Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аўтуховіч турэмным лекарам непатрэбны


Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

19 траўня Мікалая Аўтуховіча паклалі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь. Ужо празь дзень паўстала пытаньне аб выпісцы галадоўніка, бо той “на ні што ня скардзіцца”. Дык як пачуваецца Мікалай Аўтуховіч?


У рэспубліканскім турэмным шпіталі, які знаходзіцца на Кальварыйскай вуліцы, зараз лечыцца болей за 300 вязьняў. Сярод іх і Мікалай Аўтуховіч, якога, паводле адваката Паўла Сапелкі, учора, 19 траўня, перавялі з мэдычнай часткі менскага сьледчага ізалятара. Як лекары ацэньваюць стан здароўя галадоўніка?

Традыцыйна штосерады лекары розных аддзяленьняў шпіталя выходзяць да турмы, каб сустрэцца са сваякамі, якія цікавяцца здароўем хворых вязьняў. Перад, тым як даць інфармацыю, лекары пытаюцца, кім чалавек даводзіцца вязьню. Знаходжуся сярод сваякоў, якія абступілі тэрапэўта 1-га аддзяленьня шпіталя. Па зьвестках, туды маглі пакласьці Мікалая Аўтуховіча.

Карэспандэнт: “Такі Аўтуховіч Мікалай у вас?”

Тэрапэўт: “Ляжыць”.

Карэспандэнт: “Як ягоны стан? “

Тэрапэўт: “Нядрэнны, сёньня ўжо выпішам”.

Карэспандэнт: “Ён жа болей за месяц галадуе...”

Тэрапэўт: “Ну і што? Раней ён болей за 70 дзён галадаваў. Стан ягоны нармальны. Ён ня хоча ляжаць, кажа, што яго прыслалі да нас безь ягонага жаданьня. Таму мы ня маем права яго тут затрымліваць. Ён сам кажа, што адчувае сябе добра, пра што і напісаў пісьмовую заяву”.

Карэспандэнт: “Якія-небудзь абсьледаваньні яму рабілі?”

Тэрапэўт: “Якія абсьледаваньні, калі чалавек сам ня хоча? А мы пад прымусам нікога ня ўтрымліваем, лячэньне — справа добраахвотная”.

Нагадаю, Мікалай Аўтуховіч галадуе з 16-га красавіка. Вязень пратэстуе супроць крымінальнага перасьледу і таго, што ягоная справа фактычна не вядзецца. Мікалай Аўтуховіч патрабуе альбо накіраваць справу ў суд, альбо вызваліць яго пад падпіску аб нявыезьдзе. Таксама былы палітвязень патрабуе вызваліць Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку, якія праходзяць па адной зь ім справе.

Паводле адваката Паўла Сапелкі, “Мікалай Аўтуховіч моцна схуднеў і выглядае вельмі слабым”. Павал Сапелка зьдзіўлены рашэньнем лекараў вярнуць Аўтуховіча ў сьледчы ізалятар:

“Мяркую, што калі чалавека пераводзяць з ізалятара ў шпіталь, гэта азначае, што паводле стану здароўя яго больш нельга ўтрымліваць у ізалятары”.

Адвакат Павал Сапелка сказаў, што яму невядома пра сьледчыя дзеяньні з удзелам ягонага падабароннага цягам апошняга месяца. Паводле Паўла Сапелкі, справу Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі па-ранейшаму вядуць гарадзенскія сьледчыя. Ад кантактаў з журналістамі яны адмаўляюцца.



Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч быў арыштаваны 8 лютага, яго падазраюць у арганізацыі падпалу дома мясцовага міліцыянта. Аўтуховіч віну не прызнае. Вядома, што злачынства адбылося некалькі гадоў таму, за яго быў пакараны і ужо адбыў тэрмін іншы чалавек. Паводле неафіцыйных зьвестак, сям’я міліцыянта, дом якога падпалілі, не мае прэтэнзіяў да Мікалая Аўтуховіча.
XS
SM
MD
LG