Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХД будзе дзейнічаць і без рэгістрацыі


Belarus – BHD Congress. Minsk, 28feb2009

Belarus – BHD Congress. Minsk, 28feb2009

Міністэрства юстыцыі адмовіла заснавальнікам Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ў рэгістрацыі партыі.

Чыноўнікі Мін’юсту спаслаліся на тое, што сьпіс заснавальнікаў і пратакол устаноўчага зьезду БХД зьмяшчае несапраўдныя зьвесткі. Яны зазначылі, што некаторыя падпісанты не змаглі назваць дакладную дату і месца правядзеньня ўстаноўчага зьезду. Пры гэтым у адказе гаворыцца, што некаторыя заснавальнікі падпісваліся, ня ведаючы, пад якім менавіта дакумэнтам ставяць свой подпіс.

Сябры аргкамітэту дзеля стварэньня БХД прыгадалі, што пасьля таго, як яны перадалі дакумэнты на рэгістрацыю партыі ў Мін’юст, пачалася беспрэцэдэнтная акцыя запалохваньня заснавальнікаў арганізацыі. Ім тэлефанавалі з адміністрацыі прадпрыемстваў і ідэалягічных аддзелаў райвыканкамаў і пагражалі звальненьнем з працы, калі тыя не адмовяцца ад свайго подпісу.

Некалькі чалавек з працы звольнілі.

Сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня БХД Аляксей Шэін паведаміў “Свабодзе”:

“Мы, вядома, лічым рашэньне Мін’юсту неабгрунтаваным. Хутчэй за ўсё, будзем падаваць скаргу на гэтае рашэньне ў Вярхоўны суд, хаця разумеем, што Мін’юст толькі выконвае пэўную палітычную замову, і таму наўрад ці можна будзе чакаць ад Вярхоўнага суду справядлівага рашэньня.

Рашэньне Мін’юсту не паўплывае на дзейнасьць БХД, на нашу працу. Як рабілі нашу працу, так і будзем рабіць. Нам сапраўды нашмат важней прызнаньне дзейнасьці БХД з боку саміх беларускіх людзей, чым прызнаньне Мін’юсту ці сёньняшніх беларускіх уладаў“.

Сустаршыні БХД паведамілі “Свабодзе”, што толькі невялікая колькасьць людзей адмовілася ад свайго подпісу ў дакумэнтах на рэгістрацыю. Пры гэтым захавалася неабходная колькасьць падпісантаў для рэгістрацыі партыі.

XS
SM
MD
LG