Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 чэрвеня 1989 году ў камуністычнай Польшчы адбыліся часткова дэмакратычныя парлямэнцкія выбары. Вялікая падтрымка на выбарах для кандыдатаў апазыцыйнага прафсаюзу “Салідарнасьць” прывяла да сфармаваньня першага некамуністычнага ўраду ў Народнай Польшчы і да мірнага пераходу ад камуністычнай сыстэмы да дэмакратычнай.

У шырэйшым кантэксьце, польскія выбары фактычна інаўгуравалі імклівы распад камунізму ў краінах гэтак званага “сацлягеру”. Пад канец 1989 году, які атрымаў у гістарычна-палітычнай публіцыстыцы назву annus mirabilis (год цудаў), камуністычны пэрыяд сваёй гісторыі закончылі ўсе былыя сатэліты СССР ва Ўсходняй Эўропе. У чатырох кароткіх аглядах мы прыгадваем найважнейшыя падзеі таго знамянальнага году.

II. Выбарчая перамога "Салідарнасьці"

Пасьля перамоваў за "круглым сталом", якія закончыліся 5 красавіка 1989 году, і перад выбарамі, прызначанымі на 4 чэрвеня 1989, адбылося некалькі важных падзеяў. 7 красавіка камуністычны Сэйм, выконваючы дамоўленасьці "круглага стала", прыняў адпаведныя зьмены ў канстытуцыі, уводзячы другую палату парлямэнту (Сэнат) і пасаду прэзыдэнта Польскай народнай рэспублікі. Адначасова Сэйм зацьвердзіў новы закон аб асацыяцыях, які дазволіў "Салідарнасьці" зарэгістравацца 17 красавіка.
Выбарчы плякат "Салідарнасьці"

Пад канец красавіка "Салідарнасьць" склала свой сьпіс кандыдатаў. Фармальна прафсаюз удзельнічаў у выбарах пад назвай Грамадзянскага камітэту "Салідарнасьці", які паставіў 161 кандыдата ў Сэйм (выкарыстоўваючы поўнасьцю 35-адсоткавую квоту, якую камуністы адвялі для "непартыйных") і 100 кандыдатаў на ўсе месцы ў Сэнаце. Усе кандыдаты спаткаліся ў гданьскай суднавэрфі зь Лехам Валэнсам, які для патрэбаў выбарчай кампаніі сфатаграфаваўся з кожным зь іх (толькі адзін кандыдат адмовіўся ад здымка зь лідэрам "Салідарнасьці").

У траўні выйшаў першы нумар штодзённай "Газэты Выборчай" пад рэдактарствам Адама Міхніка ды ўзнавілася перапыненае ваенным становішчам выданьне "Тыднёвіка Салідарнасьць" пад кіраўніцтвам Тадэвуша Мазавецкага. У тэлебачаньні пачаліся выбарчыя праграмы, рыхтаваныя "Салідарнасьцю" ў падтрымку сваіх кандыдатаў.

Цікава, што камуністычная вярхушка была настолькі ўпэўненая ў выбарчай перамозе, што, паводле некаторых сьведчаньняў, яшчэ за некалькі дзён перад выбарамі абмяркоўвала з заклапочанасьцю магчымую рэакцыю Захаду на сытуацыю, калі "Салідарнасьць" не здабудзе ніводнага мандату. А "Салідарнасьць", са свайго боку, абмяркоўвала тактыку на выпадак, калі на выбарах ёй дастанецца ўсяго дзясятак або максымум два дзясяткі месцаў у парлямэнце. Ні ўлады, ні апазыцыя не былі абазнаныя ў сапраўдных грамадзкіх настроях у Польшчы напярэдадні выбараў.

У першым туры 4 чэрвеня, на які прыйшло 62 адсоткі выбаршчыкаў, "Салідарнасьць" узяла 160 мандатаў зь ліку 161 магчымага ў Сэйме ды 92 мандаты ў Сэнаце. У другім туры 18 чэрвеня, на які прыйшло ўсяго 25 адсоткаў выбаршчыкаў, "Салідарнасьць" дабрала апошні магчымы мандат у Сэйме і 7 мандатаў у Сэнаце. Як на іронію, адзіным кандыдатам "Салідарнасьці", які не атрымаў месца ў Сэнаце, быў чалавек, які не схацеў супольнага здымка з Валэнсам на выбарчым плякаце.

Камуністы пасьля выбараў перажылі шок. Фармальна, паводле кантракту, заключанага пры "крыглым стале", Польская аб’яднаная рабочая партыя (ПАРП) мела ў парлямэнце большасьць разам са сваімі саюзьнікамі (дзьвюма сатэліцкімі партыямі — сялянскай і "інтэлігенцкай"), але было ясна, што народ на выбарах выказаў ім жорсткі вотум недаверу. Ніхто ня ведаў, што рабіць далей у такой сытуацыі.

У пачатку ліпеня Адам Міхнік апублікаваў у "Газэце Выборчай" артыкул пад загалоўкам "Ваш прэзыдэнт, наш прэм’ер", у якім прапанаваў выхад з патавай сытуацыі — "Салідарнасьць" дапаможа выбраць генэрала Войцеха Ярузэльскага прэзыдэнтам, а сатэліты ПАРП далучацца да "Салідарнасьці" і дапамогуць ёй сфармаваць урад. Так і сталася.

Ярузэльскі стаў апошнім прэзыдэнтам Народнай Польшчы 19 ліпеня. 24 жніўня Сэйм зацьвердзіў на пасадзе прэм’ер-міністра Тадэвуша Мазавецкага.

У 1989 годзе Сэйм пасьпеў зьмяніць канстытуцыю, якая перайменавала краіну, выкідаючы з папярэдняга найменьня слова "народная", і прыняць пакет эканамічных рэформаў, вядомы пад назвай "пляну Бальцэровіча" (ад імя віцэ-прэм’ера Лешэка Бальцэровіча).

У 1990 годзе Польшча пачала будаваць капіталізм. Сымбалічна, ПАРП самаразьвязалася якраз у студзені 1990 г.

Год цудаў 1989 (I)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG