Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекарка: “Мы назіраем за станам здароўя Аўтуховіча”


Як пачуваюцца зьняволеныя прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка, якіх трымаюць у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Менску паводле абвінавачаньня ў падпале дома міліцыянта ў Ваўкавыску?

Загадчыца мэдычнай часткай менскага сьледчага ізалятару Ала Міхеева распавяла , як пачуваецца Мікалай Аўтуховіч, які ўжо болей як два тыдні таму спыніў галадоўку працягласьцю 91 дзень.

“Пачуваецца ён усё лепш. За апошні тыдзень набраў 3 кіляграмы, ужо пачаў есьці адмысловую турэмную ежу. Мы за ім па-ранейшаму назіраем вельмі пільна, бяром у яго аналізы. Ад гэтых аналізаў будзе залежыць, ці можна яму ўжо вяртацца ў звычайную камэру”.

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч галадаваў на знак пратэсту з 16 красавіка па 16 ліпеня. За час галадоўкі, паводле адваката Паўла Сапелкі, Аўтуховіч схуднеў болей як на 35 кіляграмаў. Асноўным патрабаваньнем падчас галадоўкі было спыненьне незаконнага перасьледу. Таксама прадпрымальнік дамагаўся вызваленьня пад падпіску пра нявыезд, альбо хутчэйшай перадачы справы ў суд. Як паведаміў адвакат Павал Сапелка, Мікалай Аўтуховіч і пасьля спыненьня галадоўкі не зьняў гэтых патрабаваньняў.

Ці будзе суд закрытым?


Тым часам актывісты арганізацыі вэтэранаў вайны ў Аўганістане, з якімі сябраваў Аўтуховіч, патрабуюць, каб у выпадку суду над Аўтуховічам, Лявонавым і Асіпенкам працэс абавязкова быў адкрытым. Праваабаронца Алег Воўчак апасаецца, што улады ўжо вырашылі правесьці працэс за зачыненымі дзьвярыма.

Алег Воўчак
“Мяркую будзе закрыты суд. Але мы спадзяемся на салідарнасьць праваабаронцаў, журналістаў. Наша задача – даказаць найперш тут, у Беларусі, што Аўтуховіч, Лявонаў і Асіпенка – вязьні сумленьня, якія ні ў чым не вінаватыя.”

Дочкі спадзяюцца на лепшае


Дачка Юрыя Лявонава Юля Міхнюк сустрэлася з адвакатам, які абараняе яе бацьку. Паводле маладой жанчыны, адвакат выказвае аптымізм адносна вынікаў справы.

Юля Міхнюк
“Паўтарыў мне зьвесткі, якія я ужо ведала, пра справу, пра ўсё іншае. Але запэўніў, што спадзяецца на добры вынік. Маўляў, мы аптымістычна настроеныя, што ваш тата, што я. Маўляў, чакаем, што гэта хутка вырашыцца са станоўчым вынікам”.

Да гэтай сустрэчы адвакат болей за месяц не знаходзіў часу, каб сустрэцца з дачкой Юрыя Лявонава. Таксама Юля Міхнюк паведаміла, што паводле апошняга ліста ад бацькі ён схуднеў у турме на 8 кіляграмаў, але адчувае сябе нібыта “нармальна”.

Пра тое, ці вядуцца зь ім якія сьледчыя дзеяньні, Юрый Лявонаў не напісаў.

Дачка Уладзімера Асіпенкі Людміла паведаміла, што яе бацька ў турме пакутуе ад рэзкага пагаршэньня зроку.

Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзімера Асіпенку трымаюць у сьледчым ізалятары з 8 лютага, вінаватымі яны сябе не прызнаюць. Нядаўна МУС распаўсюдзіў зьвесткі, паводле якіх Мікалай Аўтуховіч падазраецца яшчэ і ў падрыхтоўцы замаху на старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімера Саўчанку ды намесьніка міністра падаткаў і збораў Віктара Камянка. Як ставіцца да гэтых падазрэньняў Мікалай Аўтуховіч — невядома, бо нават адвакату забаронена нешта казаць на гэтую тэму.
XS
SM
MD
LG