Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэномэны мінулых эпох


“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогасфэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень. На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе antanian --> http://antanian.draniki.com/ .

Падзеі сьведчаць, што ўтапічны сацыялізм — усё ж не беларускі шлях разьвіцьця. Перарасьлі гэтую мадэль. І добра. Прыняў урад пастанову № 991, даў працу журналістам, ну і адмяніў рашэньне. Не давялося сёлета навіньнікам прыдумляць гісторыю пра музэйную прыбіральшчыцу. (Гл.тут) Карацей, усе апынуліся пры справе. Нават судам знойдзецца чым заняцца. На жаль.


няма ніводнай рэчы, у якой бы грамадзянін Беларусі быў бы ўпэўнены


Блогер ksanfik піша: “991 пастанова Савету Міністраў — індыкатар катастрафічнага ўзроўню недаверу ў Беларусі. Ад ураду грамадзяне чакаюць чаго заўгодна… няма ніводнай рэчы, у якой бы грамадзянін Беларусі быў бы ўпэўнены. Ня ўпэўнены ні ў чым. У выніку беларус ня можа жыць з перакананьнем: “ну, гэтага яны ніколі ня зробяць”.

Ня думаю, што недавер да ўраду — гэта нешта трагічнае ці тое, чаго трэба саромецца. Сябры ўраду не сваякі нам, у рэшце рэшт. Дый ніякія зьмены да лепшага немагчымыя бяз скепсісу і крытычнага стаўленьня да рэчаіснасьці.

Станоўчыя моманты ў гэтай мітусьлівай і нэрвовай гісторыі можна знайсьці. У Беларусі склад Савету міністраў мала залежыць ад выбаршчыкаў. Мякка кажучы. Але, бач ты, прыслухоўваюцца да голасу народу. Памылкі (у тым ліку і вельмі грубыя) сустракаюцца ў працы ці ня кожнага ўраду. Памыляцца — гэта так па-чалавечы. Але не любы, нават самы шчырадэмакратычна абраны ўрад здольны прызнаць сваю памылку і адыграць сытуацыю назад літаральна на працягу некалькіх дзён. Дэмакратыяй гэта назваць цяжка, але і не дыктатура ўжо. Як ні круці.


Тытаны мінулай эпохі сыходзяць. І ня толькі ў Беларусі


Сумная вестка прыйшла ўчора. Адышоў у лепшы сьвет перакладчык Уладзімер Шатон. Найбольш вядомая яго праца — пераклад “Песьні пра зубра” Міколы Гусоўскага і “Пахвалы дурасьці” Эразма Ратэрдамскага. Невялічкі нэкралёг знойдзеце ў блогу яго калегі latinista.

Тытаны мінулай эпохі сыходзяць ня толькі ў Беларусі. Учора ж напаткаў паведамленьне пра сьмерць аднаго з найвыбітнейшых распрацоўшчыкаў фотатэхнікі 20-га стагодзьдзя — вядучага інжынэра фірмы Olympus Маітані Ёсіхіса. Ён удзельнічаў у распрацоўцы большасьці камэр і оптыкі да сыстэмы Olympus OM, а таксама кампактных камэраў Olympus XA і Olympus Pen, якія па гэты дзень надзвычай папулярныя сярод фатографаў.

Ад часу распрацоўкі тых апаратаў прайшло не адно дзесяцігодзьдзе, але яны дагэтуль зьдзіўляюць прадуманасьцю канструкцыі, зручнасьцю ў выкарыстаньні, чароўным малюнкам оптыкі. Таму і застаюцца культавымі. Менавіта зграбным Olympus XA здымае на менскіх вуліцах Канстанцін Кім, то хай яны і праілюструюць гэтую жалобную навіну.


людзі, якія глядзяць на сьвет без сарказму, маюць права на выказваньне сваіх думак


Неяк сёньняшні агляд усё хіліцца да разгляданьня фэномэнаў мінулых эпохаў. У дзёньніку лінгвіста Запрудзкага знойдзем невялікую нататку пра мовазнаўцу і эсэіста Фёдара Янкоўскага.

Кнігі Янкоўскага мне трапілі ў рукі ўжо ў даволі дарослым узросьце. Ён мне не падаўся ані саладжавым, ані нейкім ненатуральным. На той час ужо неяк зьмірыўся з тым, што людзі, якія глядзяць на сьвет без сарказму, маюць права на выказваньне сваіх думак. На прозу паважанага навукоўца глядзеў менавіта як на лірычныя нататкі на палях манаграфіяў. Гэткая аблегчаная і троху больш эрудыраваная рэпліка Янкі Брыля. Рэзюмэ ж Запрудзкага зусім ставіць у тупік: “У прынцыпе гэта непатрэбшчына, быць адначасова і навукоўцам, і пісьменьнікам”.

У прынцыпе — непатрэбшчынай можна назваць усё што заўгодна. Нічога такога непрыстойнага ў сумяшчэньні гэтых двух заняткаў (навука — прафэсія, літаратура — сродак зьмястоўна і напружана праводзіць вольны час) ня бачу. Пры жаданьні можна назьбіраць вялікі сьпіс навукоўцаў, якія былі не абы-якімі бэлетрыстамі (і наадварот). Пачаць можна з хоць бы з Умбэрта Эка. Усё ж “брытанскія вучоныя” даўно даказалі, што падчас напісаньня раману і дысэртацыі — працуюць розныя паловы мозгу. Чаму пра гэта ня ведае Запрудзкі? Не ўяўляю. Можа, таму, што ніколі не хацеў стаць пісьменьнікам?

“Песьняры” — дзеці лейтэнанта Шміта


Ну, і скончым каштоўнасьцямі вечнымі. Беларусь за сваё існаваньне пасьпела і здолела стварыць ня так і шмат запамінальных брэндаў. У галіне масавай культуры сытуацыя асабліва трагічная. Ня час і ня месца разьбірацца з прычынамі гэтага фэномэну, але, апрача вакальна-інструмэнтальнага ансамблю “Песьняры”, і прыгадаць няма чаго. Рыбак, не зважаючы на яго ашаламляльны посьпех на агульнаэўрапейскім фрык-шоў, да зьявы пакуль не дацягвае. Мулявінская спадчына — гэта тое, што служыць параднай і пазнавальнай візытоўкай Беларусі ў сьвеце поп-музыкі больш за сорак гадоў. Гэткае вечназялёнае дрэва беларускай эстрады.

У выніку невялічкага дасьледаваньня, праведзенага блогерам waldorff, выявілася, што на сьвеце існуюць і актыўна канцэртуюць прынамсі два калектывы, у якіх граюць былыя калегі Ўладзімера Мулявіна, і гэтыя два калектывы на законных падставах працуюць пад вядомай усім назвай “Песьняры”. Толькі вось тэрыторыі іхніх тураў падзеленыя, і іх гастрольныя траекторыі не перакрыжоўваюцца. Такія своеасаблівыя дзеці лейтэнанта Шміта атрымліваюцца.

Сытуацыя гэтая моцна нагадвае часы перабудовы, калі па тэрыторыі Савецкага Саюзу калясілі тры склады гурту “Ласковый Май”, тры склады поп-групы “Фрыстайл”. Зрэшты, нешта падзеі апошняга году занадта часта нагадваюць справы той далёкай пары, калі цыгарэты былі па талёнах, а гопнікі чыталі часопіс “Крыніца”. Усё гэта было б сьмешна і пацешна і служыла б цудоўнай ілюстрацыяй таго, што прымаўка “пяць хвілінаў ганьбы — і забясьпечаная старасьць” даўно ўжо не працуе, каб толькі за гэтыя сорак гадоў беларуская эстрада здолела нарадзіць зорку, па таленце і папулярнасьці роўную Ўладзімеру Мулявіну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG