Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёсам было суджана зрабіць менавіта Вішнева адной з самых заўважных выспаў, кажучы словамі Валянціна Акудовіча, у архіпэлягу Беларусь. Паэтка Канстанцыя Буйло, паэт і настаўнік Пятро Бітэль, ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі. Давяршае сузор’е імёнаў прэзыдэнт Ізраілю Шымон Пэрэс.

Вішнева — клясычнае беларускае мястэчка, дзе два храмы, праваслаўны і каталіцкі, пануюць на навакольлем. Сучаснасьць прадстаўленая некалькімі дамкамі для калгасьнікаў, у якіх чамусьці ніхто не жыве. Але лёсам было суджана зрабіць менавіта Вішнева адной з самых заўважных выспаў, кажучы словамі Валянціна Акудовіча, у архіпэлягу Беларусь. Паэтка Канстанцыя Буйло, паэт і настаўнік Пятро Бітэль, ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі. Давяршае сузор’е імёнаў прэзыдэнт Ізраілю Шымон Пэрэс.

У Вішневе можна спытацца ў любой бабулькі пра ксяндза Чарняўскага, каб упэўніцца, наколькі значнаю гэтая фігура застаецца і ў сёньняшнім дні. Вось што сказала пра сьвятара першая сустрэтая мною старая.


Старая: «Быў надрукаваўшы, дзецям даваў на беларускай мове катэхізмоўку. Такая кніжачка. Я сваім унукам даўшы, яны маюць. Ужо праўнучкі маюць».

Карэспандэнт: «Вам пашанцавала з ксяндзом».

Старая: «Так, пашанцавала. Гэта быў такі чалавек!»

Марыя Краскоўская, усьмешлівая кабета, пэнсіянэрка, якая ўсё жыцьцё прарабіла ў Вішнеўскай бальніцы, была суседкай Чарняўскага. І ведала яго вельмі добра.

Праект разбудовы касьцёла

Праект разбудовы касьцёла


Марыя: «Ён любіў расказваць пра Вялікае Княства Літоўскае. Гаварыў, што раней дзяржаўныя кнігі на беларускай мове выдаваліся. Што беларусы былі ў пашане. Гэта ён любіў».

Карэспандэнт: «Займаўся асьветніцкай дзейнасьцю».

Марыя: «Калі так разабрацца, ён больш гісторык быў, чым ксёндз. А як ксёндз... Ёсьць такая прымаўка — як маем, ня цэнім, а як страцім... Гэта быў сапраўдны ксёндз. Ён ніколі зь людзей ня дзёр грошы, папросту сказаўшы. Калі прыйдзе жанчына, якая ня мае мужа, дык ён скажа: „Вазьмі, дзецям цукерак купіш“. А калі хто бяднейшы — замест таго, каб заплаціць за імшу, дык ён яшчэ свайго дасьць».

У тым, што беларуская мова заняла свой пачэсны пасад калі не ў дзяржаве, дык на каталіцкім амбоне, ёсьць заслуга Ўладзіслава Чарняўскага. Бо зусім нядаўна ён быў адзіны беларускамоўны ксёндз на ўсю краіну. Сьвятар, які рабіў штодзённы подзьвіг, сваёю дзейнасьцю трымаючы сувязь часоў. Беларускай каталіцкай грамады міжваеннага часу з заўтрашнім днём беларускага касьцёлу. І, вядома, ня ўсім гэта падабалася.

Марыя: «Адны хацелі, крычалі, каб маліцца па-польску, другія, маладыя, хацелі на беларускай мове. Таму ён меў дзьве імшы. І болей моладзі хадзіла на беларускую. Бо польскай мовы хто разумее? Вельмі часта яго ўспамінаю. Вечна ён паўтараў: «З Богам няма жартаў».

За мястэчкам каля дарогі стаіць невысокая стэля, надпіс на якой паведамляе пра зьнішчаных нямецкімі акупантамі 2000 савецкіх грамадзян. Толькі нядаўна на стэле зьявілася шыльда на ідыш, каб было зразумела, што гэта былі за грамадзяне і што забілі іх толькі за іх нацыянальнасьць.

Праект разбудовы касьцёла

Праект разбудовы касьцёла


Шымон Пэрэс зь сям’ёй выехаў у Палестыну за некалькі гадоў да пачатку вайны. У ягоных былых суседзяў, у хаце бабы Яні, сухенькай і жвавай бабулькі, сабралася кампанія з нагоды Вялікадня.

Праект разбудовы касьцёла

Праект разбудовы касьцёла


Яніна: «Ён выехаў. Хата ў стаіць яго. Ваду ён браў са свайго калодзежа. Перац гэты горкі. Хата засталася. Другія там селі і сядзяць».

Марыя: «Яня, дзе ж гэтая хата? Там жа ўсё спалена было».

Яніна: «Дык на тым месцы, на Перцавым гэтым. Сын яго быў у мяне. Дапросы рабіў, фатаграфаваў. Два разы прыяжджаў. І мне не спадабалася, як ён прыйшоў на могілкі. Хай бы ты пакланіўся і сказаў: „Дарагія мае браты і сёстры, я сёньня явіўся да вас. Шкада, што вас няма, але так выйшла“. Прыйшоў. Гыр-гыр, пагаварыў. Да жыдоў не пакланіўся. Нічога. Прэзыдэнт цяпер ён жа ж!»

Суседка: «Ён не прэзыдэнт».

Яніна: «Прэзыдэнт. У Ізраілі прэзыдэнт».

Нявестка бабы Яні, якая прыехала з гораду, мае на Пэрэса крыўду.

Нявестка: «Мы ўсё спадзяваліся, што ён чым-небудзь дапаможа гэтаму Вішневу як прэзыдэнт. Таму што тут абваліўся і сельскі савет. Але ад яго, напэўна, як з казла малака».

Яніна: «Ён бедны быў. Бо былі жыды, якія былі ў нас багатыя. Шымеліха, Куня склад аптэчны мела на Віленскай вуліцы. А ён быў бедны».

Чаму Вішнеўскі сельсавет павінен рамантаваць прэзыдэнт Ізраілю, я так і не зразумеў. А вось успамін Янінай суседкі і аднагодкі, старой Марыі ўразіў. Марыя была сьведкай таго, як зьнішчалася Вішнеўскае гета. Некалькі хатаў напхалі людзьмі і спалілі іх жыўцом.

Праект разбудовы касьцёла

Праект разбудовы касьцёла


Марыя: «Як выйшлі сюды глядзець, дык па нас з кулямётаў. Дык мы хутчэй уцяклі ў вёску. Лятае кругом, аблівае бэнзінам гэтыя дамы. Усюды было поўна набіта. 2000 чалавек. Трэба ж усіх памясьціць яўрэяў. А пасьля здалёку кінулі запалку, усё гэта ўспыхнула і гарыць. Прыляцелі з матацыкламі. Пагналі бацьку майго, усіх зь вёскі. Рыдлёўкі бралі. Выкапалі там тры ямы. Бацьку майго пагналі, я так баялася. Кажа: «Я прыйшоў. Сядзіць яўрэйка. Я рыдлёўкай дакрануўся — і рассыпалася ўся. А аблічча чалавечае. Дык мой бацька прыйшоў дахаты і два тыдні нічога ня еў. За галаву ўзяўшыся сядзеў».

Пра сёньняшні эканамічны стан Вішнева красамоўна гаворыць фізычны стан ягоных працаўнікоў. Два вясёлыя дзядзькі, якія, мяркуючы па фізіяноміях, даўно не былі на споведзі, ахвотна падзяліліся сваімі праблемамі. Слухаючы іх, я ведаю, хто можа скласьці сур’ёзную канкурэнцыю Лукашэнку на чарговых выбарах. Той, хто паабяцае запусьціць не заводы, а ўсяго толькі вясковыя лазьні. Бо пра немагчымасьць памыцца я чую ледзь ня ў кожнай вёсцы. Чую ня толькі вушыма.

Праект разбудовы касьцёла

Праект разбудовы касьцёла


Мужык: «Бальшавікі-камуністы нашы не пабудуюць харошую лазьню. Мама мая старая, яна мыецца ў начоўках. Другое пытаньне — была ў Вішневе бальніца. Вялікая. Узялі закрылі. А да Валожына — 22 кілямэтры. Ня кожны чалавек вытрымае».

Карэспандэнт: «А тут у вас СВК?»

Мужык: «СВК „Вішнеўскае“. У гаўне, карацей кажучы. Жывем на плыву. Вымірае вёска. Памрэ мама мая. Застануся я, Раман, дружбан мой. Пачнем ... займацца. Ні ... тут ня была і ня будзе».

Дружбаны пайшлі займацца сваёй любімай справай. А я пайшоў спраўдзіць словы наконт таго, што «тут не было і ня будзе». За пару кілямэтраў ад Вішнева знаходзіцца сядзібна-паркавы ансамбль роду Храптовічаў, маёнтак Андрывонж. Маім гідам выступіла настаўніца вішнеўскай школы Ірына Пасека. Дарэчы, школа ў Вішневе — надзвычайнай прыгажосьці. Бо ляжыць на тэрыторыі былога мэталюргічнага заводзіка Храптовічаў. Тыповы школьны будынак суседнічае з цэхамі пазамінулага стагодзьдзя. Абкружаная ровам з вадой, школа ў нечым нагадвае замак.

Праект разбудовы касьцёла

Праект разбудовы касьцёла


Карэспандэнт: «А дзяцей колькі?»

Ірына: «157. Мы выміраем. Моладзь не застаецца. Хоць колькі домікаў пабудавана. Каб была праца, можа, і заставаліся б».

Карэспандэнт: «А для каго ж яны будуюцца?»

Ірына: «Мусіць, спадзяваліся, што нехта аднекуль прыедзе і захоча тут жыць».

Андрывонж сёньня ўяўляе сабою зарослы, недагледжаны лес. Толькі рэшткі прысадаў і забалочаныя сажалкі нагадваюць, што некалі тут быў прыгожы парк. І пасярод гэтых джунгляў стаіць змрочная руіна аднаго з будынкаў колішняй сядзібы.

Праект разбудовы касьцёла

Праект разбудовы касьцёла


Ірына: «Сажалкі ўжо ў балоты пераўтварыліся. А раней жа ж з фантанамі былі. Канстанцыя Буйло тут жыла. Яе бацька быў лесьніком, аглядаў. Таму яны жылі тут. Яна тут першы верш свой напісала. „Люблю мой край, старонку гэту“. Прысьвечаны Адрывонжу».

Карэспандэнт: «І ня выключана, што ў гэтым будынку?»

Ірына: «Ня ведаю. Тут жа былі домікі для прыслугі. Тут ружоўніца была. Шмат разводзілі ружаў. І тут была жывапісная прыгажосьць. Так не было заросла, і з гэтага будынка можна было ўбачыць касьцёл. Вясною тут была такая прыгажосьць, што Буйло напісала свой першы верш менавіта ў Адрывонжы».

Праект разбудовы касьцёла

Праект разбудовы касьцёла


Дваццаць гадоў назад тут быў піянэрскі лягер. І парк худа-бедна падтрымліваўся. А потым якраз сюды патрапіла адна з радыяцыйных плямаў. Але вось што цікава. Калі мы ішлі назад, то сустрэлі маладую пару, якая прыехала зь Менску выключна з турыстычнай цікаўнасьці. Дзякуючы сайту radzima.org. Значыць, ёсьць надзея, што сьцежка сюды не зарасьце травою забыцьця. А пазыўныя нашага радыё — «Люблю мой край, старонку гэту» — тут насьвістваюцца і напяваюцца асабліва дарэчы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG