Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа аб леташнім выбуху: год ганьбы


Кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка назваў ганьбай для праваахоўных органаў тое, што дагэтуль ня знойдзеныя асобы, якія летась зьдзейсьнілі выбухі падчас сьвяточнага канцэрту ў ноч на 4 ліпеня.

Падчас нарады з апэратыўна-камандным складам МУС Аляксандар Лукашэнка назваў выбухі ў Менску і Віцебску “небясьпечнымі экстрэмісцкімі праявамі”. Нагадаем: у выніку выбуху 4 ліпеня каля паўсотні чалавек было шпіталізавана. Злачынства было кваліфікавана як злоснае хуліганства.

Крымінальная справа паводле падзеяў 4 ліпеня 2008 году дагэтуль ня спынена. На сёньняшні дзень у справе няма ніводнага абвінавачанага.

Пасьля выбуху 4 ліпеня была створана сьледчая група, у склад якой увайшлі прадстаўнікі міліцыі, пракуратуры і КДБ. У першыя ж суткі ў сьледчыя ізалятары трапілі больш за сотню чалавек, у тым ліку былыя актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Белы легіён”. Пазьней за кратамі апынуліся і прадстаўнікі іншых дэмакратычных арганізацый.

У краіне распачалася маштабная кампанія збору адбіткаў пальцаў сярод мужчынскай паловы насельніцтва. Спачатку адбіткі пальцаў здавалі навукоўцы і выкладчыкі хімічных і фізычных факультэтаў, потым – пагалоўна ўсе ваеннабавязаныя. Некалькі студэнтаў — пераможцаў алімпіядаў трапілі ў СІЗА.

Лідэр “Правага альянсу” Юрась Карэтнікаў трое сутак правёў у сьледчым ізалятары КДБ. Ён упэўнены, што ўлады скарысталі выбух 4 ліпеня дзеля ціску на сваіх апанэнтаў. Юрась прыгадаў, што падчас ператрусу супрацоўнікаў КДБ не зацікавілі кампутар і носьбіты інфармацыі, якія звычайна ў першую чаргу забіраюць для сьледчага расьсьледаваньня:

“Гэтая справа была, каб мяне ізаляваць. У тыя дні распачыналася парлямэнцкая кампанія. Я быў адным з кандыдатаў ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Толькі пасьля рэакцыі з боку АДС са мной пачаліся сьледчыя дзеяньні.

Толькі пасьля гэтага мне паведамілі, што я падазроны ў справе пра выбух. Мяне тады зьдзівіла, што яны ж фактычна мелі ўсе факты пра тое, што я адсутнічаў у Беларусі. Ад 29 чэрвеня па 5 ліпеня я быў за мяжой, пра што былі зьвесткі ў пашпарце”.

Ігар Корсак, былы актывіст “Белага легіёну”, 10 сутак правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня:

“Як толькі я даведаўся, што быў выбух, я адразу зразумеў, што будзе хапун. Я быў і тады ўпэўнены, што гэта чыстай вады правакацыя. Прыйшлі да маіх бацькоў, адтуль патэлефанавалі.

Я зразумеў, што калі ўжо за мяне ўзяліся, то й усіх будуць трэсьці. Заўжды ў гаспадарцы ёсьць нейкія жалезкі, тым больш калі ў хаце ёсьць мужчына. Тады трэба кожнага другога садзіць”.

Пасьля выбуху 4 ліпеня дзясяткі актывістаў дэмакратычнага руху трапілі ў сьпісы невыязных і толькі пасьля некалькіх дэмаршаў у цэнтры сталіцы дабіліся права выезду за мяжу.

Нягледзячы на тое, што ад выбуху на масавым мерапрыемстве пацярпелі больш за паўсотні чалавек, учынак кваліфікавалі не як тэрарызм, а як злоснае хуліганства.

Між тым падчас сёньняшняй нарады з апэратыўна-камандным складам МУС Аляксандр Лукашэнка назваў выбухі ў Менску і Віцебску небясьпечнымі праявамі экстрэмізму. Тое, што злачынцаў дагэтуль не знайшлі, прэзыдэнт лічыць ганьбай для праваахоўных органаў.

Цягам апошніх дзён у Менску ідзе падрыхтоўка да сьвяткаваньня чарговага Дня незалежнасьці. На 3 ліпеня заплянаваны сьвяточны канцэрт і фаервэрк.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG