Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забаронены ўвоз у Расею практычна ўсёй беларускай малочнай прадукцыі

  • БелаПАН

На тэрыторыю Расеі забаронены ўвоз практычна ўсёй беларускай малочнай прадукцыі. Пра гэта паведаміў кіраўнік Фэдэральнай службы па наглядзе ў сфэры абароны правоў спажыўцоў і дабрабыту чалавека Расеі Генадзь Анішчанка 9 чэрвеня ў эфіры тэлеканала "Вести 24", перадае РІА Новости.


"Сёньня я гэты сьпіс пашырыў, і на гэты час практычна ўся малочная прадукцыя беларуская забаронена для ўвозу ў Расею", — сказаў Г.Анішчанка. Паводле яго слоў, цяпер забарона распаўсюджваецца на прадукцыю больш як тысячы найменьняў, "за выключэньнем 50-60 пазыцый".

Трэба памятаць, што Расея за гэтую прадукцыю плаціць паўнаважкім расійскім рублём, і хацелася б, каб на гэтыя грошы да нас прыходзіла тая прадукцыя, якая адпавядае нашым нацыянальным нормам
Першы сьпіс ад 6 чэрвеня складаўся з больш як 500 відаў і найменьняў малочнай прадукцыі з Беларусі. Забарона зьвязана з тым, што вытворцы не перааформілі дазвольную дакумэнтацыю ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі тэхнічнага рэглямэнту, якія ўвайшлі у сілу яшчэ ў сьнежні 2008 года.

"Відаць, астаткавае, уласьцівае ўсім нам скрышальнае нежаданьне выконваць заканадаўства любымі сродкамі адыграла злы жарт з нашымі беларускімі суседзямі", — заявіў Г.Анішчанка, зазначыўшы, што Расспажыўнагляд цярпеў парушэньні тэхрэгляменту беларускімі вытворцамі амаль паўгода.

відаць, астаткавае, уласьцівае ўсім нам скрышальнае нежаданьне выконваць заканадаўства любымі сродкамі адыграла злы жарт з нашымі беларускімі суседзямі
"Трэба памятаць, што Расея за гэтую прадукцыю плаціць паўнаважкім расійскім рублём, і хацелася б, каб на гэтыя грошы да нас прыходзіла тая прадукцыя, якая адпавядае нашым нацыянальным нормам", — падкрэсьліў расейскі чыноўнік.

У прэс-рэлізе Расспажыўнагляда ад 9 чэрвеня зазначаецца, што ўпраўленьні службы па Бранскай і Смаленскай абласьцях з парушэньнем устаноўленага парадку выдалі большасьць санітарна-эпідэміялагічных заключэньняў на малако і малочную прадукцыю беларускай вытворчасьці. Размова ідзе аб невыкананьні патрабаваньняў фэдэральнага закона ад 12 чэрвеня 2008 года "Тэхнічны рэглямэнт на малако і малочную прадукцыю".

"Улічваючы, што абарот малака і малочнай прадукцыі, якая выпускаецца з парушэньнямі патрабаваньняў тэхнічнага рэглямэнту, уяўляе непасрэдную пагрозу нанясеньня шкоды жыцьцю, здароўю грамадзян, галоўным дзяржаўным санітарным урачом Расейскай Фэдэрацыі прынята рашэньне аб прыпыненьні да асаблівага распараджэньня дзеяньня санітарна-эпідэміялагічных заключэньняў на малако і малочную прадукцыю вытворчасьці Рэспублікі Беларусь", — зазначаецца ў паведамленьні.

Міністар замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў заявіў 9 чэрвеня, што прынятыя меры не зьяўляюцца санкцыямі. "Гэта мера, якая прадыктавана выключна клопатам аб здароўі нашых спажыўцоў", — падкрэсьліў міністар

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG