Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Квіткі на “Славянскі базар” падаражэлі амаль удвая


Сёньня ў Віцебску распачаўся продаж квіткоў на фэстывальныя канцэрты. Самыя дарагія каштуюць 350 тысяч рублёў — гэта квіткі на ўрачыстае адкрыцьцё “Славянскага базару”.


Мікалай Васенда, дырэктар Летняга амфітэатру — галоўнай канцэртнай пляцоўкі фэстывалю — згадаў, што летась кошт квіткоў на першую афіцыйную фэстывальную імпрэзу дасягаў 210 тысяч на самыя лепшыя месцы глядзельнай залі.

У цырымоніі адкрыцьця “Славянскага базару”, якая сёлета мае адбыцца 10 ліпеня, традыцыйна бярэ ўдзел Аляксандар Лукашэнка, выступаючы з прамовамі, а таксама найбольш знакамітыя зоркі расейскай і беларускай эстрады. Сёлета гэта будуць Мікалай Баскаў, Філіп Кіркораў, Валеры Лявонцьеў, Анатоль Ярмоленка, Ядвіга Паплаўская, Аляксандар Ціхановіч ды іншыя вядомыя артысты.

Інфармацыя наконт таго, што на адкрыцьці “Славянскага базару” сьпяе пераможца сёлетняга “Эўрабачаньня” Аляксандар Рыбак, пакуль не пацьвярджаецца: у афіцыйнай праграме фэстывалю, надрукаванай усімі віцебскімі СМІ, ягонае імя не пазначана. Няма ў праграме 18-га Міжнароднага фэстывалю і канцэрту вядомага італьянскага сьпевака Тота Кутуньё, анансаванага некалькі дзён таму на афіцыйным інтэрнэт-сайце “Славянскага базару”.

Пакуль каля фэстывальных касаў вялікіх чэргаў няма. Тыя, хто цікавіцца канцэртамі, у асноўным бяруць квіткі на “сольнікі” Валерыя Мэладзэ і Сафіі Ратару, а таксама на шоў Барыса Маісеева і канцэрт “Зоркі “Радыё “Шансон”, якія каштуюць ад 30 да 100 тысяч. Квіткі на адкрыцьцё фэстывалю попытам не карыстаюцца — мажліва, з прычыны надзвычайнае дарагоўлі. Таму традыцыйна нерэалізаваныя “лішкі” квіткоў на гэтую імпрэзу распаўсюджваюць па рэгіёнах і па прадпрыемствах абласнога цэнтру — або ў якасьці прэміі за добрую працу, або каб работнікі “скінуліся” ды выкупілі адзін квіток на дзясятак чалавек.

Крыху таньней каштуюць квіткі на закрыцьцё фэстывалю, які будзе доўжыцца да 16 ліпеня, — ад 60 да 250 тысяч рублёў. А самыя танныя, як і заўжды, — на канцэрт майстроў мастацтваў Украіны і на конкурс маладых выканаўцаў — ад 10 да 25 тысяч рублёў.

Дарэчы, сёлета на спаборніцтвах маладых сьпевакоў прадстаўляць суседнія краіны будуць два ўраджэнцы Гомелю: Зьміцер Даніленка будзе змагацца з супернікамі ад імя Расеі, а Андрэй Коласаў — як прадстаўнік Беларусі.
XS
SM
MD
LG