Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым прычына цяперашняй малочнай вайны паміж Беларусьсю і Расеяй?

Наколькі гэты канфлікт падобны на мясную вайну з Польшчай і вінную – з Грузіяй? Як гэты эканамічны канфлікт адаб’ецца на беларускіх вытворцах і расейскіх спажыўцах малочных прадуктаў? Над гэтымі пытаньнямі ў “Экспэртызе Свабоды” разважаюць эканаміст Міхаіл Залескі і кіраўнік дасьледнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка.


Дракахруст:
Паміж Беларусьсю і Расеяй разгарэлася сапраўдная малочная "вайна". Спачатку галоўны санлекар Расеі Генадзь Анішчанка забараніў імпарт з Беларусі 500 найменьняў малочнай прадукцыі, пазьней сьпіс быў пашыраны яшчэ на 800 найменьняў. У якасьці афіцыйнай прычыны называлася тое, што беларускія прадпрыемствы не выканаў новыя расейскія тэхнічныя рэглямэнты. Але пытаньне хутка выйшла на высокі палітычны ўзровень. У аўторак гэта стала тэмай перамоваў у Маскве міністраў замежных справаў Беларусі і Расеі Сяргея Мартынава і Сяргея Лаўрова.Пасьля перамоваў Лаўроў заявіў, што Расея ня ўводзіць адносна Беларусі ніякіх санкцый. Але варта прыгадаць, што днямі расейскі прэм’ер Уладзімер Пуцін у вельмі рэзкай форме папярэдзіў, што калі беларускі бок не ўніфікуе сваю палітыку сельскагаспадарчых датацыяў з расейскай, то з доступам на расейскі рынак будуць праблемы. Вось яны і ўзьніклі. Дык што ж азначае гэты канфлікт? Гэта санкцыі, нягледзячы на словы Лаўрова, гэта рэха канфлікту, які пачаўся ў пазамінулую пятніцу шчыраваньнямі расейскага міністра фінансаў Аляксея Кудрына наконт беларускай эканомікі, ці гэта абарона расейцамі свайго рынку ад недобрасумленнай канкурэнцыі, ці можа сапраўды тэхнічная праблема? Міхась

Залескі:
"Говорим Ленин - подразумеваем партия". З Расеяй заўсёды вельмі простая рэч -- рускія не прамінуць у бок піхнуць і паказаць, хто тут галоўны. І гэта чарговая спроба паказаць, хто тут галоўны і хто каго павінен слухацца і якім спосабам можна пакараць непаслухмяных.

Дракахруст: Леанід, з тых матываў канфлікту, якія я назваў, якія, на Ваш погляд , зьяўляюцца галоўнымі?




Гэта нармальны эканамічны эгаізм, нармальны лябізм
Л. Заіка
Заіка:
Што адбываецца? У Расеі -- падзеньне вытворчасьці, у Беларусі -- рост на 1%. Але што тычыцца экспарту малака ў Расею, то на працягу першага кварталу ў фізычным аб'ёме Беларусь павялічыла продажы на 37%. Калі я -- нармальны лябіст расейскай малочнай прамысловасьці, я буду зьвяртацца да прэм’ера і скардзіцца на вялікія праблемы са збытам. Калі ў 2007 годзе зьмяншэньне продажаў на расейскім рынку было на 2-7%, і тут такі рэзкі выплюх з захаду -- на 37%. Трэба спыніць гэтых беларусаў. Тут дарэчы аказваецца і Кудрын, і ўсё астатняе. Але расейцам здаецца, што ва ўмовах падвышэньня канкурэнцыі на расейскім рынку нашы продажы малочных прадуктаў на 1 мільярд даляраў -- гэта тое, што трэба адбіраць.
Гэта нармальны эканамічны эгаізм, нармальны лябізм. А тое, што Лаўроў пачынае абмяркоўваць малако і сьмятану з кіраўніком беларускага МЗС -- гэта покрыўка гэтай сутнасьці.

Дракахруст: Міхась, я хачу вярнуцца да нядаўняга выступу Пуціна, ў якім ён прывёў такія лічбы: ў Беларусі датацыі на малочныя прадукты складаюць 24%, а ў Расеі -- 3%. Гэта ж фактычна дэмпінг, штучнае фармаваньне цаны. Вы сказалі, што Расея ўсім паказвае іх месца. А можа гэта проста змаганьне з недабрасумленнай канкурэнцыяй?

Залескі: Давайце зьвернемся да лічбаў міністэрства статыстыкі. Зьнешні гандаль харчовымі таварамі ў першым квартале 2009 году характарызаваўся станоўчым сальда. Аднак беларускі харчовы экспарт у грашовым вымярэньні скараціўся на 8.7%, гэта адбылося ў выніку скарачэньня экспартных паставак малака на 27.5 мільёна даляраў. Гэта сапраўды называецца дэмпінг. Мы паставілі 132 тысячы тонаў малака і малочных прадуктаў, гэта на 47.3% больш, чым за першы квартал 2008 году. Але ў грошах прайгралі.

Дракахруст:
Міхась, я хачу зьвярнуцца да Вашага першага тлумачэньня, бо цяперашняя малочная "вайна" вельмі нагадвае мясную "вайну" Расеі з Польшчай і вінную -- з Грузіяй. І тады таксама той самы спадар Анішчанка выходзіў і тлумачыў, што стандарты ў гэтых краінах нейкія ня тыя і расейская дзяржава проста абараняе здароўе сваіх спажыўцоў. ну а ўсе дасьведчаныя расейскія палітыкі неафіцыйна казалі, што гэта -- ўжываньне эканамічнай зброі супраць тых краінаў, якія не падабаюцца Расеі. Ці ня ёсьць тут тое самае?

Яны што -- ня ведалі, што ў нас датацыі? Ведалі. Дык чаму ж раней не казалі
М. Залескі
Залескі: Ёсьць прычыны і ёсьць нагоды. З нагоды таго, што нас трэба папінаць нагамі і загнаць у наш кут, можна ўзгадаць што і сьвіньні ў нас не такія, і малако няправільнае, і датацыі вялікія. Яны што -- ня ведалі, што ў нас датацыі? Ведалі. Дык чаму ж раней не казалі.
Гэтак жа ўжо з цукрам было. Нас на ім ужо моцна патурбавалі пару гадоў таму. І тады яны казалі, што ратуюць расейскую цукровую прамысловасьць. І дзе яна зараз? Там жа, дзе і была.

Дракахруст: Леанід, а Вы ня лічыце, што матывы гэтага рашэньня -- чыста палітычныя, як мяркуе Міхась, і што гэта -- амаль тое самае, што было з Грузіяй, калі там раптам баржом стаў для расейцаў ня той і "Кіндзмараўлі" ня тое, і з польскім мясам, якое раптам стала ня тым, а потым ізноў тым.



Для Беларусі ўразьлівая пазыцыя – гэта не трактары і аўтамабілі, а мяса і малако
Л. Заіка
Заіка: Ёсьць мэтады нетарыфных абмежаваньняў і яны ўключаюць у сябе санітарна-гігіенічныя меры, кантроль якасны, тавараведны, і гэта выкарыстоўваецца ў той ці іншай ступені ў розных краінах.Расейцы навучыліся гэтым прыёмам карыстацца, ў іх ёсьць майстра ў гэтай мэтадалёгіі -- гэта Анішчанка.
Для Беларусі ўразьлівая пазыцыя – гэта не трактары і аўтамабілі, а мяса і малако. У кожным раёне ёсьць мясны цэх ці малы малочны заводзік . А раёнаў 118. І трэба толькі абмежаваць пакупку беларускага мяса ці малака, усе 118 раёнаў губляюць даходы, ня могуць выплачваць грошы людзям, якія здаюць малако, і калгасам і саўгасам. І ствараюцца моцныя фінансавыя разрывы. Тое, што гэты варыянт ужываецца зараз -- цалкам зразумела. Расейска-беларускія адносіны больш нецікавыя для Крамля. Беларускае кіраўніцтва нэрвова на ўсё рэагуе. І вось мэтад, пры дапамозе якога можна паставіць на месца лідэра любой постсавецкай краіны. А тое, што Расея гэта выкарыстоўвае -- гэта вынік яе ўнутранай эвалюцыі, яна хацела б дамінаваць.

Дракахруст: А ці можна зараз даць прагноз -- калі канфлікт зацягнецца, наколькі пацерпіць беларуская вытворчасьць малака і малочных прадуктаў і наколькі пацерпяць расейскія спажыўцы?

Заіка: Для Расеі беларускае малако не зьяўляецца вырашальным сэгмэнтам рынку. Я займаўся гэтай праблемай -- беларускае малако там было больш дарагое, экспартаваліся дарагія брэнды кшталту "Савушкин прадукт". І вось як пакараць? Мая рэкамэндацыя расейскаму прэм’еру: калі 500 мільёнаў даляраў сталі прадметам такога скандалу, то трэба караць менавіта на такую суму. Напрыканцы году закупкі беларускага малака зьнізяцца на 500 мільёнаў даляраў. Можна нават даць гэты крэдыт, але каб беларусы ўбачылі, што яны прайгралі 500 мільёнаў даляраў.

Дракахруст: Міхась, калі Леанід дае парады расейскаму прэм’еру, а што б Вы для сымэтрыі беларускаму прэм’еру параілі?


Мы недаатрымалі за адзін квартал 28 мільёнаў даляраў
М. Залескі
Залескі: На беларускіх вытворцах гэтая забарона адбілася ўжо. Мы недаатрымалі за адзін квартал 28 мільёнаў даляраў. За яшчэ 3 кварталы, калі яно так застанецца, а страты хутчэй патрояцца, мы недаатрымаем паўмільярда даляраў.

Дракахруст: Дык гэта як раз тое, што спадар Заіка Пуціну раіць.

Залескі: Што да рускіх , то ім гэтыя 132 тысячы тонаў на 148 мільёнаў чалавек -- як сабаку муха. Раіць што-небудзь нашаму прэм’еру немагчыма, у яго ёсьць адзін дарадца -- А.Р.Лукашэнка. Хай ён яму і дае парады. Але што трэба рабіць, гаварылася яшчэ 20 гадоў таму -- праводзіць аграрную рэформу, разьвітацца з калгасамі, паставіць усё з галавы на ногі і хай яно працуе , як ў людзей.

Дракахруст:
Мы дагэтуль казалі пра двухбаковыя адносіны. А якія ўмовы імпарту беларускай малочнай прадукцыі ў краіны Эўразьвязу?

Залескі:
Паводле статыстыкі беларускай малочнай прадукцыі ідзе ў краіны СНД 131.7 тысячы тонаў, у краіны па-за СНД - 300 тонаў за квартал. Гэта пераважна казэін. Ніхто там нашае малако не купляе. З пункту гледжаньня іх стандартаў брытанскі сырадой, які пастаяў 2 дні, мае такую засьмечанасьць бактэрыямі, як у нас ідзе першым гатункам на малаказавод.


Самы просты спосаб -- гандляваць з такімі жа славянамі і прадуктамі адпаведнай славянскай якасьці
Л. Заіка
Заіка: У беларусаў галавы была крыху скрыўленая на ўсход. Самы просты спосаб -- гандляваць з такімі жа славянамі і прадуктамі адпаведнай славянскай якасьці. За апошнія два гады былі цікавыя праекты -- продаж малака ў Японію, напрыклад, былі спробы прадаць у арабскія краіны, лацінскую Амэрыку. Але гэта было спробы, якія не знайшлі працягу. Эўрапейскі рынак -- дастаткова закрыты і канкурэнтны, бо там хапае вытворцаў.

Але да таго ж беларускае міністэрства сельскай гаспадаркі ў сэнсе маркетынгу проста ніякае і працаваць на продаж малака і малочнай прадукцыі па ўсім сьвеце не гатовае. Таму нічым пакуль замяняць Расею не атрымаецца. Трэба будзе праглынуць гэтую пілюлю, трэба пераходзіць на расейскія стандарты, каб малако было жывым біялягічным малаком. Ну і трэба будзе паводзіць сябе дастаткова стрымана ў кантактах з расейскімі чыноўнікамі.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG