Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёлета на гарадзенскім рынку “Карона” зачынілася больш як 100 гандлёвых пунктаў. Прадпрымальнікі заяўляюць, што абяцаньні, якія нядаўна раздаваў тут кіраўнік Камітэту дзяржкантролю Зянон Ломаць, не выконваюцца.


Самая значная праблема для прадпрымальнікаў на рынку “Карона” — арэндная плата. Са слоў гандляроў, арэндадаўца — рынак “Карона”, які сам арандуе плошчы ў прадпрыемства “Гранітэкс”, плоціць яму тры з паловайэўра за адзін мэтар квадратны, а прадпрымальнікам здае па цане звыш 21 эўра.

Прадпрымальніца Натальля, якая арандуе плошчу пад гандлёвае месца на рынку “Карона”, кажа, што цяпер у арэнднай плаце ніхто ня можа разабрацца.

“Наагул за 20 м.кв. я плачу (у мяне падатак 120 эўра — тарыфная стаўка такая, якая потым памнажаецца на плошчу й на каэфіцыент) за арэнду й камунальныя паслугі 2 мільёны, і 2 млн. — падатак і НДС. Усяго 4 мільёны”.

Старшыня Камітэту дзяржкантролю Зянон Ломаць, да якога зьвярнуліся са скаргамі прадпрымальнікі, заявіў, што арэндадаўца — рынак “Карона” — недаплаціў дзяржаве ў выглядзе падаткаў больш за 4 млн. эўра. “Па гэтым факце заведзеная крымінальная справа”, — удакладніў галоўны кантралёр.

...Сёньня на рынку нешматлюдна, шмат якія гандлёвыя пункты зачыненыя. Пытаюся ў гандлярак — ці зьмянілася нешта на “Кароне” пасьля прыезду старшыні Камітэту дзяржкантролю?

Спадарыня: “Ну, вось робім грандыёзныя зьніжкі, прадаем сабе ў мінус, каб хоць неяк зарабіць на летні тавар і каб аплаціць арэнду й падаткі. Мы нічога не зарабляем”.

Спадар: “Цяжка стала з крызісам, з ростам даляра. А людзі бяз грошай, ня могуць крэдыты павыплочваць. У іх на прадукты не хапае грошай, ня тое што на адзеньне”.

Пытаюся ў гандляроў, ці зьвязваюць яны надзеі са зьменай арэндадаўцы?

Спадарыня: “Калі горад гэта возьме ў свае рукі, тады, можа, нешта будзе. Таму што вось у Менску арэнда зьменшылася, паколькі гэтымі справамі сталі кіраваць мясцовыя ўлады. А іншага спадзяваньня няма”.

Спадар: “На справе нічога не зьмяняецца. Прыходзілі, нешта паказвалі, што зьбіраюцца зьніжаць арэнду, але... здаецца, улады на гэта асабліва ня йдуць”.

Спадарыня: “Калі нічога ня зьменіцца, давядзецца сыходзіць адсюль. Няхай мы паўгода папрацуем са стратамі, але потым ніхто ня зможа. Давядзецца зачыняць гандаль. Ня думаю, што нехта можа сабе тут проста так стаяць...”
XS
SM
MD
LG