Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытнікі ўжо зьявіліся. Чэргаў пакуль няма


З расейскага боку мяжы чэргаў няма

З расейскага боку мяжы чэргаў няма

Стацыянарных пунктаў мытнага кантролю на мяжы Віцебскай вобласьці з Пскоўшчынай ды Смаленшчынай пакуль няма. Аднак сёньня зранку на сямі памежных пераходах зьявіліся супрацоўнікі Віцебскай абласной мытні.

Паводле супрацоўніка мытні Зьмітра Голікава, які ад 9-й раніцы дзяжурыць на памежным пераходзе “Завольша”, што ў Лёзьненскім раёне, адмыслоўцы гатовыя распачаць працу па стварэньні пунктаў мытнага кантролю зь беларускага боку. Але пакуль такога загаду зь Дзяржаўнага камітэту мытнага кантролю не паступала.

“Беларускія мытныя структуры перасталі ажыцьцяўляць мытны кантроль на беларуска-расейскай мяжы з 1995 году. Мытнікі адсюль сышлі, і ніякіх нашых структур не было. Але калі старшыня Дзяржаўнага камітэту мытнага кантролю сказаў, што ёсьць такія намеры, каб аднавіць мытны кантроль — у такой сама ступені, як гэта ёсьць у мытных службаў Расейскай Федэрацыі — то мы павінны быць гатовыя. Аднак рашэньня, што ўжо аднавіўся мытны кантроль, пакуль што яшчэ няма”.

За Завольшай — мяжа з Расеяй.
Як распавёў спадар Голікаў, у выпадку паступленьня адпаведнай каманды на мяжу даставяць перасоўныя модулі зь неабходным кампутарным абсталяваньнем. На ягоную думку, чэргаў з расейскага боку гэта выклікаць не павінна, бо сучасныя тэхналёгіі адсочваньня транспартаваньня грузаў дазваляюць ажыцьцяўляць мытны кантроль ня толькі шляхам непасрэднага агляду зьмесціва аўтамабіляў на мяжы. Узмоцненаму кантролю будуць падлягаць толькі тыя аўтамашыны, якія выклікаюць падазрэньне — ці не перавозяць яны наркотыкі, зброю або нелегальны алькаголь.

Супрацоўнік віцебскай мытні падкрэсьліў, што верагоднае аднаўленьне кантролю, на ягоную думку, ніякім чынам не зьвязана з забаронай на ўвоз у Расейскую Фэдэрацыю беларускай малочнай прадукцыі і выклікана хіба што пачашчэньнем выпадкаў перавозак кантрабандных грузаў.

Сяргей Шэйдзін, кіраўнік памежнага расейскага мытнага пункту “Рудня”, пацьвердзіў, што ўжо ёсьць вуснае распараджэньне прапускаць празь мяжу транспарт зь беларускімі малочнымі прадуктамі, апрача сухога малака. Аднак пісьмовага распараджэньня да трэцяй гадзіны дня ён яшчэ не атрымліваў.

Грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі, кіроўца Віктар Лапахін, пераехаўшы мяжу Беларусі пакуль што яшчэ бяз мытнага надгляду, мяркуе, што ўвядзеньне кантролю прынясе пэўныя нязручнасьці:

“Пакуль не правяралі. Што на нашай, што на беларускай мяжы толькі тармазнулі і рукой махнулі. А калі будуць спыняць, глядзець, мы падпарадкуемся. Нічога ня зробіш, але непрыемна, канечне”.

Пакуль на беларускім баку мытнага кантролю яшчэ няма, машыны зь Беларусі правяраюць расейскія мытнікі, чыя дзейнасьць на працягу апошніх гадоў не перапынялася. Чэргаў сёньня ні з аднаго, ні з другога боку беларускай мяжы няма.
XS
SM
MD
LG