Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 траўня ў Празе з удзелам афіцыйнай беларускай дэлегацыі адбыўся саміт “Усходняга партнэрства” Эўразьвязу. Выніковы дакумэнт форуму і пэрспэктывы, якія ён адкрывае, ацэньваюць беларускія палітолягі.


Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаваньняў Дзяніс Мельянцоў адзначае, што фінальны дакумэнт праскага саміту быў падрыхтаваны яшчэ да самога форуму і быў загадзя вядомы.

Дзяніс Мельянцоў
Ягоную асноўную вартасьць спадар Мельянцоў бачыць у наступным: дэклярацыя засьведчыла, што краіны пагаджаюцца супрацоўнічаць, удзельнічаць у гэтай праграме Эўразьвязу, і стварыла юрыдычную базу для такога супрацоўніцтва.

Але ў дакумэнце мала канкрэтыкі, — зазначае спадар Мельянцоў:

“Фактычна гэта пераказ дэклярацыі, якая была ўхваленая Радай Эўрапейскага Зьвязу, дзе гаворыцца і пра каштоўнасьці, і пра збліжэньне з Эўразьвязам, пра шматбаковае і двухбаковае супрацоўніцтва. Але нічым канкрэтным дэклярацыя не напоўненая. Там ёсьць заклік да эўрапейскіх інстытутаў, якія маюць распачаць працу па рэалізацыі флягманскіх праектаў, але нічога канкрэтнага няма”.

У якасьці яскравага прыкладу спадар Мельянцоў прывёў тэзіс пра магчымую адмену візаў, які быў заменены на “паступовае спрыяньне зьмякчэньню візавага рэжыму”.

Блізкі да ўладаў кіраўнік аналітычнага цэнтру “ЕСООМ” Сяргей Мусіенка лічыць, што з далучэньнем да “Ўсходняга партнэрства” Беларусь трапіла ў новую геапалітычную рэальнасьць.

Сяргей Мусіенка
“Мы пачынаем жыць у новую эпоху добрых зьменаў. Гэтую сытуацыю можна параўнаць з 1991 годам, калі Беларусь раптам выявіла, што яна самастойная краіна, здадзеная сама на сябе, і павінна выбудоўваць сваю зьнешнюю палітыку. Цяпер мы больш дасьведчаныя, у нас ёсьць рэсурс, які дазволіць гэта рабіць больш пісьменна. Гэта пазытыўна, наперадзе вялікі добры этап жыцьця. Для нас гэта — нявыкарыстаная, 15 гадоў закансэрваваная магчымасьць. Я маю на ўвазе ня толькі збліжэньне з Эўропай — думаю, што наступнымі будуць ЗША”.

Заявы апазыцыйных палітыкаў пра тое, што “Ўсходняе партнэрства” дазволіць пераносіць у Беларусь эўрапейскія стандарты ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі, спадар Мусіенка ацаніў скептычна:

“Зараз я думаю, што будуць іншыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці працаваць на эўрапейскай плятформе. Іншыя людзі, якія рэальна прадстаўляюць і культуру Беларусі, і яе інтарэсы, і зьяўляюцца сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны”.

Зазначыў праўладны аналітык Сяргей Мусіенка. Іншы палітоляг, Аляксей Кароль, яму пярэчыць:

Аляксей Кароль
“Я ня думаю, што гэта прызнаньне Лукашэнкі. Гэта прызнаньне ролі Беларусі, якая знаходзіцца ў выгаднай пазыцыі паміж Захадам і Ўсходам. І гэтае геаграфічнае становішча патрабуе стасункаў на абодва бакі.

Сумаваць апазыцыі, на мой погляд, няма прычын, гэтак жа як і ўпадаць у эўфарыю. Сапраўды, скончыўся адзін этап і пачынаецца новы. Ён патрабуе ад уладаў разуменьня новай сытуацыі і зрухаў у бок дэмакратызацыі, у тым ліку палітычнай. Ён патрабуе і ад апазыцыі асэнсаваньня свайго месца ў новай сытуацыі, якая пашырае ёй магчымасьці для палітычнага манэўру”.

Палітоляг Віталь Сіліцкі ўдзельнічаў у Форуме грамадзянскай супольнасьці, які прайшоў у Празе паралельна з самітам. Праграма “Ўсходняга партнэрства”, на думку Віталя Сіліцкага, — гэта рамачнае пагадненьне, якое дазваляе ЭЗ ангажавацца ў справы Беларусі, пашыраць кантакты:

Віталь Сіліцкі
“І, так ці іначай, даецца большая свабода дзейнасьці тым альтэрнатыўным суб’ектам, якія цяпер нацыянальныя ўлады, у тым ліку беларускія, павінны талераваць хаця б для выкананьня правілаў добрага тону ў гэтым самым партнэрстве”.

Спадар Сіліцкі мяркуе, што калі б на саміце пабываў А. Лукашэнка, то гэта нічога не зьмяніла б.

“Сутнасьць рамачных дакумэнтаў не памянялася б. За выключэньнем таго, што некалькі нашых апазыцыянэраў атрымалі б інфаркт, нічога не зьмянілася б. І некалькі чэскіх экзальтаваных асобаў...”

Самае цікавае ўражаньне спадара Сіліцкага ад падзеяў у Празе — вось якое: прадстаўнікі беларускай апазыцыі, якія там былі, вырашылі, што “ня трэба класьціся пад рэйкі, калі йдзе паравоз”, што трэба не перашкаджаць уцягваньню афіцыйных беларускіх структур у дыялёг з Эўразьвязам, а прапаноўваць нешта ў парадак дня гэтага дыялёгу.

“І, як ні дзіўна, спатрэбіўся Пазьняк, каб гэта ініцыяваць”, — заключыў В. Сіліцкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG