Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве ўзгадалі ахвяраў Чарнобылю і пратэствалі супраць новых АЭС

  • Тацяна Поклад

У цэнтры плякат -- "Не беларускай АЭС"

У цэнтры плякат -- "Не беларускай АЭС"

Сёньня ў цэнтры Вільні адбылося шэсьце і іншыя імпрэзы ў памяць 25-й гадавіны Чарнобыльскай аварыі. Некалькі сотняў удзельнікаў ня толькі згадвалі ахвяраў трагедыі, але і пратэставалі супраць пабудовы новых АЭС у Літве і каля яе межаў, у тым ліку плянаванай Астравецкай АЭС, якая выклікае асаблівыя пратэсты ў Літве з-за яе блізкасьці да Вільні.

“Атаму — не!”скандавалі ўдзельнікі шэсьця. На плякатах і расьцяжках надпісы на літоўскай і расейскай мовах: “Новаму Чарнобылю — не!”, “Я хачу мець дзіця з адной галавой, а ты?”, “Учора Японія, сёньня Літва”, “Не — атамнаму сьмецьцю!”, а таксама заклікі да літоўскага ўраду дамовіцца зь Беларусьсю і спыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС у 50 км ад Вільні.

Саўлюс Пікшрыс, кіраўнік літоўскага Таварыства аховы прыроды і помнікаў культуры «Atgaja» кажа, што сумны юбілей Чарнобыльскай катастрофы — гэта напамін аб тым, што АЭС такія ж небясьпечныя, як атамная зброя:

“Мы амаль увесь час падтрымліваем сувязі зь беларускімі актывістамі, каардынуем нашыя дзеяньні, праўда, цяпер, пасьля выбуху ў менскім мэтро ўзмацніліся рэпрэсіі супраць грамадзкіх арганізацыяў і апазыцыі, і ім цяжэй актыўна пратэставаць. Калі ў Беларусі будзе арганізоўвацца нейкі рух, нейкія акцыі, мы тут заўсёды правядзем акцыі і каля беларускай амбасады ў Вільні”.

У часе мітынгу каля будынку Сойму Літвы прадстаўнік сьпікера Ірэны Дзягуцене прыняў ад удзельнікаў акцыі пэтыцыю з патрабаваньнем, каб Сойм абвясьціў бестэрміновы мараторы на ўсе дзеяньні, зьвязаныя з будаўніцтвам новых АЭС у Літве і побач зь яе межамі.

Саўлюс Лапеніс, віцэ-старшыня літоўскай партыі зяленых “Саюдзіс" кажа, што хацеў бы пажадаць людзям Беларусі ў дзень 25-годзьдзя Чарнобылъскай трагедыі:

“У гэты дзень я хачу пажадаць людзям Беларусі ўдыхнуць больш паветра дэмакратыі, не спыніцца на гэтым, і думаць аб тым, як вы, жыхары Беларусі, якія так пацярпелі ад Чарнобылю, маглі б спыніць пабудову новай небясьпечнай АЭС на вашай зямлі. А мы, як новая літоўская партыя зялёных, у сваю чаргу будзем рабіць усё магчымае, каб спыніць пабудову ня толькі Астравецкай АЭС паблізу Вільні, але і літоўскай і Калінінградзкай АЭС і пастаремся дапамагчы вам праз эўрапейскія структуры”.

Пасьля мітынгу каля Сойму і шэсьця па праспэкце Гедыміна ў цэнтры Вільні адбыўся канцэрт памяці Чарнобыльскай трагедыі з удзелам вядомых літоўскіх музыкаў.

Актывіст “Маладога Фронту” і студэнцкай ініцыятывы “СтудАльянс” Кірыл Атаманчык:

“Я тут ня толькі таму, што такая дата, 25 гадоў трагедыі, але і таму, што цяпер існуе пагроза, што яшчэ тры атамныя монстры зьявяцца каля нас. Паглядзіце, 80 працэнтаў з сотняў удзельнікаў сёньняшняй акцыі — моладзь, вельмі цешыць такая актыўнасьць, столькі неабыякавых. Яшчэ што ўражвае тут у адрозьненьне ад Беларусі — гэта паліцыя, тое, што яна займаецца, як ёй і належыць, сваёй справай — ахоўвае нас, удзельнікаў акцыі, каб нам нічога не перашкаджала. Я проста ў захапленьні ад таго, як усё праходзіць”.

Віленская мэрыя выдала дазвол на правядзеньне акцыі 800 удзельнікам. Удзельнікі акцыі паклапаціліся аб чысьціні — актывісты, якія ішлі апошнімі ў калёне, сабралі сьмецьце.

Відэа і фотаздымкі сёньняшняй акцыі ў Вільні можна паглядзець тут.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG