Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Цяпер адзін клопат — як здабыць кавалак хлеба”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 1 ліпеня 2009 году.

Значная частка лістоў і тэлефанаваньняў, якія мы атрымліваем апошнім часам ад нашых слухачоў, — на тэму шматдзённай галадоўкі ў турме ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча. Ён пратэстуе супраць крымінальнага перасьледу, які лічыць незаконным. Нагадаю, Мікалая Аўтуховіча і двух ягоных калегаў, якія таксама застаюцца пад арыштам, абвінавачваюць у падпале дома міліцыянта і яшчэ ў некалькіх крымінальных злачынствах. Самі арыштаваныя лічаць крымінальны перасьлед помстай за сваю грамадзкую дзейнасьць.

Пачну сёньняшнюю размову зь ліста на гэтую тэму, які даслала Галіна Александроўская з Магілёва. Слухачка піша:

“Вельмі прашу ўсіх, хто тэлефануе на “Свабоду” наконт актывістаў, якія галадуюць за справядлівасьць: калі ласка, пакіньце пры сабе свае любімыя фразы кшталту “Ўсё роўна ў вас нічога не атрымаецца”.

Мікалай Аўтуховіч не патрабуе чагосьці звышнатуральнага. Ён дамагаецца, каб выконвалі элемэнтарныя правы чалавека. Дзеля гэтай сваёй барацьбы ахвяраваў уласным здароўем. У чалавека жыцьцё трымціць на валаску, а наш усёмагутны, усясільны валадар, нібы палахлівы заяц, схаваўся за глухую сьцяну маўчаньня. Ды яшчэ афіцыйная прапаганда ўсяляк аблівае брудам апазыцыйную моладзь, якая, рызыкуючы трапіць у няволю, выказвае сваю салідарнасьць з галадоўнікам.

Мікалай Аўтуховіч даў сапраўдны бой гэтай уладзе, і вынікі змаганьня абавязкова будуць. Нікуды не схаваюцца ад адказнасьці тыя, хто змусіў Мікалая да галадоўкі. Іншага выйсьця ў яго не было”
.

Слухачы, якія скептычна ставяцца да спосабу змаганьня, абранага Мікалаем Аўтуховічам, маюць такое ж права выказваць свае думкі, як і вы, спадарыня Галіна. Варта адзначыць, што для пэсымізму ў вашых апанэнтаў ёсьць важкія падставы. За апошнія пятнаццаць год апазыцыйныя палітычныя лідэры і актывісты дзясяткі разоў абвяшчалі і праводзілі рознага кшталту галадоўкі, прад’яўляючы патрабаваньні да ўлады. Але цяжка згадаць выпадак, калі б улада ішла на саступкі пад ціскам менавіта гэтых акцыяў пратэсту. Хоць, зь іншага боку, самаахвярнасьць і мужнасьць людзей, якія наважваюцца на такі крок адчаю, безумоўна, выклікаюць пэўны розгалас — і ў беларускім грамадзтве, і ў тых палітычных інстытуцыях на Захадзе, якім неабыякавая сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі.

Наш слухач Васіль Валошка з пасёлку Радашкавічы Маладэчанскага раёну зьвярнуў увагу на адну зь нядаўніх заяў Аляксандра Лукашэнкі перад замежнымі журналістамі — наконт таго, што прэзыдэнта ў Беларусі выбірае народ і што ён, Лукашэнка, сыдзе толькі тады, калі народ таго пажадае. Васіль Валошка з гэтай нагоды піша:

“Пра які выбар можна казаць, калі большую палову гэтага народу гвалтам гоняць на датэрміновае галасаваньне пад пагрозай спыненьня працоўнага кантракту, калі студэнтаў шантажуюць праблемамі з экзамэнацыйнай сэсіяй і месцамі ў інтэрнатах? А чаго варта яшчэ адна нядаўняя заява Лукашэнкі — што сто працэнтаў апазыцыянэраў таемна ці яшчэ нейкімі схаванымі спосабамі просяцца да яго на працу? Калі размова ідзе пра сто працэнтаў, дык, значыць, просяцца і Казулін, і Лябедзька, і Шушкевіч, і многія іншыя?

Страшна тое, што Лукашэнка ведае: усё гэта будуць чуць і тыя, каго гналі на датэрміновае галасаваньне, і тыя, хто ні пры якіх абставінах не папросіцца да яго на працу. І што і тыя, і другія чарговы раз сьцерпяць. А калі і будуць абурацца — дык толькі ў коле блізкіх людзей, на ўласных кухнях.

Пасьля ўсяго гэтага думаеш: і да чаго мы яшчэ дажывем у гэтай краіне — краіне хлусьні, страху і халуйства?”.

Напэўна, спадар Валошка, зьмены адбудуцца толькі тады, калі большасьць грамадзтва не захоча болей цярпець такі стан рэчаў, калі абурэньне і пачуцьцё пратэсту стануць мацнейшымі за страх. І апазыцыйных актывістаў гэта, бадай, датычыць у значна большай ступені, чым усіх астатніх. А пакуль абурэньне не выходзіць за сьцены кухняў — улада можа адчуваць сябе ў бясьпецы. І дазваляць сабе такія выказваньні, пра якія вы, спадар Валошка, пішаце ў сваім лісьце.

Пра тое, як мяняюцца пад уплывам эканамічнага крызісу жыцьцё і настроі людзей у далёкіх ад сталіцы рэгіёнах, паведамляе ў сваім новым лісьце на “Свабоду” наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Слухач піша:

“Нядаўна сустрэў аднаго знаёмага, які працуе ў ваенкамаце. Здавалася б: дзяржаўная ўстанова, стабільная зарплата, якую заўсёды своечасова выдаюць, розныя сацыяльныя йльготы... Але, аказалася, і ён скардзіцца на жыцьцё. Апошнім часам нават у дзяржаўных установах умовы пагоршыліся: заробкі не паднімаюць, прэміі скарацілі ці ўвогуле адмянілі. Цэны ж тым часам не стаяць на месцы.

А што казаць таму няшчаснаму трактарысту, які ў калгасе з раніцы да вечара глытае пыл на полі, атрымліваючы за гэта вартыя жалю капейкі? Дый тыя апошнім часам выплочваюць несвоечасова. Утрымлівае чалавека на такой працы найчасьцей толькі так званы “прэзыдэнцкі” домік: сыдзеш з калгаса — выкінуць на вуліцу.

А ў якім становішчы апынуліся апошнім часам прадпрымальнікі? Вось прыехалі нядаўна да аднаго майго знаёмага правяральшчыкі зь Берасьця. Кажуць: паколькі ты зьвязаны з тэхнікай, дык парушаеш экалёгію. Плаці. Ён абураецца: “Чаго вы менавіта да мяне прычапіліся? Вы на вуліцы забруджаньне замерце. Там цяжкія грузавікі, трактары езьдзяць. Бруд, нават тратуара няма”. Не, кажуць, мы прыехалі праверыць менавіта цябе”
.

Кантралёры зь дзяржаўных службаў добра праінструктаваныя: каго трэба штрафаваць няспынна і жорстка, а да каго ставіцца паблажліва і мякка. Бо з каго спаганяць грошы за брудную вуліцу ці за састарэлую цяжкую тэхніку, якая не адпавядае ніякім экалягічным нормам? З раённай камунальнай службы? Ці зь дзяржаўных будаўнічых трэстаў? Дык гэта тая ж дзяржаўная кішэня, зь якой кормяцца і ўсе кантралёры, і райвыканкам. Ну не хапае ў дзяржавы грошай на рамонт вуліцаў і на новую тэхніку. Кантралёры да гэтых аб’ектыўных абставінаў павінны ставіцца паважліва. Іншая справа — прыватны гаспадар, прадпрымальнік. За чый яшчэ кошт, калі не за ягоны, напаўняць дзяржаўную казну? Зрэшты, як і ўласную кішэню многіх нячыстых на руку правяральшчыкаў...

Лёс нацыянальнай культуры, высокага клясычнага мастацтва турбуе нашага слухача Віктара Баранава з Рагачова. У сваім лісьце на “Свабоду” слухач піша:

“У людзей цяпер адзін клопат — як здабыць кавалак хлеба, як выкруціцца так, каб хапіла грошай на адзеньне і на лекі. Пра справы духоўныя, пра нацыянальную культуру і мову ня надта хто думае. Як у свой час вынішчалі цэрквы і веру ў Бога, так у наш час са сьвядомасьці людзей вынішчаюць усьведамленьне таго, што яны — беларусы. На роднай мове ўжо амаль ніхто не размаўляе. Большасьць людзей і не разумее гэтую мову. Нават песьні і музыку беларускую не трансьлююць па радыё ды тэлебачаньні.

Аляксандар Лукашэнка ў свой час быў атэістам, уступіў у партыю і ў арміі быў палітруком. А цяпер ахвотна будуе праваслаўныя храмы, сустракаецца зь мітрапалітамі. Тое, што вынішчаецца ўсё нацыянальнае, што па радыё і тэлебачаньні гучыць адна расейская папса — яго, відаць, ня надта турбуе. Ён цалкам задаволіў свае амбіцыі, усім даў зразумець, хто ў доме гаспадар. І дырыжыруе ўсімі, як яму ўздумаецца.

Я вось часам думаю: каму ў Беларусі патрэбен опэрны тэатар, у рэстаўрацыю якога нядаўна ўкладзена столькі народных грошай? Калі я па радыё і тэлебачаньні ня маю магчымасьці паслухаць добрую музыку ды іншыя карысныя перадачы, дык і ў опэрным тэатры мне рабіць няма чаго. Ды і ці патрэбен опэрны тэатар самому Лукашэнку? Вунь якое задавальненьне дастаўляе яму хакей. Колькі грошай марнуецца на тое, каб замаўляць з-за мяжы колішніх славутых хакеістаў, якіх потым наш прэзыдэнт з такім майстэрствам перамагае на лядовай пляцоўцы"
.

Магчыма, опэрнае ды балетнае мастацтва прэзыдэнту Лукашэнку вялікага эстэтычнага задавальненьня і не дастаўляе: сярод частых наведнікаў тэатру ён не заўважаны. Але тое, што ён усьведамляе значнасьць гэтага мастацтва як пэўнага нацыянальнага сымбалю, як сьведчаньня сьпеласьці нацыі і дзяржавы, духоўных набыткаў народу — гэта пэўна. Тое, што дзесяткі мільёнаў даляраў былі выдаткаваны на рэстаўрацыю даваеннага архітэктурнага помніка — будынка Нацыянальнага Вялікага тэатру опэры і балету — сёньня ня ставіць у віну Аляксандру Лукашэнку нават апазыцыя. І наступныя пакаленьні беларусаў наўрад ці будуць дакараць за гэта сёньняшнюю ўладу. Іншая справа — дзясяткі дарагіх лядовых палацаў, пабудаваных за апошняе дзесяцігодзьдзе ня толькі ў буйных гарадах, але нават і ў невялікіх райцэнтрах Беларусі. Будучыня гэтых цяжкавытлумачальных для небагатай краіны аб’ектаў, якія вымагаюць вялікіх выдаткаў ня толькі пры будаўніцтве, але і пры эксплюатацыі, ужо сёньня выглядае ня надта пэўнай.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG