Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія мытнікі зьявіліся на расейскай мяжы


Чарговы крок беларускага боку ў адказ на “малочную вайну” Расеі — усталяваньне мытных пастоў на буйных аўтамагістралях. Рэгіянальныя мытні з Гомелю, Магілёва, Віцебску накіравалі сваіх супрацоўнікаў на расейскую мяжу, аднак тыя пакуль не пачалі кантролю — чакаюць каманды зь Менску.

Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Аляксандар Шпілеўскі паводле распараджэньня Аляксандра Лукашэнкі загадаў увесьці ад 9-й гадзіны раніцы 17 чэрвеня ўзмоцнены рэжым кантролю за перамяшчэньнем грузаў на асноўных беларуска-расейскіх магістралях. Напярэдадні дзяржаўны сакратар Рады Бясьпекі Беларусі Юры Жадобін назваў гэты крок аналягічным тым дзеяньням, якія шмат гадоў практыкуе расейскі бок. Пры гэтым Жадобін выказаў шкадаваньне, што ніякіх зьменаў у падыходах расейскіх партнэраў да супрацоўніцтва ў апошнія дні не адбылося.

Раніцай на памежных пераходах мытнікі сапраўды зьявіліся і зьбіраліся ўжо спыняць машыны. На пераходзе “Рэдзькі”, што на трасе Брэст — Масква, зьявіліся два вагончыкі, беларускі сьцяг і плякат: “Дарагія расейцы, даруйце, але гэта не віна беларусаў у тым, што вы церпіце нязручнасьці на мяжы”. Але празь нейкі час гэты плякат згарнулі, а рэальны кантроль транспарту так і не пачаўся. Гаворыць намесьнік кіраўніка Віцебскай рэгіянальнай мытні Яўген Сяргееў:

“Пакуль яшчэ не было канчатковага распараджэньня, каб прыступіць. Будзе распараджэньне — будуць працаваць. Мытні гатовыя да таго, каб выканаць даручэньне старшыні Мытнага камітэту”.

Аналягічная інфармацыя паступіла з Гомельскай і Магілёўскай мытняў. Аднак у цэнтральным апараце Мытнага камітэту зазначаюць, што ўчорашняга загаду ніхто не прыпыняў. Гаворыць начальнік прэсавай службы беларускай мытні Ўладзімер Пехцераў:

“Кантроль можа быць візуальны, можа быць з дапамогай тэхнічных сродкаў. Формы і мэтодыкі могуць быць рознымі… Таму б я не сьцьвярджаў так агульна, што кантроль не пачаўся. А пачакаў бы якіх вынікаў”.

Паводле спадара Пехцерава, мытнікі ўсталявалі на межах з Расеяй пункты прыняцьця паведамленьняў, якія маюць кантраляваць камэрцыйныя партыі тавараў і грузы, якія ідуць з Расеі ці ў Расею. Іх колькасьць пакуль не называецца — гэта апэратыўная інфармацыя.

Намесьнік начальніка Магілёўскай мытні Юры Чарнагалаў запэўніў:

“Звычайных грамадзян Беларусі і Расеі гэта ні ў якім разе не закране. Натуральна, законапаслухмяных грамадзян”.

Але, паводле спадара Чарнагалава, пад праверкі патрапяць і індывідуальныя прадпрымальнікі.

Апошнія ўжо выказалі сваю занепакоенасьць рашэньнем Мытнага камітэту. Гаворыць прадстаўнік дробнага бізнэсу Анатоль Шумчанка:

“Закону хапае для таго, каб затрымаць, канфіскаваць і г.д. Усе гэтыя саюзныя гульні былі на паперы, але ў гэтым выпадку прадпрымальнікі становяцца першымі закладнікамі гэтых палітычных гульняў паміж Беларусьсю і Расеяй. Можа, хай бы Аляксандар Рыгоравіч патэлефанаваў Дзьмітрыю Анатолевічу і пагутарыў. Урэшце, інтарэсы народа вышэйшыя”.

Паводле былога кіраўніка беларускага ўраду Міхаіла Чыгіра, аўтамабільнымі трасамі з Расеі ідзе нязначная колькасьць тавараў, таму асаблівай матэрыяльнай выгады ад працы мытных пастоў дзяржаве ня будзе, а людзі пацярпяць:

“Тым больш, усё зроблена без падрыхтоўкі. А людзі будуць ехаць, нічога ня ведаючы… Каб гэта адбывалася з вамі ці са мной — як бы мы рэагавалі на ўсё гэта?”

Міхаіл Чыгір рэкамэндуе беларускаму ўраду дамаўляцца з Расеяй.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі кажа, што гэтае рашэньне Менску наконт аднаўленьня мытных пастоў — і ёсьць аргумэнт беларускіх уладаў у малочных перамовах з Расеяй. Аргумэнт даволі моцны на фоне плянаў Расеі стварыць да 2010 году Мытны саюз зь Беларусьсю і Казахстанам і разам пайсьці ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю.

“Я думаю, што менавіта таму беларускія ўлады і б’юць цяпер у гэтую балючую кропку — таму што адчуваюць, што падсякаюць пад корань амбітныя задумы Масквы наконт стварэньня агульнай мытнай прасторы. Дапускаю, што ёсьць пэўная імавернасьць, што ўлада выкарыстоўвае гэты зручны момант, каб абарваць пэўныя абрыдлыя сувязі, дамовы ў рамках гэтай саюзнай дзяржавы, якая шкодзіць эканамічным і палітычным інтарэсам Беларусі”.

Аляксандар Класкоўскі мяркуе, што ў выніку цяперашняга канфлікту расколіна ў беларуска-расейскіх адносінах пабольшае і сытуацыя будзе далей ісьці ў кірунку ўсталяваньня нармальных межаў і мытнага кантролю.
XS
SM
MD
LG