Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удавэнка: Украіну прынізілі, паставіўшы побач зь Беларусьсю


Геннадій Удовенко

Геннадій Удовенко

Ва Ўкраіне ня ўсе зусім задаволеныя далучэньнем сваёй дзяржавы да “Ўсходняга партнэрства” Эўразьвязу. Там чакаюць ад Брусэля большага — прапановы далучыцца да самога альянсу.

Былы міністар замежных спраў Украіны Генадзь Удавэнка расчараваны тым, што замест канкрэтных абяцаньняў сяброўства ў Эўразьвязе Брусэль прапанаваў Кіеву толькі ўдзел у праграме “Ўсходняга партнэрства”. Але, як ён заявіў “Свабодзе”, гэты факт ня зможа перакрэсьліць эўрапейскія імкненьні Ўкраіны:

Эўразьвяз зьвёў Украіну на нішто, да ўзроўню звычайных суседзяў.
“Мне прыкра, што Эўразьвяз зьвёў Украіну на нішто, да ўзроўню звычайных суседзяў. Нас фактычна паставілі на адзін узровень зь Беларусьсю. У гэтых словах у мяне няма ніякай антыбеларускай скіраванасьці, я актыўны прыхільнік нашага эканамічнага супрацоўніцтва зь Беларусьсю, у рэшце рэшт, нам патрэбна завяршыць афармленьне супольнай мяжы… Але Беларусь ніколі не абвяшчала курсу на эўраатлянтычную інтэграцыю, нават на эўраінтэграцыю. А сёньня Беларусь і Ўкраіна будуць там разам адстойваць свае інтарэсы… Гэта спроба паставіць Украіну ў адзін шэраг з усімі іншымі краінамі-ўдзельнікамі як звычайнага суседа”.

Генадзь Удавэнка мяркуе, што гэта таксама — рэакцыя Брусэлю на тое, што Украіна аслабленая ўнутранымі супярэчнасьцямі.

Спадар Удавэнка ня бачыць ва “Ўсходнім партнэрстве” ніякага антырасейскага характару:

“Сёньня Эўразьвяз заігрывае з Расеяй. Вядучыя эўрапейскія краіны маюць нейкую прарасейскую эўфарыю. Магчыма, гэта зьвязана з пазыцыяй, якую стала займаюць Нямеччына і Францыя ў Эўразьвязе, магчыма, гэта наступства бурнай дзейнасьці Расеі, яе дыпляматыі ў пляне прапаганды яе посьпехаў і прэтэнзій на сусьветнае лідэрства”.

XS
SM
MD
LG