Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У праграме “Званкі на Свабоду” палітоляг Уладзімер Мацкевіч адказвае на пытаньне, чаму Расея адмовіла Беларусі ў чарговым крэдыце. Слухачы гавораць пра эканамічны крызіс, камэнтуюць перамогу нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе над камандай Казахстану, адгукаюцца на гісторыю са спробай звольніць з адукацыйнага цэнтру “Сол” выкладчыцу Мар’яну Грузьдзіловіч.


Днямі міністэрства фінансаў Расеі адмовіла Беларусі ў крэдыце. Афіцыйны Менск прасіў грошы, каб перайсьці ва ўзаемаразьліках на расейскія рублі.

Спадар: “Чарговая халтура з пераходам да разьлікаў на расейскія рублі з трэскам правалілася. Крэдыт у 100 мільярдаў рублёў для разьлікаў за газ Беларусі — Масквой адмоўлена. У чым прычына? Якую памылку зрабіў прэзыдэнт?”

На пытаньне слухача адказвае палітоляг Уладзімер Мацкевіч:

“Прычыны зразумелыя — гэта крызіс, які закрануў Расею значна болей за Беларусь. Другая прычына — цяжкія, складаныя адносіны, якія ўжо доўгі час існуюць паміж Беларусяй і Расеяй. Я ня бачу тут вялікай паразы Лукашэнкі. Гэта статычная сытуацыя, якая паўтараецца некалькі гадоў запар, з таго часу, як адносіны паміж Беларусяй і Расеяй пагоршыліся”.

У працяг тэмы эканамічнага крызісу — такое тэлефанаваньне:

Анастас Семяновіч: “Хто вінаваты ў сёньняшнім крызісе беларускай эканомікі? Вінаваты ўвесь сьвет, акрамя Лукашэнкі. Трэба ствараць нацыянальную эканоміку. Лукашэнка кажа, што трэба разьвівацца інтэгравана з Расеяй і яе эканомікай, таму і сталі залежныя ад зьнешніх фактараў. Рэфармаваньне нацыянальнай эканомікі — гэта стварэньне новых прадпрыемстваў, разьвіцьцё сфэры паслуг, малога і сярэдняга бізнэсу. Сур'ёзная памылка — захаваньне нізкаэфэктыўных працоўных месцаў, прадукцыя каторых ідзе на склад. Сусьветны крызіс практычна не закрануў Беларусь, таму што мы мелі няразьвітую эканоміку”.

1 красавіка нацыянальная зборная Беларусі па футболе зь лікам 5:1 перамагла зборную Казахстану ў адборачным матчы да чэмпіянату сьвету — 2010. Матч праходзіў у горадзе Алматы.

Алесь, Менск: “Вось зараз гляджу матч Беларусь — Казахстан па тэлевізіі. Яшчэ невядома, зь якім лікам ён скончыцца. Але я пераконваюся ўсё больш і больш у тым, што пакуль на майках гульцоў беларуска-савецкі герб і пакуль трансьляцыі гульні нацыянальнай зборнай вядуцца на мове суседняй дзяржавы, дык не відаць сур'ёзных посьпехаў зборнай Беларусі. Адзін сорам на ўвесь сьвет, сорам”.

На дадатак — СМС-паведамленьне: “Вiншую зь перамогай зборную Беларусi па футболе! Жыве родны край! Дарэчы, там былi нашыя сьцягi бел-чырвона-белыя”.

Працягнем праграму такім тэлефанаваньнем:

Андрэй, Пінск: “Зараз ідуць вясеньнія вакацыі, дзеці вольныя. Наш прэзыдэнт езьдзіў на замежныя курорты ў Сэрбію і ў Армэнію, вазіў з сабой маленькага свайго сына. Чаму б Лукашэнку, апрача свайго асабістага адпачынку, не дамовіцца было з сэрбскім алігархам і на вакацыі ў Сэрбію не адправіць групу дзяцей з чарнобыльскіх раёнаў, якім сам жа Лукашэнка забараняе выяжджаць за рубеж — баіцца, каб яны там, у цывілізаваных краінах, не пабачылі нармальны лад жыцьця і зусім іншы сьвет. Па-мойму, тут яму трэба было над гэтым падумаць усур'ёз, таму што дзеці нашы ўжо 23 гады пакутуюць ад чарнобыльскай радыяцыі. Тыя, хто нарадзіўся ў 1986 годзе, ужо самі сталі бацькамі. Наўрад ці яны нарадзілі здаровых дзяцей”.

Выкладчыцу адукацыйнага цэнтру “SOL Minsk” Мар’яну Грузьдзіловіч аднавілі на працы. Яе звольнілі 25 сакавіка. Падставай стала нязгода выкладчыцы з навучэнкай, якая зьняважліва выказалася на адрас удзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі. Мар’яна Грузьдзіловіч адказала, што сама наведвае апазыцыйныя акцыі і бачыць там пераважна інтэлігентных людзей.

Спадар Яцкевіч: “Вельмі добра, можна павіншаваць Грузьдзіловіч, што яе аднавілі на працы. Але колькі такіх Грузьдзіловіч па ўсёй Беларусі, даражэнькія мае! Не зьлічыць!”

Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG