Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Халопства нашых кіраўнікоў – абраза і ганьба”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 8 чэрвеня, панядзелак.

СЛУХАЦЬ:


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Абмен узаемнымі папрокамі і абвінавачваньнямі паміж высокапастаўленымі беларускімі і расейскімі кіраўнікамі, які распачаўся пасьля адмовы Масквы выдзеліць Менску чарговы крэдыт, — адна з тэмаў, якую працягваюць абмяркоўваць слухачы “Свабоды”:

Павал Васілевіч, Менск: “Врагов имеет в мире всяк, но от друзей спаси нас, Боже!” Даўно напісаў Аляксандар Сяргеевіч, а Аляксандар Рыгоравіч толькі што прачытаў. Як жа тут сьцярпець і не пакрыўдзіцца? Расейскія браты-сябры-саюзьнікі ня толькі чарговага траншу не далі, а ўсяму сьвету сказалі, што Беларусь — неплатаздольная краіна”.

Ларыса, Менск: “Апошнім часам заклапочаныя толькі крэдытамі. Ужо набралі дастаткова, і куды ідуць — невядома. Вядома, што так проста ніхто даваць ня будзе: ва ўсіх свой інтарэс. У Расеі свой — падпарадкаваць Беларусь. У Захаду — свой. Таму трэба шукаць рэзэрвы ў самой краіне. Найперш ня трэба раскідацца людзкімі рэсурсамі. Народ наш — працавіты, і трэба больш увагі зьвярнуць на нашу моладзь”.

Уладзімер Зьвернік: “Падчас паседжаньня так званага Саўміну ў Менску беларускі прэм’ер зьвярнуўся да расейскага са словамі: “Паважаны Ўладзімер Ўладзімеравіч, дазвольце вам далажыць”, — зразумела, па-расейску. На тым узроўні, тым больш калі ўздымаліся такія цяжкія для абодвух бакоў тэмы, месца для гумару не знаходзіцца. Затое тут вельмі моцна прасочваецца звычайнае халопства. Недапушчальны такі абразьлівы для ўсяе Беларусі выраз аднаго з вышэйшых кіраўнікоў самастойнай, я гэта падкрэсьліваю, самастойнай краіны. Гэта для нас усіх вялікая абраза і ганьба. На жаль, кіраўнік гэтага не зразумее. Са скрухай у душы, Уладзімер Зьвернік”.

Інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі расейскім мэдыям — яшчэ адна тэма выказваньня слухачоў.

Міхал, Менск: “Паказвалі, як Лукашэнка даваў інтэрвію расейскім мэдыям. І прасьлязіўся. Успомніў, як 15 гадоў таму за яго галасавалі старэнькія бабулькі і дзядулькі, якія цяжкай хваробай былі прыкаваныя да ложка. З кіёчкамі прыцягнуліся на выбарчыя ўчасткі, каб яго, Лукашэнку, абраць прэзыдэнтам: “Я ніколі іх не забуду і заўсёды дапамагу”. І дапамог: забраў усе льготы, праезд стаў аднолькавы для дзяцей, студэнтаў і пэнсіянэраў, а пэнсія засталася той жа, як і была. Лекі беларускія, бо заморскія для дзяржавы вельмі дорага абыходзяцца, нестае валюты. А дзе яна? Куды зьнікла? Плачце, спадар прэзыдэнт, плачце. Ніхто ўжо вам ня верыць. Абрыдла!”

“Пытаньне праз “Свабоду” да БСДП(Г): ці зьбіраецца партыя вылучаць свайго кандыдата ў прэзыдэнты? Ці падтрымае партыя адзінага кандыдата ад апазыцыі?” — пытаецца ў СМС-лісьце Алесь з Барысава. Яму адказвае намесьнік старшыні партыі Анатоль Сідарэвіч:

“Па-першае, я не ўпаўнаважаны гаварыць ад імя партыі. Таму ўсё, што я скажу, будзе маёй прыватнай думкай. Па-другое, у партыі зараз няма такога чалавека, якога б яна магла вылучыць на пасаду прэзыдэнта. Па-трэцяе, адзінага кандыдата ад апазыцыі ня будзе. Таму пытаньне, каго падтрымаць, будзе вырашаць зьезд партыі ў наступным годзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG