Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандал вакол блогу Zmagarki: жахлівае відэа часоў чачэнскай вайны


Беларуская блогерка Тацьцяна Елавая, якая піша пад нікам Zmagarka, выставіла пост, які набраў 2000 камэнтароў. Елавая разьмясьціла на сваім сайце відэа, зьнятае чачэнскімі ваяўнікамі ў 1999 годзе, на пачатку Другой чачэнскай вайны. У ім паказана, як пераразаюць горла юным расейскім палонным.

Zmagarka дала матэрыялу загаловак “Расейскіх салдатаў чачэнцы рэжуць як сьвіней” і суправадзіла яго камэнтаром: «Крый Божа, натуральна, не ухваляю гэткага кшталту гвалтоўных дзеяньняў датычна якога-кольвек чалавека, нават найлюцейшага ворага, якім ёсьць імпэрская Расея для чачэнцаў, але дакуль акупацыйныя войскі стояць у Чачэніі, яны будуць працягвацца».

Пост Елавой выклікаў надзвычай рэзкую рэакцыю расейскіх наведвальнікаў благасфэры. Расейскія карыстальнікі запатрабавалі ад мадэратараў LiveJournal.com сьцерці допіс. Адзін з блогераў накіраваў заяву на імя Генэральнага пракурора Беларусі з заклікам прыцягнуць Тацьцяну Елавую да адказнасьці за распальваньне варожасьці да расейцаў. На адрас яе прагучалі шматлікія абразы і пагрозы.

Гэтую сытуацыю мы папрасілі пракамэнтаваць дырэктара паўночна-каўкаскай службы нашага радыё Аслана Дукаева і аглядальнікаў рускай службы радыё Свабода Андрэя Шарага і Андрэя Бабіцкага.

Дукаеў: Мяне рэакцыя расейскай благасфэры не зьдзівіла. Расейская грамадзкасьць дагэтуль надзвычай востра рэагуе на ўсё, што зьвязана з чачэнскай вайной. У Расеі ўсталявалася думка, што сытуацыя на Каўказе стабілізавалася, і тое, што выглядае разгойдваньнем сытуацыі, успрымаецца надзвычай нэгатыўна і выклікае вострую рэакцыю шмат у каго.

Іншая справа – мяне зьдзіўляюць матывы, паводле якіх гэты беларускі блогер вывесіў гэты файл. Гэта занадта разьюшвае людзкія жарсьці. У цэлым я адмоўна стаўлюся да таго, што зрабіў гэты блогер.Там у загалоўку было, што "рэжуць расейскіх салдатаў". Я асьвятляў першую чачэнскую вайну ад пачатку да канца. Чачэнцы, якія ваявалі, ніколі не забівалі салдат тэрміновай службы. Здаралася, што забівалі кантрактнікаў, паколькі лічылася, што кантрактнік – гэта законная цэль, кантрактнік прыехаў ваяваць за грошы. Былі такія выпадкі, асабліва адносна тых, хто сам рабіў злачынствы. Я, на жаль, сам ня бачыў гэты відэафайл, але называць яго так было не зусім карэктна. Я падазраю, што сытуацыя была крыху іншай.
Андрэй Бабіцкі

Але галоўная пытаньне – у мэце, што мела на мэце блогерка, вывешваючы гэты файл, як яна хацела прасьвяціць сваю аўдыторыю? Стварыць сытуацыю жаху, стварыць правакацыю, прыцягнуць увагу да сябе?

Бабіцкі: Я мяркую, што гэта надзвычай неразумная акцыя, бо тыя абвінавачваньні , якія яна дала ў сваім блогу, чаму яна вывешвае гэтае відэа – яны недастатковыя. Размова ідзе пра надзвычай жорсткія кадры крывавай расправы над салдатамі тэрміновай службы, фактычна , яшчэ хлопчыкамі, дзяцьмі, расправы відавочна садысцкай. І проста яе лічыць доказам таго, што Расея вядзе несправядлівую вайну, у выніку гінуць людзі, гінуць дзеці, чачэнцы перажылі ўсе жахі гэтай вайны і таму страцілі чалавечае аблічча – усіх гэтых тлумачэньняў недастаткова. Там недастатковая матывацыя тых, хто робіць гэтае пакараньне.

Да такіх рэчаў трэба датыкацца нашмат акуратней. Я б падтрымаў (калі б не было гэтага відэа) асноўны тэзіс, які ўтрымліваўся ў гэтым блогу, што вайна несправядлівая, і што ўсе, хто да яе датычны, уцягнутыя ў гэты крывавы кругаварот і робяцца і катамі, і ахвярамі. Але калі ты датыкаесься да сьмерці канкрэтнага чалавека, тон павінен быць іншым. Немагчыма пісаць "рэжуць як сьвіней". Бо за гэтымі словамі – твары хлопчыкаў, якія перажываюць апошнія хвіліны ў жаху перад тым, як іх рэжуць.

Гэта дурнавата выкладзенае відэа, дурнавата пракамэнтаванае. І рэакцыя зразумелая. Блогераў абурыў ня толькі пункт гледжаньня на вайну, іх абурыла тая бесцырымоннасьць, зь якой яна датыкаецца да чужой сьмерці.

Я праглядаў гэты скандал і знайшоў сярод людзей, якія жорстка адрэагавалі, людзей цалкам прыстойных, інтэлігентных блогераў, пра якіх я ніколі ня думаў, што яны будуць асыпаць кагосьці праклёнамі.
Андрэй Шарый

Шары: Фраза "Расейскіх салдатаў чачэнцы рэжуць як сьвіней" – яна і ў мяне выклікае пытаньні маральнага пляну да аўтара гэтага загалоўку ў інтэрнэце, дык зразумела, што на спэцыфічную інтэрнэт-публіку гэта дзейнічае як чырвоная ануча на быка...

Зь іншага боку, калі гаварыць пра грамадзка-палітычны зьмест таго, што адбываецца, то, вядома – гэта тэрмомэтар, які паказвае ўзровень цяперашняга стану грамадзкіх роздумаў у Расеі. Вядома, агульнае асяродзьдзе – амаль нацыяналістычнае, ксэнафобскае, і зразумела, што такога кшталту публікацыі ў цяперашняй Расеі будуць выклікаць падобныя адказы.

Шматгадовая прапаганда расейскіх уладаў таксама адыграла сваю ролю. Адказ расейскіх уладаў на любы пункт погляду, які не супадае з афіцыйным па Паўночнакаўкаскай праблеме, заўсёды не прымусіць сябе чакаць. Апошняя гісторыя – калі на мінулым тыдні праваабаронца зь Пярмі Ігар Аверкіеў напісаў тэкст, дзе прапаноўваў Расеі пазбавіцца ад Паўночнага Каўказу на той падставе, што цывілізацыйна паўночнакаўкаскі і рускі народы – розныя, і Расея будзе мацнейшай і магутнейшай без паўночнага Каўказу ў сваім складзе. Пракуратура неадкладна ўзбудзіла крымінальную справу за заклік да экстрэмізму.

Таму ўсё гэта выстройваецца ў мазаіку хваравітага нарыву, крывавай раны, якой стала Чачня, нягледзячы на ўсе пераможныя рэляцыі Кадырава. Зразумела, што праблема гэтая ня толькі палітычная, але і праблема стаўленьня рускіх да сваёй імпэрскай сьвядомасьці. Але з майго пункту погляду зразумела, што такімі мэтадамі, якія выкарыстаў беларускі блогер, гэтая праблема ня вылечыцца.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG