Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Аляксандар Лукашэнка завершыў свой першы за апошнія 13 гадоў візыт на Захад. Цягам двух дзён у Рыме ён сустракаўся з папам рымскім Бэнэдыктам XVI, прэм’ерам Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі, міністрам замежных спраў Франка Фратыні, Вялікім магістрам Мальтыйскага Ордэну Мэт’ю Фэстынгам.

СЛУХАЦЬ:


Пасьля сустрэч у Рыме Аляксандар Лукашэнка выказаў спадзеў, што папа рымскі Бэнэдыкт XVI бліжэйшым часам сустрэнецца з маскоўскім патрыярхам Кірылам. “Калі такая сустрэча адбудзецца, то хай яна адбудзецца ў Беларусі, ня толькі геаграфічным цэнтры Эўропы, але і там, дзе сыходзяцца асноўныя хрысьціянскія рэлігіі”, — заявіў Лукашэнка.

Апрача таго, ён зазначыў, што прэм'ер Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі можа наведаць Беларусь зь візытам ужо гэтай восеньню, каб працягнуць размову, пачатую зь беларускім кіраўніком у Рыме.

Спадар Лукашэнка выказаў перакананьне, што ўзаемадзеяньне Беларусі з Захадам “будзе паглыбляцца на ўзаемавыгаднай аснове ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, інвэстыцыйнай сфэрах”. А міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў заявіў пра блізкасьць пазыцыяў Лукашэнкі і Бэрлюсконі што да пераадоленьня ўсясьветнага эканамічнага крызісу.

Сяргей Мартынаў
“Мы зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь была неад’емнай часткай Вялікай Эўропы, мы зацікаўленыя ў Эўропе, якая ня будзе дзяліцца на Захад і Ўсход, а будзе вялікім домам для ўсіх”, — адзначыў спадар Мартынаў.

Сустрэча А. Лукашэнкі з прэм’ерам Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі адбылася напярэдадні ў форме вячэры ва ўрадавым Палацы Кіджы ў Рыме. На вячэру быў запрошаны і кіраўнік МЗС Італіі Франка Фратыні. Як паведаміла з Рыму агенцтва РІА “Новости”, італьянскія дыпляматычныя крыніцы ясна далі зразумець, што сустрэча паміж Бэрлюсконі і Лукашэнкам “не была двухбаковай ініцыятывай”, а належала да “агульнага эўрапейскага кантэксту”. У дзень гэтай сустрэчы Франка Фратыні праз газэту “Corriere della Sera” заклікаў А. Лукашэнку выконваць правы чалавека і выказаў спадзеў, што ягоны візыт будзе спрыяць “агульным намаганьням дзеля збліжэньня Беларусі і Эўразьвязу, набліжэньня Менску да дэмакратычных стандартаў Эўропы”.

Перад самым адлётам зь Рыму спадар Лукашэнка заявіў, што яму не патрэбныя нічые парады звонку наконт рэфармаваньня эканамічнага і палітычнага жыцьця ў Беларусі.

Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка пэсымістычна ацэньвае спробы Эўропы наладзіць дыялёг зь беларускім кіраўніком:

Вінцук Вячорка
“Італьянцы ня першыя, хто спрабуе вучыць нечаму Лукашэнку. Гэта справа абсалютна безнадзейная. Да любой сытуацыі ён ставіцца гранічна цынічна і імкнецца выціснуць зь яе як мага больш практычнай карысьці для сябе, для сваёй уладнай пэрспэктывы. Не для Беларусі”.

Вінцук Вячорка прызнаў, што ў прапагандысцкім сэнсе А. Лукашэнка выйграў, а беларускай апазыцыі трэба спадзявацца не на эўрапейскія парады, а на свой народ:

“Нашая праца як канцэнтравалася, так і будзе канцэнтравацца ў самой краіне, а ні ў якім разе не будавацца ў разьліку на тое, што нейкі дзядзька збоку прынясе нам свабоду і дэмакратыю”.

Менскі палітоляг Юры Чавусаў ня лічыць першы за апошнія 13 гадоў візыт А. Лукашэнкі на Захад “нейкім прарывам ізаляцыі”. Для яго гэта працяг палітыкі наладжваньня дыялёгу паміж Эўразьвязам і Беларусьсю:

Юры Чавусаў
“Як ні балюча было б прадстаўнікам беларускай апазыцыі ўсьведамляць, што вось для Аляксандра Рыгоравіча зараз адкрытая дарога ў Рым і далей у Эўропу, — для Беларусі гістарычна гэта большая каштоўнасьць, чым ізаляцыя і працяг бескампраміснага змаганьня”.

Паводле Юрыя Чавусава, у працэсе дыялёгу афіцыйнага Менску і Захаду ўлады ідуць на пэўныя саступкі, якія не мяняюць сутнасьці рэжыму.

Посьпехі тут невялікія, але большыя, чым у ізаляцыйнай палітыкі:

“Наўрад ці беларускія кіраўнікі так хутка павераць у каштоўнасьць дэмакратыі і правоў чалавека. Але прынамсі зрабіць выгляд, што яны паверылі, для іх будзе нескладана, таму што гэта пагрозы для іх улады на дадзены момант не ўяўляе”.

Юры Чавусаў успрымае візыт А. Лукашэнкі ў Рым як спробу дыпляматычнага разьмену — Эўразьвяз прапанаваў беларускаму кіраўніку наведаць Італію ўзамен за тое, што ён не паедзе на праскі саміт 7 траўня асабіста.

Сам Лукашэнка ў Рыме заявіў, што бліжэйшым часам вызначыцца, хто будзе прадстаўляць Беларусь на саміце “Ўсходняга партнэрства” ў Празе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG