Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З праблемай — як адасобіць месцы пахаваньня паводле канфэсіі нябожчыкаў — у Беларусі сутыкаюцца ня толькі габрэі. Ніхто як быццам не забараняе хаваць адпаведна старажытным рытуалам. Але праблемы пачынаюцца на могілках. Тэму працягвае Юлія Рымашэўская.


У рытуальным цэху спэцкамбінату камунальна-бытавога абслугоўваньня сьцьвярджаюць, што могуць выканаць любыя пажаданьні сваякоў нябожчыкаў, незалежна ад веравызнаньня:

“Мы ўсіх хаваем, нікому не адмаўляем. Да нас усе зьвяртаюцца — усіх хаваем”.

Хаваюць без труны, цела ў саване кладуць на зямлю. Апускаюць у магілу галавой на захад. А калі чалавек ужо там, стараюцца павярнуць у кірунку Мэкі — для Беларусі гэта кірунак поўдня
Старшыня Духоўнага ўпраўленьня мусульман Беларусі Ісмаіл Варановіч кажа, што адна зь місіяў мячэту — гэта захаваньне рытуальнай традыцыі, прадыктаванай Каранам:

“Хаваюць без труны, цела ў саване кладуць на зямлю. Апускаюць у магілу галавой на захад. А калі чалавек ужо там, стараюцца павярнуць у кірунку Мэкі — для Беларусі гэта кірунак поўдня”.

Дробязяў у справе рытуалу пахаваньня няма — важна ўсё:

“У нас у вопратцы паводле шарыяту не хаваюць. Менавіта ў саване. Калі ўжо загарнулі ў саван, рыхтуюць да пахаваньня. Пажадана хаваць у дзень сьмерці. У выключных выпадках, калі чалавек памёр на сыходзе дня, тады пераносіцца на наступны дзень”.

Вось з тэрмінам пахаваньня могуць быць праблемы. У Менску, прыкладам, мусульманскіх могілак няма:

“Найбліжэйшыя мусульманскія могілкі — у мястэчку Сьмілавічы Чэрвеньскага раёну, дзе шмат цяпер ёсьць пахаваньняў зь Менску і іншых нават гарадоў. А ў тых гарадах і мястэчках Беларусі, дзе больш кампактна жывуць мусульмане, там ёсьць мусульманскія могілкі і там хаваюць, строга прытрымліваючыся рытуалу”.

Рэлігійнага юдэя таксама без асаблівых праблем можна пахаваць гэтак, як патрабуе Талмуд і іншыя сакральныя крыніцы, распавядае вернік-юдэй Канстанцін:

“У кожнай сынагозе ёсьць адпаведныя людзі, якія займаюцца менавіта рытуалам пахаваньня, Хеўра-Кадыш. Калі рабіць усё па строгіх правілах, то сьценкі труны абавязкова павінны быць з дрэва, а дно — зь вельмі тонкага дрэва: маўляў, з тлену прыйшоў — у тлен сышоў. Ніякіх крэмацыяў, паводле нашых законаў, ня можа быць. Ну, і своеасаблівае адпяваньне — Кадыш чытаюць”.

Але, як і ў мусульман, праблемы ёсьць зь месцам пахаваньня, кажа старшыня рэлігійнага аб’яднаньня абшчынаў прагрэсіўнага юдаізму Якаў Басін:

“Самая вялікая праблема — гэта праблема нацыянальных шэрагаў на могілках. Паводле закону іх таксама няма. Могуць быць рэлігійныя. Але юдэйскіх шэрагаў таксама сёньня няма. Яны былі на Чыжоўскіх могілках, былі на Маскоўскіх. А на больш новых, Паўночных могілках — іх ужо няма”.

Мусульмане Беларусі спадзяюцца ўсё ж вырашыць праблему аўтэнтычнага пахавальнага абраду, дзеліцца плянамі Ісмаіл Варановіч:

“Будзем выходзіць на гарадзкія органы, каб нам адвялі месца на агульных могілках. Менавіта месца, каб яго агарадзіць асобна, ня тое, што проста шэрагі… Каб было асобнае месца, дзе можна было б хаваць менавіта мусульманаў”.

Прасьцей вырашаецца праблема ў вернікаў “Сьвядомасьці Крышны”, распавялі мне ў іхнай менскай абшчыне:

Паводле нашых законаў, праз 25—30 год могілкі пасьля апошняга на іх пахаваньня могуць быць зьнесеныя. Але на іхнім месцы нельга нічога будаваць — толькі разьбіць там парк ці сквэр. Гэты закон, на жаль, часта парушаецца
“Традыцыйна нябожчык праходзіць праз рытуал крэмацыі. Мы атрымліваем дазвол сваякоў і зьвяртаемся, каб прах нябожчыка разьвеялі над сакральнай ракой — прыкладам, Гангам. Сваякі чалавека, які пакінуў цела, могуць удзельнічаць ва ўсіх гэтых рытуалах”.

На думку Якава Басіна, стаўленьне грамадзтва да могілак, незалежна ад веравызнаньня, наагул прымушае задумацца:

“Паводле нашых законаў, праз 25—30 год могілкі пасьля апошняга на іх пахаваньня могуць быць зьнесеныя. Але на іхнім месцы нельга нічога будаваць — толькі разьбіць там парк ці сквэр. Гэты закон, на жаль, часта парушаецца. І на месцы могілак (ня толькі габрэйскіх, любых) зьяўляюцца будынкі, жытло, мікрараёны”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG