Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Навошта менскія трактары, калі зямлю няма каму араць?..”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 29 ліпеня 2009 году


У Расеі, якая на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў была асноўным рынкам для беларускага харчаваньня, аўтамабіляў, трактароў, сельгасмашын і шмат чаго іншага — апошнім часам усё часьцей спрабуюць адгарадзіцца ад тавараў, вырабленых суседзямі. Тэма “малочнай”, “мясной” ды іншых гандлёвых войнаў, якія рэгулярна разгараюцца паміж саюзьнікамі, — адна з галоўных у ліпеньскай пошце “Свабоды”.

Пачну з аднаго такога ліста, аўтар якога — Галіна Александроўская з Магілёва — лічыць цяперашнія эканамічныя праблемы Беларусі справядлівым пакараньнем за недальнабачную палітыку афіцыйнага Менску. Слухачка піша:

Ну, вось Лукашэнка і дагуляўся. Лопнула ў расейскага мядзьведзя цярпеньне, ня хоча ён больш гуляць у хованкі. Пакуль гэты мядзьведзь толькі выпусьціў кіпці... А калі аскаліць зубы ды падніме лапы — мала не падасца. Перш чым збліжацца з Эўропай, Лукашэнку давядзецца разабрацца з Расеяй. А разборкі чакаюцца сур’ёзныя.

Жорсткія заявы расейскага віцэ-прэм’ера Кудрына, “малочная” вайна — усё гэта выклікала панічныя настроі беларускай улады. Аказалася, Лукашэнка за 15 год не падрыхтаваў ніводнага запаснога варыянту. І яму вельмі не падабаецца, калі на яго ціснуць.

Затое зь якім задавальненьнем ён уціскае, прыніжае беларускую апазыцыю. Але недарэмна кажуць: “Адальюцца кошцы мышыныя сьлёзы”. Расея, магчыма, да канца ў кут заганяць і ня будзе, але пасткі свае яна ўжо расставіла і будзе працягваць расстаўляць. Для Лукашэнкі іх у яе больш чым дастаткова. Пакуль спрацавала толькі адна. Так што хітрасьць далёка не заўсёды дапамагае”, —


— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Галіна Александроўская з Магілёва.

Цешыцца пачуцьцём помсты тут, спадарыня Галіна, наўрад ці выпадае. Ад гандлёвых войнаў найперш цярпяць зусім не палітыкі: ня ўладная “вэртыкаль” і не славалюбныя лідэры. Страта расейскага рынку балючая для ўсяго беларускага насельніцтва. Яна цягне за сабой беспрацоўе, заняпад невялікіх беларускіх гарадоў, цалкам залежных ад аднаго-двух мясцовых прадпрыемстваў, безграшоўе для людзей, многія іншыя сацыяльныя праблемы. Так што ў хітрыя пасткі, пра якія вы, спадарыня Галіна, пішаце, трапяць ня толькі тыя, хто мае ўладу. Эканамічныя канфлікты такога маштабу могуць стаць сур’ёзным выпрабаваньнем для ўсяго беларускага грамадзтва. Зрэшты, і для ўлады таксама. Бо яе пазыцыі ў такой сытуацыі наўрад ці ўмацуюцца.

Ад гандлёвых войнаў найперш цярпяць зусім не палітыкі: ня ўладная “вэртыкаль” і не славалюбныя лідэры
Аўтар наступнага допісу — Алесь Марціновіч з Баранавічаў — таксама разважае на тэму беларуска-расейскай канфрантацыі. Гэты пэрыяд, на думку слухача, будзе працягвацца доўга. У сваім лісьце на “Свабоду” спадар Марціновіч піша:

На гэтыя працэсы працуе сам час. Адзінага СССР няма ўжо 18 гадоў. Абрываюцца сваяцкія, адміністратыўна-міграцыйныя сувязі. Усе прывыклі да самастойнай дзяржавы, да таго, што Менск — сталіца з замежнымі амбасадамі. Лукашэнка ўмела асаджвае ўсіх: маўляў, сувязі з Захадам — гэта ягоная манаполія. І сам Захад у гэтай справе рэальна працуе з Лукашэнкам і ягоным урадам. А для апазыцыі застаюцца кулюарныя пратаколы. Сытуацыя ў аснове — камічная і абсурдная, але на справе — жыцьцёвая і практычная”.

Далей у сваім лісьце Алесь Марціновіч акцэнтуе ўвагу на тым, што, паварочваючыся тварам на Захад, прэзыдэнт Лукашэнка зусім не зьбіраецца ажыцьцяўляць сцэнар апазыцыі. Ні імклівай дэмакратызацыі, ні беларусізацыі няма і не прадбачыцца.

Яшчэ адна цытата зь ліста слухача:

“Фактычна Беларусь, ня маючы геапалітычнай масы Расеі, спрабуе зблізіцца з Захадам, як нейкая “міні-Расея”, але не падпарадкаваная Расеі вялікай. Менскай намэнклятуры тут не патрэбна ідэалёгія Польшчы ці вечная мабілізаванасьць латышоў ці эстонцаў. Такія пэртурбацыі на манер суседзяў пагражаюць стабільнасьці і становішчу самой гэтай намэнклятуры.

Захад цяпер вельмі гібкі, інакш бы ён не прыдумляў розныя партнэрствы. Так, Расея ня будзе стаяць цьвёрдай вайсковай нагой у Берасьці ды псаваць нэрвы Польшчы ды Эўразьвязу. Але і Беларусь ня стане Чэхіяй ці Швэцыяй. Плянка інтэнсіўнасьці сувязяў Беларусі ды Эўразьвязу мае сваю мяжу”, —


— гэтак лічыць Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Так, спадар Марціновіч, даволі відавочна, што прэзыдэнт Лукашэнка, вымушана ідучы на некаторыя саступкі Захаду, зусім не зьбіраецца дзяліцца з кім бы то ні было сваёй аднаасобнай уладай. Лібэралізацыя ў Беларусі заканчваецца там, дзе ўзьнікае хоць бы найменшая пагроза рэжыму, ягонай уладнай манаполіі. Іншая справа, наколькі сам рэжым здольны цалкам кантраляваць гэтыя працэсы. Памятаецца, у сярэдзіне 80-х гадоў, распачынаючы ў СССР перабудову, генсек Міхаіл Гарбачоў таксама зусім не зьбіраўся дзяліцца з кімсьці ўладай альбо паступацца манапольнай уладай КПСС. Маленькія раўчукі галоснасьці, аднак, вельмі хутка ператварыліся ў такую магутную раку, кіраваць якой ніякае палітбюро было ўжо ня здольнае.

Сталінізм — гэта, вядома, найвышэйшая праява тыраніі і дэспатызму. Але ж зь людзьмі абыходзіліся падобным чынам і да Сталіна, і пасьля яго. Не заўважаць гэтага — значыць прыніжаць пачуцьці многіх іншых людзей, якія таксама бязьвінна пацярпелі.
Віктара Макарэвіча
зь вёскі Няровы Валожынскага раёну зацікавіла нядаўняя рэзалюцыя Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, якой асуджаюцца нацызм і сталінізм за генацыд і злачынствы супраць чалавечнасьці, прызнаецца іх віна ў разьвязваньні Другой сусьветнай вайны і прапануецца абвясьціць 23 жніўня — дзень падпісаньня савецка-германскага пакту Молатава-Рыбэнтропа — Днём памяці ахвяраў нацызму і сталінізму. Слухач з гэтай нагоды піша:

Вельмі правільнае рашэньне. Праўда, крыху запозьненае. Да таго ж, варта асуджаць ня проста сталінізм, а шырэй — камунізм. Ахвяры гэтай зьявы існуюць і дагэтуль. А з нацызмам ужо даўно пакончана.

Я і самога сябе лічу ахвярай камуністычнага рэжыму — асабліва цяперашняга, мадэрнізаванага сталінізму. Ну як гэта можна: на цэлы сьвет заяўляць аб пабудове “сацыяльна арыентаванай прававой дзяржавы” і пры гэтым абсалютна не паважаць закон, ігнараваць агульнапрызнаныя грамадзянскія правы, выносіць рашэньні на падставе хлусьні, фальшаваньня, тэлефонных указаньняў вышэйшага начальства?

Я 23 гады дамагаюся, каб мяне прызналі пацярпелым ад злоўжываньняў псыхіятрыяй — і ўсё марна. Хаця сабраў мноства дакумэнтальных доказаў таго, што са мной абышліся несправядліва.

Судмэдэкспэрты робяць экспэртызу, выдатна ведаючы, што суд яе ўсё роўна зацьвердзіць — што б яны ні панапісвалі. Ну што гэта за суды ў нас, што за дзяржава?

Сталінізм — гэта, вядома, найвышэйшая праява тыраніі і дэспатызму. Але ж зь людзьмі абыходзіліся падобным чынам і да Сталіна, і пасьля яго. Не заўважаць гэтага — значыць прыніжаць пачуцьці многіх іншых людзей, якія таксама бязьвінна пацярпелі”, —


— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Віктар Макарэвіч зь вёскі Няровы Валожынскага раёну.

Так, спадар, Віктар, шмат несправядлівасьці людзі цярпелі і ў часы Хрушчова ды Брэжнева. Іншадумцаў звальнялі з працы і кідалі ў “псыхушкі”, сялянам не давалі пашпартоў, каб прывязаць да калгасаў; абрэзвалі гароды, каб не атрымлівалі так званых “непрацоўных даходаў”... І ўсё ж гэта не ідзе ні ў якае параўнаньне зь вялікім сталінскім тэрорам, калі за адно неасьцярожнае слова, за касы позірк на партрэт правадыра чалавек бясьсьледна зьнікаў, ператвараўся ў лягерны пыл. І такі лёс напаткаў мільёны людзей. Тое, што сёньня ў Беларусі спрабуюць апраўдваць Сталіна, што зьяўляюцца помнікі яму, што дзяржава на афіцыйным узроўні не асудзіла сталінскія злачынствы і не пакарала вінаватых у іх — трывожны сымптом, які сьведчыць пра рэальны стан беларускага грамадзтва.

Будучыня беларускай вёскі, сельскай гаспадаркі ў Беларусі — тэма ліста Сьвятланы Бахмач з Салігорску. Слухачка піша:

“З болем назіраю за тым, у што ператвараецца вёска. Старыя людзі, на якіх калісьці трымалася ўся гаспадарка, якія ад цямна да цямна праводзілі ў полі, у якіх з рук не сыходзілі мазалі — адзін за адным сыходзяць у лепшы сьвет. А на іх месца ніхто не прыходзіць. Колішнія квітнеючыя сядзібы зарастаюць быльлём, хаты рушацца, ад хлявоў застаюцца адны падмуркі... Дзеці самых працавітых сялян даўно ў горадзе. А засталіся ў асноўным тыя, што не змаглі зьехаць: і ня самыя цягавітыя, і ня самыя цьвярозыя.

І да чаго ж мы дойдзем з такім гаспадараньнем? Хто празь дзесяць год будзе вырошчваць хлеб, даіць кароў, даглядаць цялят? Мы ж застанемся галоднымі бязь вёскі. Навошта патрэбны менскія трактары, калі зямлю няма каму араць? Куды падзенем калійныя ўгнаеньні, калі канчаткова разваляцца калгасы, а палі зарастуць хмызьняком?” —

— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Сьвятлана Бахмач з Салігорску.

Выгляд вёскі, якая марудна памірае на вачах тых, каму дала жыцьцё, — сапраўды, драматычнае відовішча. Асабліва ў такой краіне, як Беларусь, дзе амаль кожны гарадзкі жыхар — вясковец калі ня ў першым, дык у другім ці трэцім пакаленьні.

Але непакоіцца, што праз гэта краіну чакае голад, наўрад ці варта, спадарыня Сьвятлана. Сёньняшняй сельскай гаспадарцы і не патрэбна столькі рабочых рук, як раней: з дапамогай новай тэхнікі і тэхналёгіяў вырабляць неабходную для краіны колькасьць харчаваньня можна і значна меншай колькасьцю вяскоўцаў. Урбанізацыя — аб’ектыўны працэс, празь які ў свой час прайшлі ўсе сёньняшнія індустрыяльныя дзяржавы. І ніводная зь іх не цярпіць ад недахопу харчаваньня.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG