Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні аргумэнт некампэтэнт­насьці


Пачатак працоўнага тыдня ў нефармальнай частцы інтэрнэту (ЖЖ) быў нечакана адзначаны выбухам цікаўнасьці да паста беларускай юзэркі пад нікам Zmagarka (Тацяна Елавая), якая разьмясьціла ў нядзелю 26 ліпеня жахлівыя відэазапісы таго, як чачэнскія паўстанцы забіваюць салдат расейскіх фэдэральных войскаў. І ня проста забіваюць, а мэтадычна пераразаюць горла. Што дало аўтарцы ЖЖ нагоду даць загаловак матэрыялу “русскіх солдат чеченцы режут, как свіней”.

Кадры брутальныя, але не ўнікальныя


Гэты пост адразу стаў прыкметным і апынуўся ў топе Яндэкс-рэйтынгу. Пры гэтым беларуская блогерка суправадзіла відэа такім тэкстам: “Вы скажаце, што гэта жахліва, страшна, негуманна? Хлопчыкі з правінцыі ні ў чым не вінаватыя, загад выконвалі, межы Радзімы ўціхамірвалі? Зарабіць на машынку патрыманую хацелі, мэдалькі па сьвятах насіць? Вядома, так і ёсьць. Але жыцьцё такое. Пад акупацыяй”.

У прынцыпе, самі кадры нічога асаблівага, калі можна так сказаць, сабой не ўяўляюць. У танных ды нятанных расейскіх баевіках кроў ліецца нашмат мацней і страшней.
У танных ды нятанных расейскіх баевіках кроў ліецца нашмат мацней і страшней.
Дый паказвалі гэтыя кадры ўжо неяк па расейскіх тэлеканалах, а таксама ў адной з дакумэнтальных стужак беларускага рэжысэра Юрыя Хашчавацкага. Апроч гэтага, у інтэрнэце можна знайсьці не адзін падобны фільм. Дастаткова набраць у Google.com адпаведную фразу, як вываляцца дзясяткі адпаведных спасылак, зь якіх многія стаяць якраз у ЖЖ, дзе, апроч вузкага кола фрэндаў, іх ніхто не глядзіць. Але ў дадзеным выпадку Zmagarka зьведала ня проста папулярнасьць свайго блогу, але й сама сталася аб’ектам праклёнаў ды пагроз. У гэтым ёй вельмі моцна “дапамог” адзін з аўтарытэтаў рунэту, расейскі дызайнэр Арцемі Лебедзеў, вядомы ў ЖЖ пад нікам tema. Якраз ягоны артыкул пад назвай “Секір башка відео” стаіць (на момант напісаньня гэтых радкоў) на першым месцы ў Яндэкс-рэйтынгу.

Напачатку свайго паста Лебедзеў піша: “Учора ў выніку нейкіх чарговых глюкаў статыстыкі ў жжшным рэйтынгу ўсплыў наверх пост беларускай юзэркі, якая разьмясьціла два вельмі падрабязныя відэа, на якіх чачэнскія салдаты адразаюць галовы рускім навабранцам”. Пасьля некалькіх абзацаў даволі стрыманых абурэньняў Лебедзеў паведамляе, што напісаў гаспадарам ЖЖ скаргу за нумарам 993117 з патрабаваньнем зьняць матэрыял на падставе гуманітарных меркаваньняў. На што атрымаў адмову. Яе тэкст па-ангельску падаецца ў досыць вольнай інтэрпрэтацыі Лебедзева.

Мат і пагрозы ў якасьці аргумэнтаў


Наступны пост Лебедзева ў ЖЖ таксама прысьвечаны гэтай тэме. Толькі зараз рафінаваны дызайнэр што духу лаецца матам і заклікае да цэнзуры: “Я за цэнзуру. Без цэнзуры немагчыма звычайнае існаваньне грамадзтва. Выступаць супраць цэнзуры — інфантыльная маладушнасьць. Любы рэдактар — цэнзар. Нават кнопка „бэкспэйс“ на клявіятуры — прылада цэнзара. Цэнзура патрэбная і важная. Далей кожны сам сабе выбірае прадукт таго ці іншага цэнзара”.

Залішне казаць, што пасьля такой “рэклямы” блог Тацяны Елавой зрабіўся яшчэ больш “папулярны”. Паводле статыстыкі “Яндэкса”, яго наведалі пяць тысяч чалавек, і кожны дзясяты пакінуў свой камэнт. Збольшага камэнтары носяць абураны і абразьлівы характар і напісаныя, відавочна, расейцамі, для многіх зь якіх сталася шокам тое, што беларусы, якіх яны лічылі амаль “рускімі”, раптоўна выявілі да іх такую ж непрыязь, як і нялюбыя ім “хахлы”. Пагатоў у тэксьце стаяць досыць красамоўныя тэгі, якія недвухсэнсоўна сьведчаць пра адносіны блогеркі да гэтай тэмы: “Рашка, вечна_жыві_Чачня, відэа, ппц, супраціў_у_сьвеце”. А вось і тыповы камэнт: “тебя, гниду бульбашескую, следовало бы отправить на 20 лет урановых рудников за один только этот говнопост”. Даволі мяккі допіс, трэба заўважыць, бо ў шмат якіх камэнтах беларускай блогерцы наўпрост пагражаюць забойствам.

Хутчэй за ўсё разьюшанасьць шматлікай расейскамоўнай аўдыторыі была выкліканая ня столькі самімі кадрамі, колькі загалоўкам “русских солдат чеченцы режут, как свиней”, а таксама камэнтарамі блогеркі да выкладзеных кадраў.

Нельга сказаць, што ўсе камэнтары скрозь пагромніцкія. Ёсьць і досыць сур’ёзныя разважаньні, чаму так адбывалася, хто вінаваты ў той вайне. Я знайшоў і досыць цікавае назіраньне непасрэдна за тым, што было на відэа:

“Кадры сапраўды жахлівыя, але ня столькі крывавым натуралізмам і тым, што ўсё гэта адбываецца ня ў фільмах, а ў сапраўдным жыцьці. Але асабіста мяне больш за ўсё ўражвае тая пакора, зь якой ахвяры „мясьнікоў“ кладуцца пад нож. Некаторыя нават галаву падварочваюць, каб іх зручней было рэзаць. Лёгіка дыктуе, што людзі, якім усё адно няма чаго губляць, маглі б паспрабаваць пазмагацца, кінуцца на аднаго з ворагаў, учапіцца мёртвай хваткай у горла, няхай забіваюць у баі. Але відавочна, што ў няшчасных расейскіх салдацікаў цалкам спаралізаваная воля. Я ня спэц па экстрэмальнай псыхалёгіі, таму мне цяжка разважаць на гэтую тэму. Але асабіста я быў шакаваны менавіта вось гэтай жывёльнай пакорай. У жыцьці мне даводзілася назіраць, як рэжуць свойскую жывёлу, і падабенства было сапраўды відавочным і ад гэтага яшчэ больш жахлівым”.

Пры гэтым аўтар камэнту заўважыў, што ня варта было даваць такі загаловак і подпісы пад відэа. З такой пазыцыяй, дарэчы згодныя многія камэнтатары. Але ўсё адно пануе агрэсіўна-пагражальны тон.

“Буданов придет за тобой”


Цікава, што шмат хто з аўтараў агрэсіўных камэнтароў пагражае беларускай блогерцы помстай палкоўніка Буданава, які “праславіўся” тым, што забіў 18-гадовую чачэнскую дзяўчыну па падазрэньні ў тым, што яна нібыта снайпэр і дапамагае баевікам. Спачатку яму прысудзілі 10 гадоў турмы, а пасьля хуценька ўмоўна-датэрмінова адпусьцілі. Вось гэты палкоўнік Буданаў, як вынікае з камэнтароў, і зьяўляецца прыкладам і ўзорам абаронцы Радзімы для шмат каго з расіян.

Трэба ўлічваць яшчэ і тую акалічнасьць, што вайна ў Чачні паводле ўсіх канонаў “жанру” — грамадзянская, а такія войны, як вядома з гісторыі, вызначаюцца асаблівай лютасьцю і жорсткасьцю да палонных. У звычайных войнах паміж краінамі такога амаль не бывае. А між тым расейская прапаганда амаль 15 гадоў не прызнавала факт грамадзянскай вайны ў РФ, называючы вайну ў Чачні звыклым да блатнога жаргону “мачэньнем у сарціры”. А паралельна з гэтым ідзе масавая прапаганда дасягненьняў найноўшай расейскай арміі і паказваецца нябачаны нават у савецкіх ваенных фільмах гераізм расейскіх салдатаў якраз на такіх вось лякальных войнах. Апроч таго, ледзь не ўва ўсіх расейскіх фільмах пра вайну самымі сьмелымі і самаахвярнымі ваярамі выступаюць не пехацінцы, як за часамі СССР, а войскі НКВД і СМЕРШ. Ня дзіва, што многім чытачам ЖЖ, якія пабачылі іншую карціну, “перамкнула” мазгі, і яны кінуліся ваяваць у ЖЖ.

У славутага амэрыканскага пісьменьніка-фантаста Айзэка Азімава ў адной з кніг сагі пра “Заснаваньне” ёсьць добрае выказваньне, укладзенае ў вусны першага мэра Заснаваньня Салвара Хардына: “Гвалтоўныя дзеяньні — апошні аргумэнт некампэтэнтнасьці”. Гэтая фраза як найлепш пасуе да апісанага эпізоду. Калі ў апанэнтаў няма іншых аргумэнтаў, пачынаюцца пагрозы ды абразы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG