Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Івашкевіч: Рэжым узяў яшчэ аднаго закладніка


Асіповіцкі суд пакараў актывіста “Маладога фронту” Арцёма Дубскага пазбаўленьнем волі тэрмінам на адзін год за парушэньне правілаў адбыцьця пакараньня ў “справе 14-ці”. Арцёма ўзялі пад варту ў судовай залі пасьля агалошаньня прысуду.

Арцём Дубскі адразу пасьля вынясеньня прысуду ледзь стрымліваў свае эмоцыі:

“Ну, што?! Ганебны прысуд! Рэжым паказаў свой твар. Жыве Беларусь!”

Ён так пракамэнтаваў судовае рашэньне:

“Хацеў бы зазначыць, што тое, што ў нас адбываецца так званая лібэралізацыя, гэты прысуд яскрава паказвае, што чалавек, які прыехаў у Беларусь, і хацеў вырашыць усе пытаньні, усе тыя недарэчнасьці, якія зьявіліся падчас і з-за яго ад’езду, сутыкнуўся з тым, што была створана відавочнасьць вырашэньня тых пытаньняў.

Насамрэч я атрымаў тэрмін зьняволеньня.

Па-другое, мне вельмі крыўдна, што нейкія сапраўдныя злачынцы па амністыі выходзяць на волю, у той час як простых людзей,якія толькі хацелі высьветліць што да чаго зачыняюць“.

Арцём Дубскі ў часе адбыцьця пакараньня ў “справе 14-ці” меў заўвагі ад супрацоўнікаў міліцыі. Яму пачалі пагражаць крымінальнай справай за тое, што двойчы не сасьпелі хлопца дома. Акрамя таго, супраць Арцёма распачалі крымінальную справу за карыстаньне чужой сім-карткай для выхаду ў інтэрнэт.

Арцём зьехаў ва Ўкраіну, а 13 лютага яго затрымалі на беларускай мяжы і завезьлі ў бабруйскі сьледчы ізалятар. У красавіку Арцёма без тлумачэньня прычынаў адпусьцілі.

Судзьдзя заслухала паказаньні сьведак-міліцыянтаў, якія давалі блытаныя паказаньні, спасылаючыся на тое, што ня памятаюць пры якіх абставінах складалі рапарты. Тое, што спагнаньне за парушэньне правілаў адбыцьця пакараньня можа даваць толькі кіраўнік міліцыі, інспэктары ня ведалі. На пытаньне судзьдзі, чаму не карыстаюцца кодэксам, яны адказвалі, што выконваюць выключна інструкцыі.

Паплечнікі Арцёма Дубскага, якіх было ў судовай залі некалькі дзясяткаў, не чакалі, што хлопцу надзенуць кайданкі пасьля вынясеньня прысуду.

Гаворыць лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч:

“Гэта жорсткі прысуд. Мы будзем змагацца за вызваленьне Арцёма рознымі мэтадамі: будзем ладзіць пікеты ды іншыя акцыі салідарнасьці. Будзем зьвяртацца ў міжнародныя структуры”.

Актывістка Маладога фронту Тацяна Шапуцька прыехала на суд разам са сваімі паплечнікамі:

“Наш прыезд сюды гэта знак праявы нашай салідарнасьці. Кожнаму чалавеку, які трапіў пад крымінальную справу, неабходна маральная падтрымка.

Мы непакоімся за Арцёма, бо гэта ў яго ўжо трэцяя крымінальная справа. Мы будзем імкнуцца ўсімі сіламі яго падтрымліваць”.

Дзяўчына Арцёма Дубскага прыехала на суд з Кіева. Дзяўчына не магла стрымаць сьлёз у судовай залі. Маці Арцёма яе супакойвала як магла.

Палітыкі лічаць, што жорсткі цалкам упісваецца ў рамкі палітыкі беларускіх уладаў.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч: “Гэтая справа сьведчыць яшчэ раз пра дакладную тактыку рэжыму браць закладнікаў і адпускаць іх за пэўныя саступкі і прэфэрэнцыі. Вось узялі закладнікі Зэльцэра, прыехалі кангрэсмэны ЗША — адпусьціў.

Ну, а наступным разам таксама трэба будзе гандлявацца, вось і ўзяў яшчэ аднаго закладніка. А там і Аўтуховіч са сваімі сябрамі…

Тактыка рэжыму — браць у закладнікі сваіх грамадзянаў, а потым прадаваць іх заходнікам за тую ці іншую цану. Захад ідзе на гэта, а лічу, што гэта памылка. З тэрарыстамі не павінна быць перамоваў”.

Мікола Статкевіч: “Дзеяньні ўладаў сьведчаць пра тое, што мы казалі даўно. Робіцца імітацыя лібэралізацыі. Але ўлада нават ня можа пайсьці на тое, каб не было фармальна палітзьняволеных. Таму што хоча захаваць у грамадзтве страх. Хоча, каб людзі ведалі, што ёсьць грамадзяне Беларусі, якія хацелі дэмакратыі і нешта рабілі дзеля яе.

У нас так часта бывае: 10 чалавек сядзяць, а 10 мільёнаў баяцца. Вось улада і імкнецца надалей захоўваць такую сытуацыю“.

Лідэр руху “Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч сам два гады таму быў пакараны пазбаўленьнем волі за парушэньне правілаў адбыцьця пакараньня на “хіміі” за палітычныя графіці.

“Лічу гэты прысуд абсалютна беспрэцэдэнтным, бо, нават улічваючы, што беларускія ўлады заяўляюць пра лібэралізацыю, такія прысуды абсалютна вар’яцкія.

Менавіта па такім жа артыкуле судзілі мяне два гады таму і прысудзілі паўтара году. Але я адседзеў паўтара месяца.

Натуральна, зараз мы будзем чакаць такіх жа дзеяньняў з боку беларускіх уладаў і мы будзем патрабаваць ад сусьветнай супольнасьці падтрымаць Арцёма Дубскага і патрабаваць ад беларускіх уладаў ягонага вызваленьня”.

Паводле дзяржаўнага абвінавачаньня Арцёму Дубскаму заставалася адбываць пакараньне абмежаваньнем волі ў “справе 14-ці” яшчэ 1 год 9 месяцаў і 28 дзён. Але адвакатка Арцёма Тамара Сідарэнка ў судзе пералічыла тыя дні, што хлопец знаходзіўся пад вартай і, паводле яе падлікаў, ён адбыў палову тэрміну.
XS
SM
MD
LG