Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія харчы не адпавядаюць расейскім стандартам


Ад 27 красавіка фэдэральная служба вэтэрынарнага й фітасанітарнага нагляду Расеі абмежавала пастаўкі жывёлагадоўчай прадукцыі зь сямі прадпрыемстваў Беларусі. Паводле расейскіх вэтэрынараў, беларускія харчы не адпавядаюць стандартам якасьці, прынятым у Расейскай Фэдэрацыі.


Сярод прадпрыемстваў, якім забаронена пастаўляць прадукцыю ў Расею, значыцца й Мсьціслаўскі масла-сыраробны завод. Паводле расейцаў, абястлушчанае сухое малако з Мсьціслава ўтрымлівае антыбіётык — тэтрацыклін.

Прадстаўнік адміністрацыі заводу цьвердзіць, што канкрэтнай інфармацыі пра прэтэнзіі расейскіх вэтэрынараў пакуль няма.

“Па гэтым пытаньні ня кажуць нічога канкрэтна. Я езьдзіў у Маскву. Хацеў удакладніць у Маскве гэтае пытаньне. Мне сказалі: “Ты замежны грамадзянін, у вас ёсьць сваё Міністэрства сельскай гаспадаркі — і разьбірайцеся ў сваёй рэспубліцы”.

Канкрэтнай інфармацыі няма і ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі й харчаваньня Беларусі:

“Ну, я вам пакуль нічога адказаць не магу. То бок паўза нейкая будзе. Можа, да заўтрашняга дня альбо да сёньняшняга вечара. Пакуль жа я рыхтую інфармацыю пра сьвіны грып. Яна ідзе першачарговай”, — паведаміла прэсавы сакратар міністэрства Дар’я Казлоўская.

Паводле галоўнага дзяржаўнага вэтэрынарнага інспэктара Расейскай Фэдэрацыі Мікалая Ўласава, сутнасьць канфлікту — у розных падыходах да стандартаў якасьці прадукцыі.

Незалежны эканаміст Андрэй Юркоў цьвердзіць, што мяса-малочная прадукцыя насамрэч не адпавядае якасным патрабаваньням:

“На сёньняшні дзень хоць заводы й сэртыфікаваныя, аднак сыравінная зона, то бок фэрмы, калгасы, — ніхто гэтым амаль не займаецца. Адзінкі на ўсю Беларусь. Пачынаецца летні сэзон, запасы малочнай прадукцыі ў Расеі вялікія, таму няма ніякага сэнсу няякасную прадукцыю пускаць на свой рынак”.

Паводле эканаміста, антыбіётыкі ўводзяць жывёле, каб тая была больш устойлівая да інфэкцыяў.

Акрамя Мсьціслаўскага масласырзаводу, расейцы абмежавалі ўвоз прадукцыі зь Бярэзінскага сыраробнага заводу, Берасьцейскага мясакамбінату, Слуцкага сыраробнага камбінату, Калінкавіцкага й Сьветлагорскага малочных заводаў, а таксама з акцыянэрнага таварыства “Клецкая крыначка”.

Расейцы ня першы раз забараняюць увозіць прадукцыю зь беларускіх прадпрыемстваў мяса-малочнай галіны. Летась, у лістападзе, такія санкцыі ўвялі да дваццаці заводаў. Сярод іх быў і Мсьціслаўскі. Тады прычынай для забароны сталася тое, што беларускі бок не правёў аўдыту трыццаці пяці прадпрыемстваў, якія інспэктаваліся расейскімі спэцыялістамі ў жніўні. Акрамя таго, расейскія санітары мелі прэтэнзіі да сыстэмы кантролю харчовай прадукцыі ў Беларусі.

Што да мсьціслаўскага заводу, то чарговае абмежаваньне сур’ёзна адаб’ецца на эканамічным стане прадпрыемства, бо дзевяноста працэнтаў ягонай прадукцыі экспартуецца ў Расею.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG