Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы палітвязень. Дубскага пакаралі годам турмы


Арцёма Дубскага ўзялі пад канвой пасьля абвяшчэньня прысуду.
Арцёма Дубскага ўзялі пад канвой пасьля абвяшчэньня прысуду.

Судзьдзя Асіповіцкага раённага суду Жана Шарабайка пакарала Арцёма Дубскага годам пазбаўленьня волі. У залі суду яго адразу ўзялі пад варту.

Моладзевага актывіста абвінавацілі ў парушэньні правілаў адбыцьця пакараньня, калі ён зьехаў без дазволу ўчастковага інспэктара ва Ўкраіну.

Арцём Дубскі быў пакараны двума гадамі абмежаваньня волі у “справе 14-ці”. Яго абвінавацілі ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія нібыта прывялі да масавых беспарадкаў падчас акцый пратэсту прадпрымальнікаў. Паводле гэтага пакараньня, Арцём Дубскі мусіў кожны панядзелак адзначацца ў міліцыі – каб засьведчыць, што ён не пакінуў межы гораду, а таксама быць кожны вечар дома пасьля 19:00. Хлопец ня мог пакідаць межы сваёй кватэры і ня мог выехаць з Асіповічаў без дазволу ўчастковага інспэктара. Супрацоўнікі міліцыі тройчы складалі на яго рапарт пра парушэньне правілаў адбыцьця пакараньня, але ў судзе высьветлілася, што рапарты ня мелі зыходных дадзеных і нідзе не былі зарэгістраваныя.

Паводле Арцёма, міліцыянты палохалі яго новай крымінальнай справай, у выніку чаго ён вымушаны быў зьехаць ва Ўкраіну. Але 13 лютага ён вырашыў вярнуцца, быў зьняты зь цягніка на беларуска-украінскай мяжы і накіраваны ў Бабруйскі сьледчы ізалятар.

У часе адбыцьця пакараньня супраць хлопца распачалі яшчэ адну крымінальную справу за карыстаньне чужой сім-картай і нанясеньне ўрону кампаніі Velcom. Але гэтая справа завяршылася для Арцёма штрафам, і ніякіх прэтэнзіяў ні тэлефонная кампанія, ні ўладальніца сім-карткі да яго ня маюць.

У часе сёньняшняга судовага пасяджэньня адвакатка Дубскага прасіла не караць яго вельмі жорстка, бо ён ужо адбыў палову тэрміну свайго пакараньня: яму заставаўся год. Судзьдзя прысудзіла яго да 6 месяцаў калёніі, а таксама ўлічыла, што ён павінен адбыць яшчэ год абмежаваньня рэжыму за справу 14-ці. Гэтае пакараньне залічылася Дубскаму як “дзень за два” – то бок, два дні абмежаваньня волі лічацца за дзень, праведзены ў калёніі. У выніку судзьдзя зьмяніла пакараньне Дубскаму з абмежаваньня волі на ўтрыманьне ў калёніі: такім чынам у суме ён павінен правесьці ў калёніі адзін год.

Літаральна месяц таму ў судзе Маскоўскага раёну Менску разглядалася справа непаўнагадовага Максіма Дашука, якога таксама абвінавацілі ў парушэньні правілаў адбыцьця пакараньня, але хлопцу дадалі толькі яшчэ два дні.

Сам Арцём, як толькі судзьдзя абвясьціла прысуд, і яму пачалі надзяваць кайданкі, толькі пасьпеў сказаць некалькі словаў:

"Гэта ганебны прысуд: рэжым паказаў сваё аблічча чарговым разам. Жыве Беларусь!"

Арцёму Дубскаму 22 гады, ён скончыў Асіповіцкую гімназію і, як патлумачыў судзьдзі, часова не працаваў. Сам хлопец міліцыянтамі характарызаваўся станоўча. На суд да Дубскага прыехалі дзясяткі ягоных паплечнікаў, сярод іх таксама лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч:

"Безумоўна, мы спадзяваліся на значна мякчэйшы прысуд – у першую чаргу зьвяртаючы ўвагу на тое, што ўсе фігуранты "справы 14-ці" прызнаныя Міжнароднай Амністыяй вязьнямі сумленьня , а таксама на тое, што ўдзельнікі гэтай справы ўжо былі амніставаныя. І мы былі шакаваныя гэтым прысудам: год зьняволеньня – і будзем дамагацца вызваленьня Арцёма, будзем праводзіць пікеты, зьвяртацца ў міжнародныя структуры і прыцягваць увагу да гэтага беззаконьня як беларускай, так і міжнароднай грамадзкасьці.”

Судзьдзя Жана Шарабайка паведаміла маці Арцёма, што тая можа напісаць заяву на спатканьне з сынам – гэта, маўляў, адзінае, што можа зрабіць для яе суд. Прысутныя на працэсе адзначылі, што і сама судзьдзя, відаць, у разгубленасьці ад такога прысуду.





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG