Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсоўцаў высяляюць


Слонімскія ўлады пісьмова паведамілі прадпрымальнікам зь міні-рынку на вуліцы Брэсцкай, што з 1 чэрвеня закрываюць іх рынак. Прадпрымальнікі не пагаджаюцца. Яны сабралі болей за тысячу подпісаў у абарону сваіх працоўных месцаў.


Сёньня старшыня Слонімскага райвыканкаму Ёсіф Паўлюкевіч сустракаўся з прадпрымальнікамі зь міні-рынку на вуліцы Брэсцкай.

Пазыцыя ўладаў застаецца нязьменнай: яны прапануюць прадпрымальнікам перайсьці працаваць на новы рынак, бо рынак на вуліцы Брэсцкай знаходзіцца побач з ажыўленай трасай, тут парушаюцца санітарныя нормы гандлю харчовымі таварамі, пажарная бясьпека.

Прадпрымальнікі, у сваю чаргу, патлумачылі старшыні райвыканкаму, што ім гэта нязручна. Яны распавялі чыноўнікам, па якіх коштах закупляюць прадукцыю, па якіх потым прадаюць, колькі плацяць за арэнду і на падаткі.

Яны цьвёрда сказалі, што ня пойдуць на новае месца і горад недалічыцца падаткаў.

Прадпрымальнікі прапанавалі выправіць усе недахопы паводле санітарных нормаў: падвесьці ў шапікі ваду і сьвятло. Тым болей што ў дзяржаўных шапіках усё гэта ёсьць. Кажа адзін з гандляроў, спадар Мікалай.

Спадар: “Самі прадпрымальнікі на новае месца пераходзіць ня хочуць, бо для іх гэта будзе разарэньне. Там і месца не такое бойкае, а тут людзі з прыпынку ідуць, адразу ўсё купляюць. Ды там яшчэ і арэнда ў тры разы вышэйшая, а даходы падчас крызісу зьнізіліся”.

Міні-рынак на вуліцы Брэсцкай дзейнічае з 90-х гадоў, зямля здадзеная ў арэнду юрыдычнай асобе да 2027 году. Арандадаўца ўжо заключыў дамову з прадпрымальнікамі на ўвесь год.

Сёньня падчас сустрэчы з кіраўніком раёну адзін з прадпрымальнікаў, спадар Аляксандар, задаў пытаньне наўпрост: на падставе якіх юрыдычных дакумэнтаў вы хочаце закрыць рынак? Кажа спадар Аляксандар.

Спадар: “На маё простае пытаньне — ці маеце вы афіцыйныя падставы для закрыцьця нашага рынку — у адказ я пачуў маўчаньне...”

Напярэдадні гэтае сустрэчы я зьвярнуўся з пытаньнем наконт рынку да старшыні аддзелу гандлю Слонімскага райвыканкаму Андрэя Падольскага.

Той ведае пра незадаволенасьць прадпрымальнікаў. Чыноўнік патлумачыў, што ўлады адпачатку зрабілі памылку — дазволілі адкрыць рынак побач з ажыўленай трасай і ў месцы, дзе ўмовы гандлю не адпавядаюць санітарным нормам.

“Мы ня схільныя вырашаць такія праблемы сілавымі мэтадамі, таму ўсім ахвотным будзе прапанавана перайсьці на новую пляцоўку, дзе ўсе ўмовы гандлю адпавядаюць санітарным і іншым нормам”.

Сёньня прадпрымальнікі і чыноўнікі да агульнай думкі не прыйшлі. Старшыня райвыканкаму прапанаваў яшчэ адну сустрэчу ў суботу.

У залю райвыканкаму, дзе адбывалася сустрэча, не дапусьцілі журналіста недзяржаўнай “Газэты Слонімскай” Сяргея Чыгрына.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG