Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Кланяюся ў ногі нашай сьмелай моладзі”


У “Званках на Свабоду” слухачы абмяркоўваюць “Марш за незалежнасьць”, які прайшоў 14 траўня ў Менску. Прэсавая сакратарка незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” адказвае на пытаньне слухача, ці будуць сябры арганізацыі падаваць судовы пазоў да аўтараў фільму “Малады фронт. Кіднэпінг” дзеля абароны гонару і годнасьці.


14 траўня ў Менску прайшоў марш “За незалежнасьць”, які зладзіла незарэгістраваная арганізацыя “Малады фронт”. На Кастрычніцкай плошчы сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Міліцыя не выціснула маладых людзей з плошчы, спэцназаўцы зьбілі некалькіх удзельнікаў акцыі. Шэсьце адбылося ад Кастрычніцкай плошчы да вуліцы Казлова. Водгукі нашых слухачоў:

Cпадар: “Маё меркаваньне такое, што як сабраўся там на плошчы ў Менску Малады фронт і наша міліцыя, яна вельмі такая мяккая, дэмакратычная... Каб трохі астылі з гэтай незалежнасьцю. Якая незалежнасьць? У нас ужо даўно незалежнасьць. Што вы выдумваеце? Што мы, вар'яты ці хворыя? Мы бачым гэтае жыцьцё, мы ўсё бачым”.

Віктар Буто: “14 траўня 2009 году вулічную акцыю пратэсту, ажыцьцёўленую маладафронтаўцамі ў цэнтры Менску, беспакарана і адкрыта разагналі вельмі дрэнныя прадстаўнікі ўлад, якія займаюцца парушэньнем канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, бо ў іх маюцца пад рукой міліцэйскія аддзелы, суды, турмы, войска і любая зброя. Вельмі сьмелая ў нас ёсьць моладзь, і толькі за гэта я ім нізка кланяюся ў ногі”.

13 траўня Беларускае тэлебачаньне паказала дакумэнтальны фільм “Малады фронт. Кіднэпінг”. Аўтары фільму паспрабавалі дыскрэдытаваць некаторых маладафронтаўцаў і іхных бацькоў, цьвердзілі пра амаральнасьць апазыцыі. Слухачы “Свабоды” дзеляцца сваімі ўражаньнямі ад фільму:

Ільля Копыл, Менск: “Прымусіў сябе паглядзець на першым канале БТ чарговы опус АТН — кампрамат на Малады фронт. Сюжэт прымітыўны. З аднаго боку — злосны кіраўнік Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч, і супраць яго — няшчасная запалоханая жанчына, маці школьніка. Няўзброеным вокам бачна, што жанчына ўвесь час знаходзіцца пад наглядам тэлекамэры спэцслужб. Нават каб паразмаўляць як маці з маці, жанчына прыехала ў Старыя Дарогі на машыне АТН ці спэцслужбаў з прыхаваным пад адзеньнем жучком, каб праслухаць размову. Так яе могуць спэцслужбы давесьці да трагедыі. Мяне ўразіла выказваньне вядоўцы, які застаўся за кадрам, што маладафронтаўцы быццам бы не жадаюць вучыцца, не жадаюць паступаць у ВНУ. А я наіўна лічыў, што наадварот: сотні маладафронтаўцаў адлічаны з ВНУ за ўдзел у акцыях апазыцыі. Чаму б аўтарам тэлеперадачы не сказаць, што ўлада зачыніла Беларускі ліцэй імя Якуба Коласа, Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, у якім навучаньне вялося на высокім узроўні і які зараз вымушаны дзейнічаць за мяжой? У заключэньне жанчына сказала: “Пакіньце нашых дзяцей у спакоі, каб яны самі вырашалі, чым займацца”. А можа, гэта і ёсьць іх выбар? Не перашкаджайце ім, а падтрымайце. Ганьба аўтарам тэлестужкі!”

Cпадарыня: “Ідэальны матэрыял для судовага працэсу для Зьмітра Дашкевіча, Насты Палажанкі і іх бацькоў за абразу асобы, прыніжэньне годнасьці, за паклёп на беларускае тэлебачаньне і аўтарам сэрый гэтай прапаганды. Позва за маральную шкоду павінна быць адэкватнай, каб мала не падалося”.

Ці будуць прадстаўнікі “Маладога фронту” падаваць у суд на БТ за абразу гонару і годнасьці? На гэтае пытаньне адказвае прэсавы сакратар арганізацыі Тацяна Шапуцька:

“Малады фронт яшчэ ня вызначыўся, ці будуць сябры арганізацыі, якіх зганьбілі ў гэтым фільме, рэагаваць, падаючы позвы ў суд. Вырашэньне гэтага пытаньня мы вырашылі адкласьці, пакуль ня вырашыцца з галадоўкай салідарнасьці. Сёньня галадоўка нас турбуе болей. Да нас паступілі прапановы дапамагчы скласьці позву ў суд ад імя Зьмітра Дашкевіча, Дзяніса Карнова і Насты Палажанкі, каб прыцягнуць да адказнасьці супрацоўнікаў БТ, якія зганьбілі гонар нашых сябраў. Мы гэта дэталёва абмяркуем”.

Скончым перадачу такім тэлефанаваньнем:

Cпадар: “Дзіўныя мы — беларусы. Саромеемся роднай мовы. Рэдка пачуеш мілагучнае беларускае слова ў грамадзкім транспарце, у крамах і ва ўстановах. Затое прадстаўнікі нацыянальных меншасьцяў — армяне, азэрбайджанцы — гавораць на сваёй роднай мове, і ніхто не сьмяецца зь іх. І вось нядаўна ў аўтобусе я пачуў мілагучную беларускую мову. Размаўляў мужчына. Аказалася, гэта — Алег Трусаў. Вось так!”

Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG