Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ гатовы павялічыць крэдыт Беларусі на мільярд даляраў


Місія Міжнароднага валютнага фонду і беларускія ўлады паразумеліся ў пытаньні выдзяленьня другой траншы крэдыту стэнд-бай – пра гэта заявіў сёньня ў сядзібе МВФ у Вашынгтоне кіраўнік місіі фонду ў Беларусі Крыс Джарвіс.


Таксама паведамляецца, што МВФ гатовы на просьбу афіцыйнага Менску павялічыць суму крэдыту на адзін мільярд з 2,46 мільярда да 3,46 мільярда даляраў.

Паводле ягоных словаў, місія МВФ знайшла зь беларускімі ўладамі кансэнсус па ўмовах прадстаўленьня краіне другой траншы крэдыту МВФ, выдзеленага сёлета Беларусі ў памеры 2,46 мільярда даляраў. Апрача таго, супрацоўнікі фонду будуць рэкамэндаваць кіраўніцтву МВФ павялічыць фінансавую падтрымку Беларусі. “Такое павелічэньне апраўданае, таму што ў сувязі з глябальным эканамічным крызісам вырасьлі патрэбы Беларусі ў фінансаваньні, а таксама таму што ўрад і цэнтральны банк краіны робяць сур’ёзныя намаганьні для вырашэньня праблем”, – заявіў Крыс Джарвіс.

Пагадненьне аб выдзяленьні Беларусі на працягу 15 месяцаў крэдыту стэнд-бай у памеры 2,46 мільярда даляраў было зацьверджана 12 студзеня сёлета. Першая транша крэдыту на 788 мільёнаў даляраў паступіла ў Беларусь 14 студзеня, астатнія сродкі маюць пералічацца з улікам штоквартальных справаздач беларускага ўраду.
.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG