Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: Палітычныя рэпрэсіі -- вялікая памылка ўлады


Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала ўдзельнікаў “працэсу 14-ці” вязьнямі сумленьня. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісьце, які Amnesty International накіравала на імя генэральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча.

СЛУХАЦЬ:


Amnesty International прызнала вязьнямі сумленьня 11 фігурантаў “справы 14-ці” — Арцёма Дубскага, Міхася Пашкевіча, Тацьцяну Цішкевіч, Паўла Вінаградава, Аляксея Бондара, Міхася Крывава, Алеся Стральцова, Алеся Чарнышова, Міхася Субача, Максіма Дашука і Аляксандра Баразенку. Цяпер гэтыя асобы адбываюць пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі. Паводле праваабаронца Валянціна Стэфановіча, уладам даецца сыгнал, што згаданыя асобы рэпрэсаваныя:

Валянцін Стэфановіч
“Як толькі гэтая справа была ўзбуджана, мы заявілі, што гэтыя людзі зьяўляюцца палітычна рэпрэсаванымі. Паколькі яны ўдзельнічалі ў мірнай акцыі пратэсту. Калі пачаўся працэс вызваленьня палітвязьняў у мінулым годзе, у жніўні ўсе былі вызваленыя, мы заўсёды ставілі пытаньне: а што з гэтымі людзьмі, якія былі асуджаны па “справе 14-ці”? Яны ж засталіся рэпрэсаванымі. І мы заўсёды казалі, што ўлады павінны таксама і гэтых людзей вызваліць ад адказнасьці. І мы спадзяемся, што закон аб амністыі распаўсюдзіць сваё дзеяньне на гэтых людзей”.


Андрэй Папоў
У міністэрстве замежных спраў Беларусі ня сталі камэнтаваць гэтае рашэньне Amnesty International. Прэсавы сакратар Андрэй Папоў сказаў:

“Шмат якія справаздачы ў сьвеце рыхтуюцца па самых розных пытаньнях, і каб усе іх камэнтаваць, у нас проста ня будзе часу”.


Аляксандар Баразенка
Адзін з палітвязьняў Аляксандар Баразенка адбывае сваё пакараньне ў Пінску — адзін год “хіміі”. Ён ухваляе рашэньне Amnesty International:

“Гэта добры крок. Але я не лічу, што ад гэтага нешта зьменіцца. На жаль, нашы ўлады не зьвяртаюць ніякай увагі на тое, што кажа нават такая прызнаная, міжнародная арганізацыя”.

Лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч заявіў: улады зрабілі вялікую памылку, што не скарысталіся з амністыі і не перапынілі палітычна матываваны перасьлед па “справе 14-ці”:

Аляксандар Мілінкевіч
“Усім было відавочна, што гэта палітыка. Гэта вялікая памылка ўлады, і я думаю, што яны насамрэч не зусім рэальна ацэньваюць сытуацыю. Бо ўзаемадзеяньне і эканамічнае супрацоўніцтва будуць у залежнасьці ад таго, наколькі будуць крокі па дэмакратызацыі. Я думаю, вельмі добра, што Amnesty International тое, што мы разумелі даўно, — што гэта палітычная справа, — гэта зрабіла афіцыйным дакумэнтам. Як павядуць сябе ўлады? Я маю надзею, што адэкватна. Бо ад гэтага залежыць наша супрацоўніцтва з Эўропай, наша інтэграцыя ў Эўропу. Таму маю надзею, што гэтая справа мусіць быць перапынена”.

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, гэта і ёсьць прынцыповая пазыцыя аб’яднаных дэмсілаў, што фігуранты “справы 14-ці” — палітвязьні. Гэтаксама як і зьняволеныя прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімер Асіпенка.

Анатоль Лябедзька
“Ва ўлады ёсьць інструмэнт, як выйсьці з гэтай сытуацыі — выкарыстаць амністыю. Вызваліць і канчаткова зьняць гэтае пытаньне з парадку дня. Гэта адлюстраваньне таго, што ёсьць, а не таго, што хочацца некаму за межамі ці ўнутры краіны. Рэчы трэба называць сваімі імёнамі. І ігнараваць пазыцыю Amnesty International ня будуць палітыкі. І ніхто ня стане гэта публічна аспрэчваць. Паводле афіцыйнай інфармацыі, якая ішла з Брусэлю, перамовы ў пытаньні правоў чалавека ў Беларусі не пачыналіся. І тое, што мы зараз маем, падштурхоўвае і эўрапейскія структуры, каб яны былі больш настойлівымі і пасьлядоўнымі, і звужае поле для манэўра для беларускіх уладаў”.



11 вязьняў сумленьня былі пакараныя абмежаваньнем волі за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая адбылася ў Менску 10 студзеня 2008 году. Дырэктар па справах рэгіёнаў Эўропы і Цэнтральнай Азіі Amnesty International Нікаля Дакварс (Nicola Duckworth) у сваім звароце да генпракурора Беларусі заклікае вызваліць іх ад пакараньня, а таксама правесьці расьсьледаваньне зьбіцьця Аляксандра Баразенкі афіцэрам міліцыі, якое адбылося 23 сакавіка. Amnesty International упэўненая, што ўсе 11 маладых людзей былі пакараныя за мірнае ажыцьцяўленьне свайго права на свабоду мірных сходаў і свабоду выказваньня меркаваньняў.

„Вязень сумленьня” — гэта тэрмін, які быў запрапанаваны міжнароднай арганізацыяй абароны правоў чалавека Amnesty International ў пачатку 1960-х гадоў. Ён акрэсьлівае асобу, якая была пазбаўленая свабоды за негвалтоўнае выказваньне ці дэманстрацыю сваіх поглядаў наконт расы, рэлігіі, колеру скуры, мовы, сэксуальнай арыентацыі, перакананьняў ці ладу жыцьця.

Тэрмін „палітычны вязень” адносіцца да асобы, якая была зьняволеная (у турме або пад хатнім арыштам) за сваю палітычную актыўнасьць. Гэты тэрмін ахоплівае таксама асобы, якія ў сваёй палітычнай дзейнасьці ўжывалі гвалтоўныя мэтады або заклікалі да іх ужываньня (між іншым, тэрарыстаў).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG