Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Падчас візыту ў Ватыкан кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прапанаваў, каб папа рымскі Бэнэдыкт XVI сустрэўся з патрыярхам маскоўскім Кірылам у Беларусі. Як успрымаюць гэтую ініцыятыву ў Беларусі?

СЛУХАЦЬ:


Паводле Аляксандра Лукашэнкі, папа рымскі спадзяецца, што яго сустрэча з патрыярхам Кірылам можа адбыцца найбліжэйшым часам. Кіраўнік Беларусі заявіў, што “калі такая сустрэча адбудзецца, то хай яна адбудзецца ў Беларусі, ня толькі геаграфічным цэнтры Эўропы, але і там, дзе сыходзяцца асноўныя хрысьціянскія рэлігіі”.

Паводле прадстаўніка Маскоўскай патрыярхіі айца Ўладзімера Вігілянскага, патрыярх не выказваўся на гэтую тэму. Прадстаўнік Беларускага экзархату, архімандрыт Аляксій Шынкевіч заявіў, што пра такую сустрэчу можа гаварыць толькі сам маскоўскі патрыярх.

Аляксій Шынкевіч
“Ні прэзыдэнт рэспублікі і ніхто іншы ня мае права на гэтую тэму гаварыць больш канкрэтна. І па-другое. Патрыярх маскоўскі нябожчык Аляксій ІІ і сёньняшні патрыярх Кірыл шмат разоў гаварылі пра тое, што ёсьць канкрэтныя ўмовы, пры якіх можа адбыцца гэтая сустрэча. Найперш гэта рашэньне пытаньня аб уніі. І другое, палітыка празэлітызму на кананічнай тэрыторыі РПЦ. Пры вырашэньні гэтых пытаньняў, магчыма, можна разгледзець магчымасьць сустрэчы патрыярха і папы. А тое, што сёньня робіцца, — гэта проста палітыка”.

Але ж праблемаў паміж праваслаўнымі і каталікамі ў Беларусі няма. У Ватыкане адзначаюць унікальнасьць добрых, канструктыўных стасункаў. Чаму ж не сустрэцца на мірнай тэрыторыі папу з патрыярхам? На гэта айцец Аляксей сказаў:

“Тое, што прэзыдэнт бачыць, — зьнешняе, а мы ўнутры бачым іншае. Гэта яго заявы, не заявы царквы. Яны адрозьніваюцца ад царкоўных заяў. І ніхто ня ведае аб праблемах царквы, апроч самой царквы. А прэзыдэнт вырашае найперш палітычныя праблемы. Напэўна, свае праблемы”.

Ватыкан пакуль афіцыйна не адрэагаваў на словы Аляксандра Лукашэнкі адносна магчымасьці хуткай сустрэчы патрыярха і папы ў Беларусі. Ксёндз Віктар Місевіч лічыць такую ідэю нядрэннай:

“Любы дыялёг вядзе толькі да добрых вынікаў. І размова высокіх герархаў праваслаўнай і каталіцкай царквы вельмі патрэбная. На беларускай зямлі яна магла б адбыцца.
Проста так, для тэлекамэр, запрасіць папу рымскага, — калі знойдзеце час, прыяжджайце, — замала.
Але гэта зноў жа залежыць — як, перадусім, сама расейская праваслаўная царква да гэтага паставіцца. Ці захоча гэтага патрыярх Кірыл? Але мне здаецца, што спадзявацца на гэтую сустрэчу можна”.

Адносна візыту папы рымскага ў Беларусь ксёндз Віктар сказаў, што пра візыт шмат і даўно гаворыцца і папу запрашалі, але ён чамусьці не прыяжджаў.

“Мне здаецца, патрэбны нейкі афіцыйны дакумэнт, нейкае пацьверджаньне праз дыпляматычныя каналы. Бо проста так, для тэлекамэр, запрасіць папу рымскага, — калі знойдзеце час, прыяжджайце, — замала. Усе католікі Беларусі даўно чакаюць гэтага прыезду. І ён патрэбны для ўсёй краіны, для народа. Само грамадзтва стала б больш адкрытым. У Беларусі магло б быць большае пацяпленьне ў сэнсе свабоды і дэмакратычных рэформаў”.

Сяргей Маскевіч
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Маскевіч лічыць больш верагодным прыезд папы рымскага ў Беларусь, чым ягоную сустрэчу з патрыярхам.

“Упэўнены, калі гэта адбудзецца, — менавіта прыезд папы рымскага ў Беларусь, — гэта будзе вельмі сымбалічна”.

Ігар Карпенка
Дэпутат Ігар Карпенка станоўча ставіцца да сустрэчы папы з патрыярхам у Беларусі. Адносна візыту папы ён адзначыў:

“Колькі я памятаю, вялася размова пра магчымасьць наведваньня папам рымскім нашай краіны. У нас даволі моцная каталіцкая дыяспара. І для нашых католікаў было б немалаважна, каб пантыфік наведаў нашу краіну. Ну, а ці адбудзецца тут сустрэча з патрыярхам, — гэта ўжо другое пытаньне”.



На думку прадстаўніка Маскоўскага патрыярхату Антонія Ільіна, сустрэча патрыярха Кірыла і папы Бэнэдыкта XVI “не павінна вызначацца неадкладнай палітычнай каньюнктурай”.

У інтэрвію “Інтэрфаксу” з нагоды прапановы Аляксандра Лукашэнкі протаярэй Антоній Ільін зазначыў:

“Сустрэча не павінна быць нейкім шоў перад тэлекамэрамі, а павінна стаць плёнам вельмі сур’ёзнай, удумлівай дыскусіі пра наяўныя праблемы, каб сама сустрэча зрабілася не пускавым момантам для іх вырашэньня, а нейкім вынікам сур’ёзных кансультацыяў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG