Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэрлюсконі спадзяецца пабачыць Лукашэнку ў Празе


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што найбліжэйшым часам будзе прынятае рашэньне аб тым, хто будзе прадстаўляць Беларусь на саміце “Ўсходняга партнэрства” ў Празе.


ПРА ВІЗЫТ У ПРАГУ

"Тое, што тычыцца саміту ў Празе, то я прасіў бы не надаваць гэтаму асаблівага значэньня. Калі некаму нязручна, што на саміт паедзе Лукашэнка, то Лукашэнка там не будзе. Хто паедзе: Лукашэнка, Пятроў, Сідараў ці міністар замежных спраў, то мы вызначымся найбліжэйшым часам, - сказаў А.Лукашэнка журналістам у Рыме. - Учора, разьвітваючыся са мной, Бэрлюсконі сказаў: я вельмі спадзяюся ўбачыць вас у Празе, як і іншыя кіраўнікі. Вы не думайце, што ў нас такое стаўленьне да Беларусі, як гэта часта гучыць у сродках масавай інфармацыі”.


ПРА ПАРАДЫ ЗАХАДУ


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў таксама, што ня мае патрэбы ні ў чыіх парадах звонку наконт рэфармаваньня эканамічнага і палітычнага жыцьця ў краіне.

"Мы ня просім меркаваньня ў заходніх краін. Мы без усялякіх просьбаў і ўмоваў ведаем, што рабіць у Беларусі, як рэфармаваць палітычнае і эканамічнае жыцьцё”.

На пытаньне, што параіў Лукашэнку Бэрлюсконі, кіраўнік Беларусі адказаў:

"Беларусь ня мае патрэбы ні ў чыіх парадах. Гэта (Бэрлюсконі) – патрыярх у зьнешняй палітыцы і ва ўсім сьвеце. Які б ён не быў дыктатар, як яго называюць, але 75% італьянцаў яму давяраюць".


ПРА АБХАЗІЮ І ПАЎДНЁВУЮ АСЭТЫЮ


Адказваючы на пытаньне адносна прызнаньня незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, А.Лукашэнка сказаў, што сёньня гэта пытаньне абмяркоўваецца дэпутатамі.

"Мяне некалькі зьдзіўляе, што ў нас няма ў парлямэнце адзінай думкі адносна прызнаньня незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Цяпер наша Міністэрства замежных спраў плённа працуе з дэпутацкім корпусам, каб было гэта адзінства”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG