Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Славянскі базар” — вачыма жыхароў Віцебску <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Уражаньнямі ад сёлетняга фэстывалю дзеляцца тыя, хто бачыць ня толькі прыгожую “карцінку” па тэлевізіі, а назірае “Славянскі базар” непасрэдна — ва ўласным двары, на сваёй вуліцы або ў цэнтры роднага гораду.

Адбыўшы трое сутак арышту, прысуджаныя нібыта за хуліганства, у цэнтры фэстывальнага Віцебску зноў зьявіўся апазыцыянэр Барыс Хамайда. Ён пэўны, што яго знарок асудзілі, каб падчас знаходжаньня ў горадзе ўрадавых дэлегацый ён не распаўсюджваў недзяржаўную прэсу.

З ізалятара часовага ўтрыманьня ён адразу ж скіраваўся на сваё звычайнае месца да так званага “сіняга дому” па вуліцы Леніна. Мінакі, якія адзначылі ягоную адсутнасьць, сёньня ахвотна дзеляцца зь ім навінамі апошніх дзён. Паводле спадара Хамайды, самая галоўная тэма для абмеркаваньня — гэта надзвычайныя захады бясьпекі, уведзеныя на час фэстывалю пасьля выбухаў уночы 4 ліпеня ў Менску:

“Кажуць пра захады бясьпекі, што гэта прыніжэньне вельмі моцнае, калі абшукваюць праз мэталашукальнік, праз асабісты агляд. А яшчэ адкаркоўваюць бутэлькі з напоямі і нюхаюць — можа, гарэлку каб не пранесьлі. Але што цікава: вось хто б да мяне ні падыходзіў, ніхто не сказаў, што тыя выбухі зрабіла апазыцыя. У асноўным кажуць, што гэта магла зрабіць улада”, — распавядае Барыс Хамайда.

Ужываньне алькаголю на сёлетнім фэстывалі сапраўды абмежаванае. Пасьля 16-й вечара наступае “камэнданцкая гадзіна”: усе крамы ў радыюсе 500 мэтраў ад канцэртных пляцовак спыняюць гандаль сьпіртовымі напоямі. Але да гэтага часу ў фэстывальным цэнтры можна як набываць, так і спажываць і піва, і што мацнейшае. А ўвечары ахвотныя адзначыць фэстываль сыходзяць з цэнтру ў бліжэйшыя двары. У доме, да якога належыць адзін з такіх двароў, жыве спадар Валеры, які распавядае пра сваё стаўленьне да фэстывалю:

“У грамадзкую прыбіральню тады ператвараецца наш двор! У нас ёсьць лавачкі, альтанка — вось гэта “месцы культурнага адпачынку працоўных”. Я на час “Славянскага базару” імкнуся выехаць з гораду, бо ўсё гэта ня дужа мяне вабіць. Кожны год прыязджаюць адны й тыя самыя выканаўцы. Ну нельга ж паказваць адно й тое самае 17-ты год запар”.

Пра тое, што жыхары Віцебску страцілі цікавасьць да фэстывалю, сьведчыць і наступнае: каля вялікага экрану на Плошчы Свабоды, на якім трансьлююцца канцэрты, практычна ніколі не зьбіраюцца людзі. На думку спадарыні, якая спынілася паглядзець выступ беларускага канкурсанта Віталя Гардзея, цікавасьць да “Славянскага базару” мінулася ня толькі з прычыны аднастайнасьці канцэртаў:

“Са сьвята мастацтва ён ператварыўся ў палітызаванае мерапрыемства, і ня хочацца нікуды хадзіць”, — кажа спадарыня.

Амаль усе апытаныя жыхары Віцебску адзначаюць, што фэстываль стаў нешматлюдны. У мінулыя гады людзей у фэстывальны цэнтар ішло столькі, што на вуліцы Леніна мусілі перакрываць дарожны рух. Сёлета ўсім хапае месца на ходніках, і нават ля брамак мэталашукальнікаў не ўтвараецца вялікіх чэргаў. Дарэчы, даводзілася чуць меркаваньні, што надзвычай вялікая колькасьць міліцыянтаў і амапаўцаў на вуліцы зусім не супакойвае людзей, а наадварот — выклікае трывогу і прадчуваньне магчымай небясьпекі. І гэта не дадае сьвяточнага фэстывальнага настрою.

Барыс Хамайда

Пасьля 16-й прадаваць алькаголь у фэстывальным цэнтры забаронена

Да 16-й гадзіны спажываць можна любыя моцныя напоі

Трансьляцыя канцэртаў на плошчы Свабоды нікога не цікавіць

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG