Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год цудаў 1989 (І)


Лех Валэнса на руках у дэманстрантаў у Кракаве

Лех Валэнса на руках у дэманстрантаў у Кракаве

4 чэрвеня 1989 году ў камуністычнай Польшчы адбыліся часткова дэмакратычныя парлямэнцкія выбары. Вялікая падтрымка на выбарах для кандыдатаў апазыцыйнага прафсаюзу “Салідарнасьць” прывяла да сфармаваньня першага некамуністычнага ўраду ў Народнай Польшчы і да мірнага пераходу ад камуністычнай сыстэмы да дэмакратычнай.

У шырэйшым кантэксьце, польскія выбары фактычна інаўгуравалі імклівы распад камунізму ў краінах гэтак званага “сацлягеру”. Пад канец 1989 году, які атрымаў у гістарычна-палітычнай публіцыстыцы назву annus mirabilis (год цудаў), камуністычны пэрыяд сваёй гісторыі закончылі ўсе былыя сатэліты СССР ва Ўсходняй Эўропе. У чатырох кароткіх аглядах мы прыгадваем найважнейшыя падзеі таго знамянальнага году.

І. Як дайшло да пераломных выбараў у Польшчы?

У 1986 годзе рэжым генэрала Войцеха Ярузэльскага, які ў сьнежні 1981 году ўвёў ваеннае становішча і зьняволіў некалькі тысяч лідэраў і чальцоў незалежнага прафсаюзу “Салідарнасьць”, пачаў паступова вызваляць палітычных вязьняў. Гэта адбывалася на фоне палітычнай ізаляцыі ўраду Ярузэльскага на Захадзе і ўсё горшай эканамічнай сытуацыі ў краіне, якую балюча даймалі эканамічныя санкцыі, асабліва амэрыканскія, уведзеныя прэзыдэнтам Роналдам Рэйганам.

У 1986 і 1987 гг. лідэр “Салідарнасьці” Лех Валэнса пачаў асьцярожна адбудоўваць структуры прафсаюзу, які фармальна заставаўся нелегальным. Ужо ў тыя гады ва ўлоньні прафсаюзу абрысаваўся падзел на дзеячоў, згуртаваных вакол Валэнсы, якія імкнуліся да паразуменьня з уладай, ды на радыкалаў, якія хацелі канфрантацыі і антыкамуністычнай рэвалюцыі.

У 1988 годзе эканамічная сытуацыя ў Польшчы значна пагоршылася. Пачалася імклівая інфляцыя. Польскія заводы, пазбаўленыя доступу да заходніх тэхналёгій, выраблялі састарэлыя і неканкурэнтаздольныя тавары. У крамах увесь час не хапала асноўных прадуктаў харчаваньня. Пагрозьліва нарасталі працэнты ад нясплачаных замежных даўгоў дзяржавы.

У 1988 г. Польшчу захліснулі дзьве магутныя хвалі страйкаў — веснавая і летняя. Пад канец жніўня ў тэлебачаньні выступіў міністар унутраных справаў, генэрал Чэслаў Кішчак, і запрапанаваў “Салідарнасьці” перамовы. Празь пяць дзён Кішчак спаткаўся з Валэнсам. Страйкі закончыліся наступнага дня.

Перамовы, вядомыя ў найноўшай польскай гісторыі як перамовы “пры круглым стале”, пачаліся 6 лютага 1989 г. Пры адмыслова абсталяваным круглым стале засела 56 перамоўнікаў. “Салідарнасьць”, якая мела 20 перамоўнікаў, прадстаўлялі сярод іншых Лех Валэнса, Браніслаў Герэмэк, Тадэвуш Мазавецкі, Адам Міхнік. Урадавы бок, акрамя генэрала Кішчака, прадстаўлялі Аляксандар Квасьнеўскі і Лешак Мілер, якія потым стварылі сацыял-дэмакратычную партыю і адыгралі важную ролю ў працэсе польскай палітычнай трансфармацыі.

Якія былі найважнейшыя пастановы “круглага стала”?

Па-першае, бакі дамовіліся аб стварэньні дзьвюхпалатнага парлямэнту. Акрамя Сэйму, у якім было традыцыйна 460 дэпутатаў, меў вярнуцца ў палітычную традыцыю краіны Сэнат са 100 мандатамі.

Па-другое, бакі пагадзіліся на часткова дэмакратычныя выбары ў Сэйм, у якіх 65 адсоткаў мандатаў (299) было гарантавана кіроўчай Польскай аб’яднанай рабочай партыі і яе саюзьнікам, а 35 адсоткаў — “непартыйным кандыдатам”. Выбары ў Сэнат мелі быць зусім свабоднымі.

“Круглы стол” таксама ўвёў пасаду прэзыдэнта, якога мелі супольна выбіраць Сэйм і Сэнат на 5-гадовую кадэнцыю.

І прадстаўнікі “Салідарнасьці” настоялі на ўвядзеньні зьменаў у закон аб асацыяцыях, якія дазвалялі прафсаюзу зноў зарэгістравацца.

Выбары прызначылі на нядзелю, 4 чэрвеня 1989 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG