Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перакладчык Павал Касьцюкевіч: "Як беларусам не хапае мора!"


Аляксей Знаткевіч, Прага У перакладзе Паўла Касьцюкевіча сёлета выйшла па-беларуску кніга ізраільскага пісьменьніка Этгара Керэта "Кіроўца аўтобусу, які хацеў стаць Богам". У праграме "Начная Свабода" Павал расказваў пра Тэль-Авіў, дзе ён цяпер жыве, пра свае спробы выдаць па-беларуску кнігу амэрыканскага пісьменьніка Курта Вонэгута "Бойня нумар пяць" і пра тое, як правесьці мора ў Беларусь.

(Карэспандэнт: ) "Павал, пачнем нашую гутарку ўсё ж з палітыкі, а ня з творчасьці. Днямі народжаны ў Беларусі Шымон Пэрэс быў абраны новым прэзыдэнтам Ізраілю. Для Вас асабіста ад гэтага нешта зьмянілася?"

(Касьцюкевіч: ) "Ведаеце, з аднаго боку канечне прыемна -- зямляк і ўсё такое, ну і заслужыў. У нас тут нядаўна адзначалі 40 гадоў шасьцідзённай вайны, і там якраз паказвалі ўсіх герояў і палітыкаў таго часу -- прэзыдэнт Эгіпту Насэра, генэрала Мошэ Даяна і Пэрэса. Дык усе астатнія даўно ўжо пайшлі з гэтага сьвету, і толькі Пэрэс застаўся жывы. Так што яму ўжо палагаецца. Бо ўжо ўся краіна хацела, каб яго абралі -- нават ягоныя супернікі казалі: "Ну выберыце вы ўжо яго прэзыдэнтам..."

(Карэспандэнт: ) "Заслужыў тым, што дажыў?"

(Касьцюкевіч: ) "Ён ужо шмат дзе працаваў, яму палагаецца -- ведаеце, выслуга. Але зь іншага боку, што ад гэтага зьменіцца ў стасунках зь Беларусьсю? Тым больш гэта прэзыдэнт, а ўся ўлада сканцэнтраваная ў руках прэм''ер-міністра. Прэзыдэнт тут як ангельская каралева. Ён нават, я думаю, у Беларусь не прыедзе, бо журналісты адразу пачнуць вэрхал: "Ага, прэзыдэнт за народныя грошыкі паехаў на радзіму ў джакузі купацца!" Ніхто ня скажа, што джакузі ніякага няма, а засталося толькі хацішча, дзе была хата ў Вішневе [на Валожыншчыне]. Ня думаю, што ён нават рызыкне паехаць у Беларусь".

"Беларускія шашлыкі" ў Ізраілі

(Карэспандэнт: ) "Павал, выхадцы з былога Савецкага Саюзу ў Ізраілі даволі значная палітычная сіла. А ці можна ўвогуле казаць пра выхадцаў зь Беларусі, як пра нейкую супольнасьць, ці яны, так бы мовіць, распушчаюцца ў гэтай агульнай групе?"

(Касьцюкевіч: ) "Беларусы ў Ізраіле "распушчаюцца" ўвесь год акрамя аднаго дня, якога ня мае ніякая іншая этнічная супольнасьць у Ізраілі. Беларусы канечне не такія згуртаваныя, як напрыклад выхадцы з Украіны ці з Польшчы, але яны раз на год зьбіраюцца ўлетку ў лесе. Прыяжджае тысяч пяць-дзесяць, яны п''юць гарэлку, смажаць шашлыкі, і гэтым абмяжоўваецца іх палітычная дзейнасьць. Зьбіраюцца паразмаўляць на сваім любым ідышу -- у Ізраілі на ідышу не размаўляюць -- ды пачуць байкі з прагістарычнай радзімы. Палітыкі падстройваюцца пад гэтую сустрэчу і прыяжджаюць туды вяшчаць на розныя тэмы".

(Карэспандэнт: ) "Калі ўжо гаварыць пра палітычную сілу, дык такой сілай у Ізраілі называлі расейскамоўных. А ці маеце Вы кантакты зь іншымі беларускамоўнымі ў Ізраілі?"

(Касьцюкевіч: ) "На жаль, амаль няма – два-тры чалавекі".

(Карэспандэнт: ) "Павал, што б Вы сказалі тым беларусам, якія хочуць наведаць Ізраіль, пабачыць сяброў дзяцінства, сваякоў, проста паглядзець краіну, ці ня страшна прыяжджаць?"

(Касьцюкевіч: ) "Я ўсіх сяброў запрашаю, канечне прыяжджайце, ласкава запрашаем. А наконт небясьпекі -- ніхто ж ня ведае свайго лёсу. Можна загінуць і ад такіх рэчаў, што ніколі ня думаеш. Будзем жыць колькі адмерана".

(Карэспандэнт: ) "Пра што варта папярэдзіць чалавека, які ўпершыню едзе ў Ізраіль?"

(Касьцюкевіч: ) "Не забывайце, што акрамя сьвятых мясьцінаў ёсьць яшчэ што паглядзець. Скажам, Тэль-Авіў, горад безь перапынку -- калі хочацца таго, чаго не атрымаеш у Ерусаліме. Ерусалім такі чапурысты, а Тэль-Авіў наадварот такі распасьвены, тут нядаўна напрыклад быў гей-парад. Як іншая плянэта, хоць паміж імі ўсяго кілямэтраў шэсьцьдзесят".

Апытаньне на вуліцах Наваполацку -- што першае Вам прыходзіць у галаву, калі Вы чуеце слова "Ізраіль"?



(Карэспандэнт: ) "Павал, Вы чулі гэтае апытаньне, якія думкі Вам прыйшлі ў галаву?"

(Касьцюкевіч: ) "Вы чулі колькі разоў там паўтаралася слова "мора"? Як беларусам не хапае мора! Я ўжо прапаную падвесьці мора да Беларусі, неяк там празь Літву".

(Карэспандэнт: ) "Наўрад ці такая ідэя спадабаецца літоўцам".

(Касьцюкевіч: ) "Ну, можа Менскае мора неяк пашырыць... Тут была расейскамоўная экскурсія ў мясьціны. дзе Ісус хадзіў па вадзе, там былі выхадцы з усіх 15 былых савецкіх рэспублік, зь іншых краінаў, усе расейскамоўныя. Я гляджу, а на заднім сядзеньні аўтобуса тры ці чатыры чалавекі ўжо сядзяць у адных плаўках, у купальніках. Я пачаў прыслуховацца -- знаёмыя "г", "ч". Карацей, беларусы распрануліся ўжо за дваццаць кілямэтраў ад возера, у аўтобусе, мора не хапае".

Як клімат уплывае на кнігі

(Карэспандэнт: ) "Сёлета выйшла ў Вашым перакладзе на беларускую мову кніга ізраільскага пісьменьніка Этгара Керэта "Кіроўца аўтобусу, які хацеў стаць Богам". Ці добра кніга прадаецца?"

(Касьцюкевіч: ) "Па рознаму. Гэта ўсё зьвязана з кліматам, як і ўсё ў Беларусі. Пачалося лета, і ніхто ні халеры не купляе. Усё паехалі на лецішчы, на поўдні. А потым ўсе вернуцца і будуць купляць. Пакуль што раскупілі трыста асобнікаў, а агульны наклад тысяча, стандартны для Беларусі".

(Карэспандэнт: ) "У Вас даўно ўжо гатовы пераклад з ангельскай кнігі Курта Вонэгута "Бойня нумар пяць". Якія пэрспэктывы выданьня?"

(Касьцюкевіч: ) "Усё будзе добра... але заўтра. Гэта мне кажуць ужо год. Выдадзім, спадзяемся. Тут амэрыканцы падкачалі -- усё ня хочуць прасоўваць сваю культуру ў Беларусі. Але выдадзім".

(Карэспандэнт: ) "А як Вы спрабавалі атрымаць дапамогу ад амэрыканцаў?"

(Касьцюкевіч: ) "Зьвяртаўся ў амбасаду, але пакуль ня хочуць падтрымліваць сваю культуру. Зноў такі лета, лета, лета, мёртвы сэзон у Беларусі".
XS
SM
MD
LG