Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дуброўскі: Да вытокаў Прыпяці


Аляксей Дуброўскі

Аляксей Дуброўскі

Грамадзкі рэдактар тыдня – Аляксей Дуброўскі.


ФОТАГАЛЕРЭЯ





Мае сябры з Галяндыі праехалі Палесьсе ўздоўж і ўпоперак, а затым паставілі пытаньне ультыматыўна: хочам пабачыць, дзе пачынаецца Прыпяць!

Аляксей Дуброўскі.
Чарговаму грамадзкаму рэдактару Свабоды 64 гады, ён з Барысаўшчыны. Пасьля біяфаку БДУ працаваў у навуковым аддзеле Нацыянальнага парку “Белавеская пушча”, настаўнікам у Магілёўскім раёне, аднак большую частку жыцьця аддаў Піншчыне, дзе быў інжынэрам у праектным інстытуце мэліярацыі “Палесьсегідраводгаспадарка”, начальнікам пошукавай партыі, галоўным спэцыялістам па ахове прыроды. Кіраваў у тым ліку і арганізацыяй новых заказьнікаў на Берасьцейшчыне.

У вольны ад працы час займаецца краязнаўствам, здымкамі аматарскіх фільмаў, распрацоўвае экалягічныя маршруты, выдаў некалькі кніжак, прысьвечаных экалёгіі, прыродзе і гісторыі Палесься. Шмат падарожнічае на ровары. Ягоны галоўны дэвіз: рух – гэта жыцьцё.

e-mail: a.dubrouski@tut.by
І вось Украіна, вёска Сьвіцязь Любомльскага раёну, Нацыянальны парк “Шацкія азёры”. Далей ехаць вадзіцель нашага камфартабэльнага аўтобуса катэгарычна адмовіўся. Давялося наймаць дабіты “Ікарус”. На ім доўга-доўга цягнуліся па 15-кілямэтровай гравійнай дарозе да вёскі Гарохаўшчына.

Ля яе агародаў плёскалася сапраўднае дзікае балота з альхой, івай і чыстымі плёсамі цёмнай вады, у якой стаялі івовыя кашы для лоўлі ратанаў.

Ніякімі афішамі гэтае месца не пазначана. Хаця вяскоўцы сьцьвярджалі, што вучоныя людзі прыяжджалі сюды і паставілі памятны знак. Аднак мясцовыя хуліганы яго зьнішчылі. Пра тое, што гэтае балота і ёсьць пачатак Прыпяці, казалі ўсе старыя. Абышлі яго з усіх бакоў. Перайшлі ніжэй балота – нават не замачылі ног – невялікую ручаіну Прыпяці…

І зьехалі на возера Пясчанае, дзе разьмясьціліся на ноч у палатках – ва ўкраінскіх нацыянальных парках такіх строгасьцяў няма, як у нас, і грошы за ўезд не бяруць.

Наступны дзень правялі на прудах ля вёскі Пішча. Найбагацейшыя мясьціны на птаства: чорны бусел, дзясяткі лебядзяў, гняздоўі белых ды шэрых чапляў.

А затым – Львоўшчына. Забраліся ў апошнюю вёску ўсходніх Карпатаў – Асмалоду. Маладыя гаспадары, дзе мы спыніліся – Віктар і Юля Худзякі, нават у гэтым забытым краі знайшлі магчымасьць да існаваньня: пабудавалі двухпавярховы дом з усімі зручнасьцямі (нават з гарачай вадой) і прымаюць гасьцей. Сямёра чалавек у доме, астатнія ў палатках.

Наступным днём гаспадар пасадзіў усіх нас (а гэта 20 чалавек) у самазвал-лесавоз, сам сеў за руль і яшчэ восем кілямэтраў вёз у горы па вузкай дарозе. Калі яна закончылася, яшчэ дзьве гадзіны ішлі пешкі на гару Грофа – 1 748 мэтраў над узроўнем мора. Прыгажосьць там такая, што ніякімі словамі перадаць немагчыма.

А напрыканцы быў Хоцін – гэты гарадок у сямнаццатым стагодзьдзі зьяўляўся турэцкай крэпасьцю. Тут праходзіла мяжа паміж Асманскай імпэрыяй і Рэччу Паспалітай. Многа нашых землякоў склалі там галовы. Крэпасьць захавалася і зараз рэстаўруецца.

Рэкамэндую гэты маршрут!
XS
SM
MD
LG