Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Эўразьвяз будуць супрацоўнічаць ў энэргетыцы


Беларусь і Эўрапейскі зьвяз маюць намер разьвіваць супрацоўніцтва ў энэргетычнай сфэры. Гэта пацьверджана Дэклярацыяй паміж урадам Беларусі і Эўракамісіяй, альтэрнатамі якой сёньня ў Празе абмяняліся міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў і эўракамісар па зьнешніх сувязях і эўрапейскай палітыцы суседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр.


Спадарыня Фэрэра-Вальднэр адзначыла, што "гэта маленькі, але ўпэўнены крок". Сяргей Мартынаў назваў гэта важным крокам абодвух бакоў.

Згодна з дэклярацыяй, бакі пацьвярджаюць сумесную мэту працягваць абмеркаваньне пытаньняў транспартаваньня нафты і газу, а таксама бясьпекі паставак. Энэргетычнае супрацоўніцтва двух бакоў будзе ўключаць абмен інфармацыяй па энэргетычных стратэгіях і праграмах і правядзеньне рэформаў у энэргетычным сэктары. Бакі маюць намер разьвіваць рэгіянальнае супрацоўніцтва ў галіне энэргетычных рынкаў.

Бакі прызнаюць, што Беларусь і Эўразьвяз зьвязваюць агульныя інтарэсы ў энэргетычным сэктары і што інтэграцыя іх энэргетычных рынкаў можа прынесьці двухбаковую выгаду.

Паводле агенцтва БЕЛТА, канчатковае заключэньне дэклярацыі адбудзецца пасьля падпісаньня яе міністрам энэргетыкі Беларусі Аляксандрам Азярцом і эўракамісарам па пытаньнях энэргетыкі Андрысам Пібалгсам.
XS
SM
MD
LG