Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дуброўскі: Сьвет некранутай прыроды і старажытных промыслаў


Грамадзкі рэдактар тыдня – Аляксей Дуброўскі.


ФОТАГАЛЕРЭЯ




І сёньня яшчэ можна сустрэць на Палесьсі бортнікаў – старажытнае пчалярства захавалася ў нашым краі.

Шкада толькі, адыходзяць з нашага жыцьця старыя звычаі, традыцыі, промыслы, цэлыя вёскі… Старыя паміраюць, а разам зь імі – культура такога далёкага племя…

Аляксей Дуброўскі.
Чарговаму грамадзкаму рэдактару Свабоды 64 гады, ён з Барысаўшчыны. Пасьля біяфаку БДУ працаваў у навуковым аддзеле Нацыянальнага парку “Белавеская пушча”, настаўнікам у Магілёўскім раёне, аднак большую частку жыцьця аддаў Піншчыне, дзе быў інжынэрам у праектным інстытуце мэліярацыі “Палесьсегідраводгаспадарка”, начальнікам пошукавай партыі, галоўным спэцыялістам па ахове прыроды. Кіраваў у тым ліку і арганізацыяй новых заказьнікаў на Берасьцейшчыне.

У вольны ад працы час займаецца краязнаўствам, здымкамі аматарскіх фільмаў, распрацоўвае экалягічныя маршруты, выдаў некалькі кніжак, прысьвечаных экалёгіі, прыродзе і гісторыі Палесься. Шмат падарожнічае на ровары. Ягоны галоўны дэвіз: рух – гэта жыцьцё.

e-mail: a.dubrouski@tut.by
Летась пачаў здымаць вёску Кудрычы і бортнікаў. Пройдзе няшмат часу і няўмольная цывілізацыя дасьць нам новыя каштоўнасьці, аднак ці хопіць для духоўнага росту? Вось і зьбіраю па крупінках старыну – мо ўнукам спатрэбіцца.

У статуце ВКЛ 1588 году чатыры артыкулы тычацца бортніцтва і пчолаў. Бортныя дрэвы часта згадваліся ў граматах каралёў, князёў, бацькі перадавалі ў спадчыну дрэвы з пчоламі дочкам. Мёд, воск ішлі на лекі, напоі, асьвятлялі курныя хаты сялянаў і харомы магнатаў. За наўмыснае пашкоджаньне бортных дрэваў або знамён (асабістых клеймаў) вінаватыя строга караліся, аж да сьмерці.

Ці ёсьць бортнікі зараз, у сьвеце суцэльных і параўнальна танных ласункаў?

Вось ужо трэці год зь Мікалаем Качаноўскім езьдзім па Палесьсі. Ён зьбірае, а дакладней купляе ў людзей непатрэбныя борці, якія часта пілуюцца на дровы, а я гутару і здымаю відэафільм. Ужо некалькі разоў падарожнічалі на Століншчыну. Тут сапраўдны рай для краязнаўцы і эколяга.

У вёсках Мочуль, Цярэблічы, Старына, Могільна пазнаходзілі ўсё, што шукалі, у тым выглядзе, у якім яно было і ў шаснаццатым стагодзьдзі. У Цярэблічах – унікальныя борці са знамёнамі і прыстасаваньнямі, каб у мёд ня ўлез мядзьведзь. Могільна – апошняя вёска перад поймай Прыпяці. Далей 12 кілямэтраў суцэльных балотаў – у вёсках сярод іх, канечне, нешта павінна захавацца.

Мае надзеі спраўдзіліся. 82-гадовы Васіль Мікалаевіч Каральчук яшчэ актыўна займаецца старажытным промыслам. Ад дзеда дасталіся яму борці і 30 вульляў. Прытым борці гарызантальныя, зь невялікімі рамкамі, што сёньня рэдкасьць і для Палесься. Паабяцаў у лесе паказаць сапраўдныя бортныя дрэвы.

У агародзе расьце вялізная груша, таксама з борцю. Васіль Мікалаевіч кажа, што ў ягоным дзяцінстве яна была такой самай. Мо, гадоў 200 мае…

Аднак найбольш захапіў Ласіцк у Пінскім раёне: уражаньні нельга нават апісаць. Трапілі ў нейкі сьвет абсалютна некранутай прыроды. За стагодзьдзі тут аніякіх зьменаў. Чатыры кілямэтры плылі на лодцы, каб патрапіць да борцяў у пойме Старыцы. Па прытоках, затопленаму альховаму лесу, сярод густога паху зарасьнікаў мяты дабраліся да калод, што віселі на дрэвах на вышыні паўтара-два мэтры.

Адзінае, што засмучае: разам са старымі памірае і гэты старажытны промысел. Дзецям, унукам не да бортніцтва. Трэба ж вельмі шмат часу адпускаць на іх догляд, ды й сама праца гэта цяжкая і – на жаль, малапрыбытковая.

Грамадзтва можа апынуцца у разьбітага карыта, як і захад, дзе даўно ўжо цывілізацыя зьнішчыла такі рэчы, і зараз адтуль з зайздрасьцю глядзяць на астаткі нашых старажытных промыслаў.

Шкада, што беларускія ўлады вельмі далёкія ад усяго гэтага і абсалютна нічога ня робяць дзеля захаваньня найрэдкага культурнага пласту. Патрабуюцца спэцыяльныя праграмы і праекты дзеля збору неабходнай інфармацыі А пасьля вывучэньня здабытага можна было б наладзіць у тыя вёскі турыстычныя маршруты – паглядзець на промысел, якому стагодзьдзі…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG