Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сыльвіё Бэрлюсконі не сьпяшаецца ў Беларусь


Джуліё Прыджоні

Джуліё Прыджоні

Гэта вынікае з адказу, які даў сёньня Радыё Свабода новы амбасадар Італіі ў Беларусі Джуліё Прыджоні. Ён сказаў, што зараз дыпляматычнае прадстаўніцтва працуе над датай гэтага візыту, але дакладны час назваць яшчэ нельга. У Менску італьянскі прэм’ер калі і зьявіцца, то не раней за восень.

Сёньня новы амбасадар Італіі Джуліё Прыджоні правёў сваю першую прэсавую канфэрэнцыю ў Менску. Нагодай для яе стала нацыянальнае сьвята Італіі — Дзень Рэспублікі. Яно адзначаецца 2 чэрвеня.

Скарыстаўшы гэтую магчымасьць, я нагадаў амбасадару, што ў часе візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Італію беларускі кіраўнік заявіў, што прэм’ер Бэрлюсконі можа наведаць Беларусь зь візытам ужо гэтай восеньню. І спытаў, што вядома пра гэтую паездку сёньня? Джуліё Прыджоні адказаў:

“Пытаньне такое няпростае. Цяпер усе дыпляматычныя прадстаўніцтвы над гэтым працуюць. Прэм’ер-міністар Бэрлюсконі з задавальненьнем гатовы наведаць Беларусь. Але яшчэ вядзецца вызначэньне даты, калі гэта магло б адбыцца. Я, як амбасадаёр, працую цяпер над абрамленьнем гэтага візыту, каб восеньню можна было б правесьці шматлікія спэктаклі, канцэрты, сымпозіюмы. І я спадзяюся, што тады будзе магчымы візыт нашага прэм’ер-міністра Бэрлюсконі. Безумоўна, пра гэта мы яшчэ паразмаўляем больш падрабязна ў верасьні на іншай прэсавай канфэрэнцыі. Але, безумоўна, гэтыя падзеі адбудуцца. І яны будуць вельмі важным крокам у дачыненьнях Італіі і Беларусі”.

Пасьля візыту Лукашэнкі ў Італію беларускія афіцыйныя асобы шмат казалі пра тое, што менавіта Рым будзе садзейнічаць эўраінтэграцыі Беларусі, што Італія стане лякаматывам, які пацягне за сабою яе ў Эўропу.

Палітоляг Віталь Сіліцкі такія спадзяваньні не падзяляе:

Віталь Сіліцкі
“Бэрлюсконі ня мае асаблівага аўтарытэту ў Эўропе. Які ён лякаматыў? Гэта даволі экстравагантны палітык, які вядзе сваю ўласную гульню і не закранае фундамэнтальных пытаньняў. І гэта ягоныя нейкія ўласныя задумкі, якія ня маюць нічога агульнага з эўрапейскай палітыкай. Гэта мае дачыненьне толькі да тых эўрапейцаў, якія зацікаўленыя ў дыялёгу, у кантактах зь Беларусьсю”.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі таксама настроены скептычна. Ён кажа, што нельга перабольшваць вынікі візыту кіраўніка Беларусі ў Італію. Аглядальнік падкрэсьлівае: на праскім саміце ён ні ад кога ня чуў, што візыт у Рым адчыніць для Беларусі вароты ў Эўропу.

А стаўленьне да магчымага прыезду італьянскага прэм’ера ў Менск у спадара Якаўлеўскага “вельмі скептычнае”:

Раман Якаўлеўскі
“Акрамя Бэрлюсконі, ёсьць і іншыя лідэры ўплывовых краін Эўразьвязу. Напрыклад, у верасьні, калі чакаецца магчымы візыт італьянскага прэм’ера, адбудуцца парлямэнцкія выбары ў Нямеччыне. І там будзе сапраўдная барацьба паміж канцлерам Мэркель і міністрам замежных спраў Штайнмаерам. Гэтыя выбары вельмі важныя для ўсёй Эўропы. І таму я ня думаю, што візыт Бэрлюсконі, нават калі ён і адбудзецца, прыцягне вялікую ўвагу Эўропы да Менску”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG