пытаньняў па Маёрцы не было, гэта я вам магу сказаць дакладна. Інфармацыйная служба МЗС ніякай інфармацыі не распаўсюджвала. Мы верым гэтаму. Ну, а як далей будзе — складана сказаць”.

Некаторыя аматары экзатычнага адпачынку зараз абыходзяцца без пасярэдніцкіх паслугаў турфірмаў і замаўляюць гатэлі на папулярных курортах і квіткі самастойна. Спадарыня Юлія плянуе адпачыць на Маёрцы ў верасьні:

“Я зьбіраюся ехаць сама. Прычым, гэта нават не індывідуальны тур, а я самастойна, праз інтэрнэт, браніравала квіткі на самалёт і гатэль на Маёрцы. Чаму я ня вельмі хвалююся? Таму што тэрарысты да сёньняшняга выбуху былі ў Пальма Нове, у цэнтральных курортных гарадах, а я выбрала ўзьбярэжжа, якое крыху далей ад цэнтру, але больш спакойнае. Гэтае месца знаходзіцца за 60 кілямэтраў ад вялікіх гарадоў”.

Наагул, ці палохаюць беларускіх турыстаў экстрэмальныя сытуацыі, стыхійныя няшчасьці на курортах? Ці адмаўляюцца яны ад вандровак? Мэнэджэр кампаніі “Трансаэратур” спадарыня Натальля кажа:

“Не было ў гэтым сэзоне яшчэ выпадку, каб хтосьці кудысьці адмовіўся ехаць”.

Прадстаўніца фірмы “TEZ-tour” спадарыня Кацярына пацьвярджае:

“Не палохае нашых турыстаў нічога, усё адно працягваюць езьдзіць. Праўда, былі турысты, якія разважалі ў сувязі са сьвіным грыпам — альбо ў Гішпанію ехаць, альбо ў Турэччыну, і аддалі перавагу Турэччыне. То бок боязь не зьвязаная з экстрэмальнымі сытуацыямі, а больш з хваробамі. Баяцца вялікіх аэрапортаў міжнародных. А так, нібыта, у рэгіёнах, куды мы накіроўваем турыстаў, сёлета не было зарэгістравана выбухаў альбо пажараў. Усё ціха і спакойна”.

Ці не плянуе беларуска Юля, якая зьбіралася на Маёрку ў верасьні, адмовіцца ад вандроўкі ў небясьпечны рэгіён, дзе ў нядзелю адбыліся выбухі?

“Калі б я ў гэты горад ехала, я б, напэўна, падумала. Ну, магчыма, да верасьня яны сьцішацца. Спадзяюся... Проста ў мяне ўжо куплены квіткі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG