Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баскі-сэпаратысты палохаюць адпачывальнікаў на Маёрцы


У нядзелю ў людных месцах папулярнага курорту Пальма дэ Маёрка выбухнулі тры невялікія бомбы. Адказнасьць за выбухі ўзяла на сябе баскская сэпаратысцкая арганізацыя ЭТА.

Інцыдэнты абыйшліся без ахвяраў – папярэдне невядомыя людзі затэлефанавалі ўладам ад імя ЭТА і папярэдзілі аб месцы выбухаў. Паводле газэты “El Mundo”, ніхто не зьвяртаўся ў мэдычныя ўстановы па дапамогу.

Адна бомба выбухнула ў жаночай прыбіральні рэстарану La Rigoletta, другая – у суседнім рэстаране Enco, трэцяя – у гандлёвым квартале каля цэнтральнага пляцу Пальмы, прычым гэтая трэцяя бомба была слабейшая за першыя дзьве.

Выбухі, аднак, выклікалі замяшаньне і хваляваньне сярод адпачывальнікаў, на што, магчыма, і разьлічвалі сэпаратысты. Бальшыня рэстаранаў у прылеглых да месца выбухаў кварталаў былі зачыненыя.

Апрача нядзельных выбухаў, ЭТА за апошнія два месяцы падарвала яшчэ тры большыя бомбы, што ставіць пад сумнеў цьверджаньні гішпанскіх уладаў пра тое, што, арыштаваўшы некалькі лідэраў ЭТА, яны аслабілі гэтую арганізацыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG