Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне “Пэрспэктыва” на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску выступіла супраць намеру ўладаў забараніць гандаль півам у шапіках. Такі крок, паводле дробных бізнэсоўцаў, вядзе да ліквідацыі дробнарозьнічнага гандлю ў краіне і страты працоўных месцаў.

5 траўня ўступае ў дзеяньне пастанова Берасьцейскага аблвыканкаму, згодна зь якой шапікам забараняецца гандляваць півам. Паводле чыноўнікаў, гэта зроблена дзеля “ўхіленьня прычынаў і ўмоваў, якія садзейнічаюць правапарушэньням, а таксама ўпарадкаваньня гандлю півам і слабаалькагольнымі напоямі”. Выказваючы пратэст супраць такога рашэньня ўладаў, уладальнікі шапікаў зьбіраюцца спыніць у гэты дзень працу ў розных гарадах вобласьці і накіравацца да будынка аблвыканкаму.

Прадпрымальнік Аляксандар Кузуб зьвяртае ўвагу на тое, што такая забарона не закранае дзяржаўнага гандлю:

Падчас прэсавай канфэрэнцыі.
“Поўнасьцю абсурднае рашэньне. І хутчэй за ўсё, што гэта адбываецца ў розных абласьцях — Гарадзенскай, Гомельскай, Берасьцейскай — відаць, вельмі добра сплянаваная акцыя. Хочуць пэўны сэгмэнт рынку выкінуць ці пакінуць за межамі гандлю на ўнутраным рынку краіны”.

Паводле дробных бізнэсоўцаў, забарона гандлю півам прывядзе да зьмяншэньня аб’ёму гандлёвай выручкі да 80% і нерэнтабэльнасьці гандлёвых аб’ектаў. Бяз працы толькі ў Берасьцейскай вобласьці могуць застацца каля трох тысячаў чалавек. Бізнэсоўцы нагадалі, што на Гарадзеншчыне ўлады ўжо забаранілі продаж піва праз шапікі, Гомельскі аблвыканкам прыпыніў аналягічнае рашэньне да 8 ліпеня. А на Віцебшчыне абяцаюць яго ўвесьці ў верасьні.

Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі зь Берасьця, Гомеля і Віцебску не пагаджаюцца з довадамі ўладаў, якія заяўляюць, што такім чынам змагаюцца з алькагалізацыяй насельніцтва. Бо аб’ём продажу піва праз шапікі на прыпынках транспарту не перавышае 1% ад агульнай рэалізацыі піва на ўнутраным рынку краіны.

Анатоль Шумчанка
Лідэр аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка заявіў, што сытуацыя склалася вельмі крытычная для дробных гандляроў. У зьвязку з гэтым падрыхтаваны звароты да прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі і ўраду, а таксама ў Канстытуцыйны суд.

“Мы зьвяртаемся да А.Лукашэнкі, каб адмяніць гэта антырыначнае рашэньне. Мы патрабуем ад Сідорскага пачаць перамовы з прадстаўнікамі дробнага бізнэсу. Усе гэтыя рашэньні ўладаў антызаконныя. Людзей зноў прымушаюць ісьці на вуліцы. Сёньня мы назіраем зьнішчэньне малога бізнэсу, а заўтра прыйдуць па іншых. Мы будзем выходзіць да мясцовых уладаў. Але ў нас ёсьць ідэя прыехаць у Менск і выйсьці да Дому ўраду”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG